Перайсці да зместу

Збор твораў (Купала, 1925—1932)/IV/На папасе

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Адвечная песьня На папасе
Драматычная паэма
Аўтар: Янка Купала
1928 год
Песьня аб паходзе Ігара
Іншыя публікацыі гэтага твора: На папасе.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НА ПАПАСЕ

АБРАЗОК З 1906 ГОДУ

ПРАЯВЫ:

1-шы ПАДАРОЖНЫ

2-гі ПАДАРОЖНЫ

3-ці ПАДАРОЖНЫ

НЕЗНАЁМЫ

1-шы ЯЗДАК

2-гі ЯЗДАК

3-ці ЯЗДАК


НА ПАПАСЕ

Вясеньняя ноч. Непадалёк ад гасьцінца — хвойнік. Тры падарожныя зьбіраюць гальлё

1-шы ПАДАРОЖНЫ

прыносячы галіну

І пуста-ж, пуста ў гэтым лесе!
Нідзе галінкі не найсьці;
Вось тут абсохні і сагрэйся,
Найдзі дарогу ў бяспуцьці.

А помню, ўсё было іначай:
Папас тут меў ты, як папас;
Нічога воз гальля ня значыў,
Агонь ня зводзіўся, ня гас.

2-гі ПАДАРОЖНЫ

кідаючы сук

Цьфу! Каб ты ўсё пайшло тут прахам!
Ну, і галоцяць людзі лес:
Па сук і то з вялікім страхам
На хвойку чуць я, чуць узьлез.

Яшчэ паўгода, год, і будзе
Бяз бліску вогнішча начлег,
Ня раз, ня два хтось блудам зблудзе
Усякай погані на сьмех.

2-ці ПАДАРОЖНЫ

кідаючы лазіну

Вось вам дубец лазы лазою!
З карэньня выдзер як ё ўсю;
Змарыўся, змогся, чуць устою,
Каб толькі, выкрасіць агню.

Хай блісьне полымя пад неба, —
Пара манаткі абсушыць…
Я падыду па торбу з хлебам,
А вы вазьмецесь распаліць…

1-шы ПАДАРОЖНЫ

Я рад-бы славы даказаці,
Ды сваю губку замачыў.

2-гі ПАДАРОЖНЫ

А я свой недзе цыр затраціў, —
Даўно і люлькі ня курыў.

3-ці ПАДАРОЖНЫ

Ну, добра! Зараз я вярнуся, —
Запаланее мігам лом:
Сярнічак мне дала Кастуся,
Ў мяне яны тут з капшуком.

Выходзіць

1-шы ПАДАРОЖНЫ

к другому

Садзіся, ваша, адпачынем!
Напэўна, спорна умахаў?
Дарожка — хай яна загіне:
Карэньня столькі і канаў!

Дух чалавеку ўпрост вымае,
Ня чуеш костачкі аднэй…
Садзіся, ваша, вось дзе з краю,
Ног зацяганых пажалей.

2-гі ПАДАРОЖНЫ

О, дзякуй, дзякуй, чалавеча!
Я рад спачыну; балазе,
К таму сказаць, і акалечыў
Свой большы палец па назе.

Садзіцца.

Як неяк холадна на сьвеце,
Хоць май даўно ўжо на дварэ.
Але, але дзе наш той трэці?
Няўжо ўсё хлеб яшчэ бярэ?..

3-ці ПАДАРОЖНЫ

падыходзячы

А вось і я прышоў нарэшце!
Крыху задлякаўся з канём.
Агоньчык толечы разьвесьці, —
А там закусім, аддыхнём.

Дастае запалкі.

Запалім… А! вось і навука!
Што гэта значыла-б такі?
Другую маем закаклюку:
Мае замоклі сярнікі.

Ня дам нічога з імі рады;
Ўпацёмку трэба папасаць.
Вось не пашэнціла, дапраўды!
Ці-ж думаў хто так прападаць?!

1-шы ПАДАРОЖНЫ

Э, плюнь, суседзе, на ўсё гэта, —
Каб нам такой бяды па-век!
Сьцюдзёна, цёмна, ды ўсё-ж лета —
Ня счэз ніводзін чалавек.

А можа хто яшчэ над‘едзе
І зьніме гэты клопат з нас?
Дый пяршыня ці што, суседзе,
Ў дарозе мець такі папас…

3-ці ПАДАРОЖНЫ

Мо‘ помніш леташнюю восень;
Ўвесь сьвет быў глух, і дзік, і пуст;
Шум ня сьціхае гонкіх сосен:
Здаецца, плача кожны куст.

