Перайсці да зместу

Збор твораў (Купала, 1925—1932)/VI/I/Таей даўгажданай

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Да N Таей даўгажданай
Верш
Аўтар: Янка Купала
1932 год
На адвітаньне
Іншыя публікацыі гэтага твора: Таей даўгажданай.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ТАЕЙ ДАЎГАЖДАНАЙ.

Чакаў яе, чакаў з трывогай,
Лічыў хвіліны неспакойна,
Чакаў… І ня прышла нябога.
Не захацела быць так гойнай.

Што-ж, ня прышлося маім думам
Быць явай радаснай, жаданай;
Сам застануся з сваім сумам
Лячыць нязьлечаныя раны.

Пачну адвечную бяседу:
Паклічу верных сваіх другаў —
Яны, як добраму суседу,
Акажуць шчыру мне паслугу

Мой першы друг — бязьмежна гора;
Ня скупіць мне сваёй апекі, —
Душа яго, як тое мора,
Што ўсё ў сябе ўбірае рэкі.

Мая сама вярнейша дружка,
Мяне ня здрадзіўша ніколі,
Нядоля — беспадобна служка,
Мая пацеха дома ў полі.

Яшчэ, яшчэ ня мала маю
Такіх дружкоў, бы ўвесну цьвету,
Іх тутка я не вылічаю, —
Нашто дарма хваліцца сьвету!

Вось як яны усе зыйдуцца
Ў маю сьвятліцу — маё сэрца, —
Імглою вочы прыбяруцца.
Душа на жальбу абапрэцца.

І блісьне першая сьлязіна,
За ёй апошняя заблісьне, —
Абедзьве па табе, дзяўчына,
Што я чакаў так бескарысьне!..

20-I—1915 г.