Перайсці да зместу

Збор твораў (Купала, 1925—1932)/V/VI/Няма грошы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Тутэйшы Няма грошы
Верш
Аўтар: Янка Купала
1928 год
Дрэмле Юрка
Іншыя публікацыі гэтага твора: Няма грошы.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НЯМА ГРОШЫ

Кожны гэта пэўна скеміў,
Што ня ўсё ў нас так, як трэба,
А ня лжэ і біты ў цемя,
Што і сходзіць ня ўсё з неба.
Есьць на ўсё прыпеў харошы:
„Трэба грошы — няма грошы!“

*

Шур у Сьцёпкі штось вузіцца…
Дзеці… Крута з хлебам, з сольлю;
Б‘ецца, рвецца, не ляніцца;
Эх! каб так, ды ніўкі болей!
А адсюль прыпеў харошы:
„Трэба грошы — няма грошы!“

*

Дзеці вырасьлі ў Сьцяпана;
Чуў, ёсьць школы, ёсьць навука.
Добра ўзяць прымер ад пана…
Ці-ж то ўчыцца вельмі штука?
А тут зноў прыпеў харошы:
„Трэба грошы — няма грошы!“

*

Жэніць сына, хрысьце ўнука, —
Пойдзе з просьбай к пану, к „чыну“…
Посьле працы, посьле мукаў
Адпачыў-бы сам часіну…
А зусюль прыпеў харошы:
„Трэба грошы — няма грошы!“

*

Жонка штось ня выйдзе з хаткі:
Зьлегла, крэкча і… ўмірае;
Цісьне стараста падаткі;
Фэльчар, поп, — бяда такая!
Аж тут на, прыпеў харошы:
„Трэба грошы — і ёсьць грошы!“