Перайсці да зместу

Збор твораў (Купала, 1925—1932)/VI/I/Даўней і цяпер

З пляцоўкі Вікікрыніцы
З песень бедака Даўней і цяпер
Верш
Аўтар: Янка Купала
1932 год
Покуль сонца ўзыйдзе…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Даўней і цяпер.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ДАЎНЕЙ І ЦЯПЕР

Даўней мы пану
Рабілі дзела,
Дый вось казны „уласьць“
К нам падасьпела.
І з клюшняў панскіх
Збавіла нібы,
Дала на ўласнасьць
Поле, сялібы.

*

Даўней мы знаці
Мусілі пана,
Каб карыстацца
З нівы ўспаханай.
Цяпер жа ў двор сіл
Цягнеш астаткі,
Каб зарабіці
На ўсе падаткі.

*

Даўней у пана
У тагдышнім пекле
За правіненьне
Розгамі секлі.
Цяпер жа земскі
Дый з казакамі
Чыніць расправу
Што дзень над намі.

*

Даўней над „мамкай“
Двор быў з нагаем,
Цяпер казну мы
„Матушку“ маем.
Ох, маем шчасьце
На самым дзеле,
Век без апекі
Жыць не пасьмелі!

*

Пейма-ж, гуляйма,
Гулка, ня сьлёзна!
Скрышаны путы
Паншчыны грознай.
І ўсё мінецца,
Народ, крапіся,
Крыўды галосяць:
Паўстань і мсьціся!

1907 г.