Здаецца, пеклава вясельле
Ўзьнялося, круціцца, сапе;
Ні бліску зорак, ні прысельля,
Конь толькі пудзіцца, храпе.

Цурком дождж льлецца, як-бы з лубаў,
Скаголіць вецер, як той зьвер,
А мы пад хвойкамі, аж люба,
Начлег спраўляем, як цяпер.

3-ці ПАДАРОЖНЫ

прыслухоўваючыся

Пастой, суседзе! нешта чую:
Як быццам фыркнуў мой гняды…
Кром нас, ніхто тут не начуе, —
Каб не набраціся бяды?!

1-шы ПАДАРОЖНЫ

Сядзеце вы, а я падскочу
І кіну вокам на вазы:
Мо‘ сена хто наскубсьці хоча, —
Вось шэльме дам дык дам лазы.

Адыходзячы, чапляецца лапцем за сук і валіцца.

А каб цябе паляруш мучыў!
Чуць-чуць ня вывернуў нагу…
На сук на самы неяк лучыў.
Ну, ўжо гатова, ўжо бягу.

Па нейкім часе варочаецца з Незнаёмым.

Вось вам і злодзея на рукі
На вашы гэттака здаю…
Ня многа меў я з ім дакукі,
Пачуў ён сілу, зваць, маю.

У спрэчку доўгую ня ўходзіў:
Пайшоў, куды сказаў яму.

НЕЗНАЁМЫ

Пакінь плясьці! Я вам ня злодзей,
І лаяць так няма чаму.

Я гэткі самы падарожны,
Як вось і вы, мае людцы;
Закінуць тое толькі можна:
Я без каня, а з коньмі вы.

Але, як вы, шукаў начлегу, —
Яго між вамі думаў мець,
Дый ня туды, як бачу, ўехаў.
За блуд прыходзіцца жалець.

2-гі ПАДАРОЖНЫ

А як васпана нам пазнаці,
Што, як сюды ішоў, ня меў
Нічога злога даканаці,
Што нават думаць не пасьмеў?..

3-ці ПАДАРОЖНЫ

А праўду, праўду сват гавора,
Мы тое скажам усе тры:
Куды ідзеш? Дзе быў учора?
Што ты за штука?

УСЕ ТРЫ

Гавары!

НЕЗНАЁМЫ

На рукі гляньце з мазалямі,
Грудзём прыгледзьцеся худым,
І кій і торба за плячамі
Найлепей скажуць аб усім.

З гразёй ня будзеце мяшаці,
Далей адпусьціце ісьці…
І вас чакаюць дзеткі ў хаце,
І вы бяспутнікі ў жыцьці!

Вось лепш асьвецім гэту кнею —
Сьвятлу з нас пэўне ўсякі рад…
Я гаварыці казкі ўмею,
І песень такжа ўмею шмат.

1-шы ПАДАРОЖНЫ

Як бачым, ты глядзіш іначай.

2-гі ПАДАРОЖНЫ

Відаць, ня злодзеевы род.

3-ці ПАДАРОЖНЫ

А хто-б падумаў? Так прастачы
І твой убор і твой паглёд!

1-шы ПАДАРОЖНЫ

І казкі ўмее і за песьняй,
Відаць, ня пойдзе ў кішаню.

2-гі ПАДАРОЖНЫ

Адно бяда, — што, хоць ты трэсьні,
Ня можам выкрасіць агню!

НЕЗНАЁМЫ

Усё, усё мець зараз будзем:
Заўсёды ё ў мяне сьвятло,
І з ім мы тут не замарудзім
Лясным падсуседзям на зло.

Запальваючы лом.

Гары, гары, ламок, агніста!
Вы, браткі, сядзьце у кружок,
І да зары да залацістай
Нас будзе слухаць сасьнячок.

Адкуль — ці песьняю, ці казкай —
Пачаць вам думкі весяліць?

3-ці ПАДАРОЖНЫ

А ўжо, калі там ваша ласка,
То й песьню можна закаціць.

1-шы ПАДАРОЖНЫ

А посьле скажаш, дабрадзею,
Хто ты, адкуль, куды ідзеш?
Цаніць людзей і мы умеем,
Хоць маем гэткіх што раз менш.

