Перайсці да зместу

Збор твораў (Купала, 1925—1932)/V/VI/Дзе ні кінь — дык клін!

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Лякарства Дзе ні кінь — дык клін!
Верш
Аўтар: Янка Купала
1928 год
Буралом
Іншыя публікацыі гэтага твора: Дзе ні кінь — дык клін!

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ДЗЕ НІ КІНЬ — ДЫК КЛІН!

— Ну, а як табе на службе:
Ці работы многа? —
Так сусед пытаў, між іншым,
Янку Канцавога.

— Ах, ня дай бог за чужою
Поўзаць гаспадаркай!
Дзень і ноч, як лунь таўкуся,
Як у пекле Марка!

А сусед яму навучна
Ды пабожна клепе:
— Хоць тут трудна жыць — затое
Будзе ў небе лепей.

— Знаю, знаю! — так суседу
Адчыкрыжыў Янка:
Бокам вылезе мне ў небе
Гэта абяцанка!

Як паткнуся, — ўраз пагоняць
Да ўсякай работы:
То сядлай каня для Юр‘і,
То чысьць яму боты.

Або ўпоўнач ўстань і сонца
Запалі да золка,
Вытры з пылу усе зоры,
Месяц выбель лоўка.

Завядзі машыну з ветрам,
Папраў з дожджам сіта,
Натаўчы у ступе граду,
Ды яшчэ ня квіта:

— Папіхай хутчэй, гад, хмары!
А пярун дзе кінуў?
Набівай, страляй! Маланкай
Сьцёбай, каб ты згінуў!

Янка тутка, Янка тамка,
Хоць ты ў пекла прыся!
Ад прыдзірак ад сьвятых ўсіх
Колькі нацярпішся!..

1914 г.