Перайсці да зместу

Збор твораў (Купала, 1925—1932)/II/Для яе/Ястраб

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Дзяўчынка і вянок Ястраб
Верш
Аўтар: Янка Купала
1926 год
Хмарка і маладзік
Іншыя публікацыі гэтага твора: Ястраб (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЯСТРАБ

Дзе голуб з галубкай варкуе, сядзіць,
З-пад неба хмурлівага ястраб ляціць, —
І кіпці запусьце ў галубку ён сьмела,
І выгрызе сэрца, і кроў высьсе з цела.

Дзе шчыра дзяўчынку дзяцюк палюбіў, —
Прышоў стары зводнік, дзяўчынку адбіў;
Як ястраб з галубкай, так цешыцца ў волю
Паганячы славу—дзявочую долю.

Няма ўжо галубкі, прыўныў галубок,
Сядзіць, не варкуе; як мёртвы, замоўк:
Па любай сваёй у вялікай жалобе,
Чакае, аж ястраб і з ім тое зробе.

Няма ўжо дзяўчынкі; сум хлопца гняце,
У сэрцы глухі жаль, як рана, цьвіце;
Дзе пойдзе, дзе гляне, стогн рвецца маркотны:
Адзін ты, адзін, небарача гаротны!

Галубкіны косьці разьвеяла бура,
К другой свае вочы стары зводнік жмура,
Галуб-жа, дзяўчынка і хлопец, як дзеці,
Бядуюць, што ястрабаў так шмат на сьвеце.