Гэта бой наш астатні
За працоўны народ,
Каб у лучнасьці братняй
Узьняўся людзкі род.
Паўстань, пракляцьцем катаваны!
Паўстань, хто з голаду век пух!
Бурліць наш розум ўзбунтаваны,
Няволі кліча рваць ланцуг!
Стары парадак мы зруйнуем
Магутным выбухам сваім
І сьвет на новы лад збудуем:
Хто быў нічым — той будзе ўсім!
Ніхто ня дасьць самохаць волі —
Ні бог, ні цар ні багатыр,
Даб‘емся самі лепшай долі…
Дабро для ўсіх — наш правадыр!
Каб ня згібаці плеч пакорных,
Каб волі дух лунаў у нас, —
Адважна плаўма сталь у горнах,
Пакуль у кузьні жар ня згас!
Уласьць гняце, закон хітруе,
Кроў з бедных ссуць падаткі, чынш,
Нішто багатых ня турбуе,
Правы гаротных — сьмех адзін!
Даволі жыць чужою ласкай,
Закон аб роўнасьці давёў: —
„Няма правоў без абавязкаў
І абавязкаў без правоў!“
Нікчэмны ў торжышчы ўсеўладным,
Капальняў, фабрыкаў паны,
Чужую працу толькі складны
Па-зьверску рабаваць яны.
У скрыні-склады сытай банды
Дабро працоўнае пайшло,
Хай-жа бядак даб‘ецца праўды:
Каб што здабыў — яго было!
Цары паілі нас маною.
Дык нам спакой, а ім вайна.
Супроць вайны пайдзём вайною:
Душа ў салдаты ні адна.
Калі-ж уладзяць з намі гулі —
Пагоняць нас на бой за іх, —
То будуць знаць, што нашы кулі,
Пачнуць страляць па іх самых.
Мы ўсе работнікі, сяляне —
Сусьветны рой працаўнікоў —
Мець будзем на зямлі ўладаньне —
А дармаеды прэч! Далоў!
Жывіцца целам нашым годзе,
Усім трутнём і груганом!
Для нас паўстаўшых сонца ўсходзе,
Сьвяціць нам будзе век вяком!
Гэта бой наш астатні
За працоўны народ.
Каб у лучнасьці братняй,
Узьняўся людзкі род!
1921 г.
|