НЕЗНАЁМЫ

Ну вось і слаўна! Што больш трэба? —
Агонь, суседзяў грамада;
Навокал лес, над лесам неба,
А там — і зорак чарада.

Люблю я гэткія прыцуды!
Тут чалавек — як чалавек;
За думкай думка мкнецца ўсюды,
Сон не чапляецца павек.

Пяе.

Жыў на сьвеце Лявон,
Молад, дужы быў ён,
Толькі з воляй і доляй ня бачыўся:
Сонны сэрцам, душой,
Драмаў ў хаце крывой,
А выходзіў — сьлязамі сьлед значыўся.

А вось чуе Лявон
З усіх клікі старон,
Што ён дурань, жыве пабыдлячаму,
Ды сам тут зразумеў,
Што дум сьветлых ня меў,
Што падобен быў дрэву хадзячаму.

Зварухнуўся Лявон,
Як вада, як агонь,
Пазнаў сілу ў сабе нябывалую;
Ўжо бяда — не бяда,
Ўжо нуда — ня нуда,
Запеў песьні свае разудалыя.

Зямля стогне, дрыжыць,
Як пяе, як крычыць,
Як прасьвету сабе дамагаецца;
Аж ад песень такіх
Страх напаў на другіх,
І вось чорная моц падымаецца.

І пайшло ўсё ўверх дном.
Сьвісты, енкі кругом,
Груганы на здабычу зьлятаюцца:
Шчасьце даць бедаку
Ня ўсім шло на руку, —
Ня ў руку, што Лявон прачыхаецца.

Дарма сілен Лявон
І адважны так ён, —
На падмогу дарма ён надзеецца:
Галаву у баю
Даў за праўду сваю, —
Толькі памятка — насып віднеецца.

Ляжыць, дрэмле Лявон,
На грудзёх вырас клён;
Калі-ж вецер на сьвеце расходзіцца,
Шуміць шумна той клён:
Яшчэ ўстане Лявон —
Гэй, Лявоны у нас не пазводзяцца!

Перастаўшы пяяць.

Вось і канец вам песьні-байцы,
Ці ў ёй панятна толькі ўсё?..
Калі ня так што — выбачайце,
Даконча ваша вам жыцьцё.

1-шы ПАДАРОЖНЫ

О, песьню важную такую
Ня пойме толькі гліны ком…
Цяпер няхай-жа мы пачуем
Што трохі аб жыцьці тваём.

2-гі ПАДАРОЖНЫ

А я крыху гальля падбаўлю.

3-ці ПАДАРОЖНЫ

да другога

Я памагу табе крыху.

1-шы ПАДАРОЖНЫ

Аброці коням я папраўлю,

Адыходзяць усе тры.

НЕЗНАЁМЫ

ўсьлед падарожным

Я адпачыну на маху.

Адзін.

О, люд мой, лапатны, патульны.
За што цябе я так люблю?
За што твой гоман неразгульны
І думкі ўсе твае лаўлю?

Ты лёг мне каменем на сэрцы,
Які ня ў сілах зваліць я…
Што тут пачаці ў паняверцы?
Жыві ў жыцьці і бяз жыцьця.

Ідзеш-брыдзеш, а на дарозе —
То косьць, то камень, то бадыль;
У брата станеш на парозе,
А ён табе… О, божа, крый!..

Нясі ў мяцеліцы, ў разводзьдзі,
Свайго цярпеньня нясі крыж.
Калі-ж праглянеш ты, народзе, —
Арліным лётам узьляціш?

Пасьцель пуховую пасьцелеш
Сваім замучаным дзяцям,
Нясьмелых песьняю асьмеліш,
Якой сягоньня бедзен сам?..

Як страшна збуджаным хадзіці
Між наспаў, зломаных крыжоў!
У мокры пень агонь красіці,
Склікаць аплучаных дружкоў…

Так цяжка, цяжка, дзе ні глянеш, —
Касою крыўды хоць касі!
Калі-ж, народзе, ты устанеш.
І сонцу голас падасі?

ПАДАРОЖНЫЯ

падыходзячы

А вось і мы! Цяпер зноў сядзем…

НЕЗНАЁМЫ

Цяпер зноў сядзем… ну, і што-ж?
Ага! гістор‘ю нашу зладзім, —
Адточым востра ўсё, як нож;

А можа трапім ёю ў грудзі,
У грудзі з дзерава людзей…

ПАДАРОЖНЫЯ

Што ты? Ці-ж мы такія людзі?
Жартуеш хіба, дабрадзей!

