Перайсці да зместу

Збор твораў (Купала, 1925—1932)/V/VI/Дрэмле Юрка

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Няма грошы Дрэмле Юрка
Верш
Аўтар: Янка Купала
1928 год
„Ня ўсе дома“
Іншыя публікацыі гэтага твора: Дрэмле Юрка.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ДРЭМЛЕ ЮРКА

Есьць старонкі, дзе ў народзе
Беды ня гуляюць:
Хлеба годзе, сьвятла годзе,
З волі карыстаюць.
А у нас-жа, што за дзіва?
Бяздольнасьць такая!..
Дрэмле Юрка ў заканурку
І долі чакае!

*

Пахілілася хаціна,
У хлявочку пуста;
Толькі латы — кажурына,
Хлеба хоць-бы луста.
Кепска жыці, што-ж такое,
Хто аб гэтым дбае?..
Дрэмле Юрка ў заканурку
І долі чакае!

*

Чутны воклік пахаронны,
Крыж стаўляюць новы;
Дзень і ноч у кузьнях горнах
Ладзяць, клеплюць ковы;
Беспрасьветна, бяспуцінна,
Як магіла тая!..
Дрэмле Юрка ў заканурку
І долі чакае!

*

Дабрадзеяў, як на тое,
Хоць прудзі ты рэкі!
Слаўна, Юрка! Што-ж такое?
Мае шмат апекі.
Хоць яму апека гэта
Косткаю у горле…
Дрэмле Юрка ў заканурку
І чакае долі.