Перайсці да зместу

Збор твораў (Купала, 1925—1932)/VI/II/Піонэрскае

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Арлянятам Піонэрскае
Верш
Аўтар: Янка Купала
1932 год
Сей, вольны сейбіт…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Піянэрскае (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПІОНЭРСКАЕ

1

БУДЗЬ ГАТОЎ!..

Будзь гатоў ты, ваяка малы,
Ці-то рана, ці позна!
Лётна так, як арлы-сакалы.
Не чакаючы слоў
Ад прынукі пагрознай,
Будзь гатоў!

Колькі сіл — сьцяг дзяржы ў кулачку!
Бо як здарыцца справа, —
Не драмаць, верна быць на чыку!
На ўбарону бацькоў
Піонэрскаю славай
Будзь гатоў!

Не драмі, рэволюцыі сын,
У зьвяне, у атрадзе!
Ў бубен бі, песьні пей, кліч на чын!
А сястрыц і браткоў
Ня даць крыўдзе і здрадзе
Будзь гатоў!

Не здарма, мой малы піонэр,
Ты — чырвоная зьмена;
Думкі, сілу гартуй на манер
Сваіх старшых — бацькоў;
Стаць за волю нязьменна
Будзь гатоў!

Беларусь спадзяецца з цябе
Мець свайго абаронцу,
Будзь-жа ім, і ў жыцьця барацьбе
Ўжо даросшы гадкоў
Яе весьці да сонца —
Будзь гатоў!

1926 г.

2

ЗАЎСЁДЫ ГАТОЎ!..

Піонэр я малады, хоць куды!
Ня смучуся, сьмяюся, вясёлы;
Я ня знаю ні бяды, ні нуды,
Бухну ў бубен — і пайшоў, і пайшоў…
Пераскочыць і горы, і долы
Заўсёды гатоў!

За свабоду я пайду хоць у вір,
Бо я вольны, як вецер, як птушка, —
Дзядзька Ленін мне адно — правадыр.
За працоўны народ проць акоў
Выйсьці з песьняй сваёй весялушкай
Заўсёды гатоў!

Не баяліся браць барыкад,
Як няволі ішлі крышыць сьцены…
Я таксама разбураць стары лад,
Дзе застаўся ад мінулых вякоў,
Састарэўшым ваякам на зьмену
Заўсёды гатоў!

Хоць бабулі мне бурчаць, не маўчаць,
Што з багамі ніяк ня міруся…
Чым папала, я гаціць буду гаць,
Я ня толькі ваяваць проць багоў, —
Нават чорта ганяць з Беларусі
Заўсёды гатоў!

Падрасьці-б мне, як мага найбардзей, —
Паказаў-бы сваю моц і сілу!
Сьцеражыся ўжо тады, ліхадзей!
Бараніць ў кожны час без адмоў,
Як быў, буду красу волі мілай
Заўсёды гатоў!

Вось які я, піянэр, хоць куды!
Ня смучуся, сьмяюся, вясёлы;
Я ня знаю ні бяды, ні нуды,
Бухну ў бубен — і пайшоў, і пайшоў…
Пераскочыць і горы, і долы
Заўсёды гатоў!

1926 г.