НЕЗНАЁМЫ

О не, крый божа! Ось зьняўцёку
Зьляцела слоўца з языка…
Так штосьці ў сэрцы мне нялёгка,
Ну, і паднесла бедака…

Хто я і скуль — для вас цікава;
О, не вялікі гэта цуд:
Радзіўся, рос, ляцеў за славай,
Ляцеў, ажно спынуўся тут.

Убачыў дзень я ў сельскай хаце;
Бацькі у беднасьці жылі:
Канёк, кароўка — ўсё багацьце,
Ды гоняў двойчы — ўсёй зямлі.

Чытаць, пісаць крыху наўчылі,
Але ня выўчылі зусім;
Сам з часам кніжны лад асіліў —
І толк у ім даваў другім.

І мёд салодкі і атруту
Суліць страніца стала мне;
Я думкі ёю ўсе апутаў:
Ня знаў — на яве я ці ў сьне.

Цямноты ўсю паняў няздарнасьць,
Я сілу знаньня ўсю паняў;
Свайго жыцьця я бачыў марнасьць,
Аж на сябе я рукі ўзьняў.

Але ня суджана было мне
Душой бяз часу загавець,
І сам ня знаю ўжо сягоньня
Жалець таго ці не жалець.

Ішлі гадочкі за гадамі.
Я ў сілу рос і ў розум рос,
Дый не расьце пацеха з намі,
Як там ні жалімся на лёс.

Што раз зваднейшыя ўсё леты,
Што раз цяжэй на грош і хлеб.
Пайсьці у сьвет — бацькі мне сьветам,
А хата мне — астрожны склеп.

Сьмяецца неба непагодай,
Шыбець скаціну нейкі звод,
Зямліца дзеліцца няўродай,
За годам выплаканы год.

Аж бацьку гора з ног зваліла, —
Пайшоў на той сьвет без пары;
У год капай зноў тры магілы:
Зьлёг брат і дзьве зьляглі сястры.

Пайшло няшчасьце за няшчасьцем;
Я кут пакінуць мусіў свой…
Дзе ступіш — сьмешкі ды напасьці,
Хоць налажы ты галавой.

Пазнаў куткоў чужых сьцюдзёнасьць.
Нагайку службы я пазнаў,
У сьлед мая шла бяспрытоннасьць,
З ёй вецер песьні напяваў.

А думкі рваліся да сонца,
Туды — да ціхіх добрых зор,
Да волі, шчаснасьці бясконца
З пустынных ніў, з гаротных гор.

Ліў нейкі мне таемны голас
Праявы дзіўныя ў душу;
Іх чуў, як чуе сонца колас,
І думаў — зло сваё скрышу.
...........
Іду… Куды ісьці сягоньня?
Аднэй няма, а шмат дарог…
Адлогам родныя сьпяць гоні,
Іржа на вышках есьць нарог.

На траме ўверчана анучай
Ляжыць няклёплена каса;
На сьцежках мох расьце калючы,
На ім — чырвоная раса.

Руцэ народнай набіваюць
Плугі чужыя мазалі,
Чужыя коні папасаюць
На абязволенай зямлі.

Йдуць песьні, казкі ў дамавіну,
Якія дзед сьпяваў, складаў;
Свае жалейкі люд закінуў, —
Чужым сьвісьцёлкам месца даў.

Узносіць пасынкам пакорным
Бяда цямнічныя муры,
І сеткі путае праворна,
І ладзіць здрадна хаўтуры.

Адно чуваць, як быццам штосьці,
З-пад сонных наспаў, з-за мяжы,
Дзе дрэмлюць прадзедавы косьці,
Дзе час варочае крыжы, —

Штось варушыцца у бясьсільлі,
Ці-ж бы там быў жывых папас?..
Няўжо нябожчыкаў зьмявілі,
Няўжо нябожчык кожны з нас?..
...........
Але ўжо блізка і сьвітаньне;
Пара ўзьнімацца ўжо, пара!
Пакуль к нам з неба сонца гляне,
Жджэ не адна мяне гара.

І вам пара вазы ўжо ладзіць,
К дарозе коні рыхтаваць:
Раней лепш стануць у парадзе,
Чым на папасе пераспаць.

