Перайсці да зместу

Збор твораў (Купала, 1925—1932)/II/Для яе/Дзяўчынка і вянок

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Як у повесьці Дзяўчынка і вянок
Верш
Аўтар: Янка Купала
1926 год
Ястраб
Іншыя публікацыі гэтага твора: Дзяўчынка і вянок.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ДЗЯЎЧЫНКА І ВЯНОК

Сонца ўтульна пазірала,
Птушкі пелі на ўсе тоны;
Кветкі дзеўчынка зрывала
Ля дубровы, ля зялёнай:

Заплятала у вяночак,
Прымярала на галоўцы;
Радасьць біла з яе вочак:
Ёй спрыялі кветкі, сонца.

Чуць вяночак не гатовы —
Не хапала аднэй кветкі…
Вышаў хлопец з тэй дубровы,
Хлопец пекны, стройны гэткі.

Удваёчку ўжо шукаюць
Кветкі ў буйнай сенажаці,
Толькі, дзе знайсьці ня знаюць…
Сталі ў вочы заглядаці.

Так хадзілі ўсё далінкай;
Сонца з імі ўсьлед хадзіла,
Аж вяночак свой дзяўчынка
Недзе ў лузе загубіла.

Клопат… Бедная ня знае,
Ці ёй плакаць, ці сьмяяцца?
Кветкі ўпрочках, — хлопца мае…
Надало-ж так памяняцца!

Ходзе, траўкі не зачэпе…
За вянок — дзяцюк прыгожы;
А што горай? а што лепей?
Бабка надвае варожа.