Збор твораў (Купала, 1925—1932)/II/Пераклады з польскае мовы/Тры дарогі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Удагонку Тры дарогі
Верш
Аўтар: Марыя Канапніцкая
1926 год
Арыгінальная назва: Trzy ścieżki
Пераклад: Янка Купала
Варажбітка
Іншыя публікацыі гэтага твора: Тры дарогі (Канапніцкая/Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ТРЫ ДАРОГІ

Ідуць тры сьцежкі з хаты
На долю і нядолю:
Ідзе адна, дзе пану
Людцы пахаюць поле;

Налева ад хаціны
Ідзе ў карчму другая,
А трэцяя — к магілкам,
Дзе брат наш спачывае…

Ад цяжкай працы, поту
Адна расіцай сьвеціць;
Хто па другой праходзіць, —
З бацькоў сьмяюцца дзеці;

Палын расьце на трэцяй,
І наспы вышай, ніжай,
І плача там бярозка,
І крыж стаіць на крыжы…

Па сьцежках гэтых ходзяць
У лапцях нашы людзі.
Гэй! хто ім сьцежку ўскажа,
Што весьці к шчасьцю будзе?..