Цяпер каторы з вас пасудзіш
Мяне за злодзея свайго?

1-шы ПАДАРОЖНЫ

Ты ня тутэйшы, мусіць, будзеш
Або і горай ад яго?

2-гі ПАДАРОЖНЫ

Цікава, вельмі ўжо цікава
Ўся гэта гутарка твая,
Але такую меці славу
Не пахваліўся-б, браце, я.

3-ці ПАДАРОЖНЫ

Так з кута ў кут век вандраваці,
Як мне здаецца — без патрэб…
Ці-ж то ня лепш сядзець у хаце
І у спакоі есьці хлеб?

НЕЗНАЁМЫ

Э, што!.. Бывайце, людзі, жывы!
Дзе толькі торба і мой кій?..
Гэй, сыпма далей, там на нівы,
Хоць гром грымі, хоць віхар вый!

Яшчэ спаткаемся калісьці —
За год, за колькі мо‘ гадкоў,
Як зьвянуць сёлетнія лісьці,
Як прыдзе „радаўніца“ зноў:

Адыходзіць напяваючы.

Жыў на сьвеце Лявон,
Молад, дужы быў ён…

1-шы ПАДАРОЖНЫ

І дзіўны-ж гэты чалавечак!
Чаго ён хоча ад другіх?..

2-гі ПАДАРОЖНЫ

Ці-ж мала ёсьць такіх авечак?
Ат, толькі сьмех глядзець на іх!

3-ці ПАДАРОЖНЫ

А я скажу вам, ягамосьці:
Сыходзіць з поля маладзец;

Злавіў там з кніжак штось чагосьці,
Ну, і вар‘юецца ў канец.

Чуваць конскі топат.

1-шы ПАДАРОЖНЫ

А гэта што зноў за праява:
Каго нячысьцік нясе так?

2-гі ПАДАРОЖНЫ

Бадай, запутаная справа, —
Вун, вун — адзін, другі яздак.

3-ці ПАДАРОЖНЫ

Сюды на вогнішча к нам едуць,
А з імі — нейкі важны чын.

1-шы ЯЗДАК

шыбка пад‘яжджаючы

Ці не маглі вы бачыць, ведаць —
Сюдой вандроўнік шоў адзін?

ПАДАРОЖНЫЯ

Не, не паночкі! мы ня знаем,
Мы тут начуем толькі ўтрох,
І зараз самі ад‘яжджаем:
На рынак ладзімся, на торг.

2-гі ЯЗДАК

Паедзем далей, тут нічога
Нам не паказвае на сьлед.

3-ці ЯЗДАК

да падарожных

А як вы ўбачылі-б такога, —
Злавіць, зьвязаць — і к нам чым сьвет!

Ад‘яжджаюць.

1-шы ПАДАРОЖНЫ

Чакайце толькі, покуль буду
Нагу яму я падстаўляць.
Каб чуць раней, а ўжо бяз труду
Маглі-б гуртом бяднягу ўзяць.

2-гі ПАДАРОЖНЫ

А шкода, шкода было-б хлопца!
Такі-ж ён нейкі чараўнік…

3-ці ПАДАРОЖНЫ

Ні думаць! Як мы — рос у вёсцы,
Як мы — такі ён сам‘ мужык.

1-шы ПАДАРОЖНЫ

Зайдзі ка мне — я даў-бы хлеба.

2-гі ПАДАРОЖНЫ

Апраткі-б я не пажалеў.

3-ці ПАДАРОЖНЫ

Каб начаваць была патрэба, —
Папас найлепшы ў мяне-б меў.

1-шы ПАДАРОЖНЫ

Запраўды, так гавора важна.

2-гі ПАДАРОЖНЫ

А ўжо-ж ганяюць нездарма!

3-ці ПАДАРОЖНЫ

І песьню так пяе працяжна!..

1-шы ПАДАРОЖНЫ

Душу, здаецца, рве яна.

2-гі ПАДАРОЖНЫ

А ці ты помніш усю чыста?

1-шы ПАДАРОЖНЫ

Пачатак помню я увесь.

2-гі ПАДАРОЖНЫ

А я — сяродак галасісты.

3-ці ПАДАРОЖНЫ

А мне канец у вушы ўлез.

Разыходзяцца напяваючы.

Жыў на сьвеце Лявон,
Молад, дужы быў ён —
Толькі з воляй і доляй ня бачыўся…