Перайсці да зместу

Збор твораў (Купала, 1925—1932)/VI/II/Дзіцячае

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Ад менскіх дзяцей на прывітаньне IV Усебеларускага зьезду Саветаў Дзіцячае
Верш
Аўтар: Янка Купала
1932 год
Міжнародны гімн
Іншыя публікацыі гэтага твора: Дзіцячае (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ДЗІЦЯЧАЕ

1

ЛЯВОНІХА

Ой, лявоніха, гулянка, гульня!
Галасістая бяседа твая.
А мы, дзеткі, усе здольненькія
Пяём песенькі вясёленькія.

Як маленькай я ў матулькі жыла,
Як вішанька, у садочку цьвіла,
Цьвіла, цьвіла ды пацьвітывала
Лемантарык свой пачытывала.

Як прышла я ў дзіцячы садок,
Пайшла з дзеткамі ў танок, у танок.
Я гуляю тут пагуліваю
За работкай недакучліваю.

Як вішанька у садочку цьвіту
І навукі ўсе лаўлю на ляту, —
Я рысую і пачытываю,
Раблю цацкі і папісываю.

ЮРАЧКА

1

Ой ты, Юрачка,
Што ня вучышся?
Так да невукаў
Ты далучышся.

А як вырасьцеш
Ты няўмекаю,
Усе высьмеюць
Недарэкаю.

А ў нашага Юрачкі
Зьелі сала шчурачкі,
Як пабег ён у лясок,
Каб схавацца ад кніжок,

А ў нашага Юрачкі
У капоце дзюрачкі,
Нарабіў ён іх сабе,
Як стаў лазіць па вярбе.

2

Ой ты, Юрачка,
Што лянуешся,
Хаткі нашае
Ня пільнуешся?

Толькі бегаеш,
Забаўляешся,
Гэтак з кпінамі
Напаткаешся.

*

А ў нашага Юрачкі
Пагублены гузічкі, —
Ёг тады іх пагубляў,
Як з садочку уцякаў.

А з нашага Юрачкі
Сталі кпіць і курачкі,
Што ня мыўся цэлы дзень
І бубніць, як авадзень.

3

Ой ты, Юрачка,
Кінь ляніціся,
Ды надумайся
Ты вучыціся.

Будзем цешыцца,
Што ты вучышся,
І да невукаў
Не далучышся.

*

А нашаму Юрачку
Кот зрабіў пячурачкў, —
Юрка месца там заняў
І з катком — курняў! Курняў!

А нашаму Юрачку
Тнуў камар у скурачку,
А Юрачка — ай-ай-ай!
Камарочак, ня кусай!