Перайсці да зместу

Збор твораў (Купала, 1925—1932)/V/VI/«Ня ўсе дома»

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Дрэмле Юрка „Ня ўсе дома“
Верш
Аўтар: Янка Купала
1928 год
Душачка, шынкарка…
Іншыя публікацыі гэтага твора: «Ня ўсе дома».

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




„НЯ ЎСЕ ДОМА“

Мы ад дзеда аж да ўнука,
Як дзе бачым што ня так,
З зечнай тычымся навукай, —
І гаворым, хоць няўзнак, —
Ці сваёму ці чужому:
„Ня ўсе дома, ня ўсе дома!“

*

Знаў хлапца, Арцёмам зваўся,
Меў тады семнаццаць год:
Бедзен, нерахман здаваўся,
Кемкі-ж быў, каб яго звод!
А плялі ўсе на Арцёма:
„Ня ўсе дома, ня ўсе дома!“

*

Ад стыдлівасьці ён нейкай
Да карчмы ня знаў дзе сьдед;
За апошнюю капейку
Купіць кніжак ці газэт.
Тут валяць на Арцёма:
„Ня ўсе дома, ня ўсе дома!“

*

Вось сабе дзяўчыну мае, —
Стаў вяселейка спраўляць;
Беднавата „маладая“,
Гаспадыня-ж — пашукаць!
Тут ізноў ўсе на Арцёма:
„Ня ўсе дома, ня ўсе дома!“

*

Стаў жыць з жонкай удваёчку
Працавіта небарак —
На сям‘ю сваю дзень, ночку,
Як мурашка, проста так…
А ўсе валяць на Арцёма:
„Ня ўсе дома, ня ўсе дома!“

*

Вось і ў школу ходзяць дзеці, —
Кожны чыст, абмыт, абшыт,
Сам ня хвор і лапці ўзьдзеці
І заціркаю быць сыт.
І тут валяць на Арцёма:
„Ня ўсе дома, ня ўсе дома!“

*

Сходзяць годы за гадамі,
І Арцёма хоць на „ўра!“
Ён з сынамі, як з дубамі,
Статак, коні, моц дабра!
Аж сягоньня на Арцёма
Штось ня кажуць: „ня ўсе дома!“