Перайсці да зместу

Збор твораў (Купала, 1925—1932)/II/Для яе/Як у повесьці

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Над ракою ў спакою Як у повесьці
Верш
Аўтар: Янка Купала
1926 год
Дзяўчынка і вянок
Іншыя публікацыі гэтага твора: Як у повесьці.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЯК У ПОВЕСЬЦІ

Шлях. Каля шляху леc хілкі.
Вёска, дзе лес, і магілкі;
Ў вёсцы — з сьвятліцай хаціна,
Ў хаце — з бабуляй дзяўчына.

Там-жа паблізку стаяла
Гэткая-ж хатка бязмала, —
Хлопец у хаце жыў з дзедам,
Быў тэй дзяўчыны суседам.

Звалі дзяўчыну Маланкай,
Хлопца, чуў, клікалі Янкай;
Зналіся змалку абое,
Зналі і сёе, і тое.

Кожны год, цёплай вясною,
Ў поле шоў Янка з сахою;
Кужаль Маланка снавала,
Цэўкі сукала і ткала.

Ўлетку кляпаў хлопец коску, —
Шоў луг касіць за вёску;
Сена дзяўчына сушыла,
Ніўку жаць потым хадзіла.

Жыта ляшыў ён у восень,
Або лучыну біў з сосен;
Шла яна бульбу капаці,
Ці лён часала у хаце.

Сані ён ладзіў зімою,
Ехаў ці йшоў ў лес з пілою;
Часам яна ў лес хадзіла
Ці на таку малаціла.

Далей, ня так ужо далей:
Янку кудысьці пазвалі,
Там пасадзілі за штосьці,
Не адпусьцілі і ў госьці.

Болей яго я ня бачыў;
Чуў, што ня вельмі там скача, —
Нешта капае, валоча,
Ждучы ўсё сонейка ўночы.

Ну, а дзяўчына?.. Э, што там!
Збаю калісь аб ёй потым…
Людзі-ж казалі, што Янка
Вельмі любіўся з Маланкай.