Перайсці да зместу

Збор твораў (Купала, 1925—1932)/II/Бацькаўшчыне/Прад сьвітаньнем

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Песьня-байка Прад сьвітаньнем
Верш
Аўтар: Янка Купала
1926 год
Маладая Беларусь
Іншыя публікацыі гэтага твора: Прад сьвітаньнем.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПРАД СЬВІТАНЬНЕМ

Ціха… Бачце: штось варушыцца,
Штось паўстаці хоча;
Перажытасьць гнецца, крушыцца,
Новы сьвіт шапоча.

Сонца з цемрамі змагаецца;
Мох зьлятае з хат і пунь;
Даль за даляй ажыўляецца;
Ўсходзе ядраная рунь.

Дрыгацяць напасьці-пошасьці,
Аціхаюць совы,
Разьнімаюцца з паношасьцяй
Крыльлі гругановы.

На курганішчы спускаюцца
Туманы жывой расой,
І па пустках расплываюцца
Бесканечнай паласой.

Доляй-мачыхай прыдаўленых
Зоры аклікаюць,
Ля магілішч акрываўленых
Валахі чакаюць.