Перайсці да зместу

Збор твораў (Купала, 1925—1932)/II/Бацькаўшчыне/Маладая Беларусь

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Прад сьвітаньнем Маладая Беларусь
Верш
Аўтар: Янка Купала
1926 год
Выйдзі…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Маладая Беларусь (Вольны вецер напеў вольных песень табе…).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




МАЛАДАЯ БЕЛАРУСЬ

Вольны вецер напеў вольных песень табе,
Бор зялёны узьняў дружным гоманам,
Сонца полымем вызвала к слаўнай сяўбе,
Зоры веру ўлілі сілам зломаным.

І час бур, нягод і вялікіх надзей
Зацьвіла, расьцьвіла доўгажданая,
І крыніцай жывой над айчызнай сваей
Паплыла, пацякла няспыняная.

Паплыла, пацякла з сьветлай казкай жыцьця
Полем, лесам, гарой і далінаю…
З свойскіх кветак-пралесак — карона твая,
Ўся сама — ясната лебядзіная.

Зіхаціш і гусьлярскаю песьняй зьвініш,
Узьнімаеш мінуўшчыну даўную;
Час сягонешні ўперад ісьці ня пыніш,
І глядзіш сьмела ў будучнасьць тайную.

Сьмела ў сонцы ідзеш, як жывы агняцьвет,
Сееш ласкава сны залацістыя;
Ня пужае сумежны дакучны сусед,
Ня пужае пуціна цярністая.

Ад мяжы да мяжы, ад капца да капца
Абнаўленьня павевы расходзяцца,
Абнімае душу без граніц, без канца
Маці-радасьць, што лепшы дзень родзіцца.

Ўжо ня так тапары у зялёным бары
Хвойкі валяць зімой маразянаю,
Ўжо ня так касары ад зары да зары
Летам звоняць касой адкляпанаю.

Значан гарт у руках, чутна песьня бяз сьлёз,
Грудзі славы надзеяй калышуцца,
Ў кнігі новы закон ёмка пёрамі з кос
Наўсяды людзьмі новымі пішацца.

Расьцьвітай-жа, ўзьнімай на арліных крылах
Душы, сэрцы і думы заспаныя,
Вызывай, выклікай на вялікі прасьцяг
Сілу, ведзьмай-пятлёй нечапаную.

Высылай, рассылай на край сьвет пасланцоў,
Як з гнязда сакалінага сокалаў,
Хай лятуць, далятуць да байцоў-удальцоў,
Хай грымяць весткай добраю ўвокала.

Годзе ў полі, ў лясох ты, старонка, і так
Сіратой начавала забытаю.
Годзе выпіў крыві з сэрца крыўды чарвяк,
Косьці вецер тачыў непакрытыя.

Падымайся з нізін, сакаліна сям‘я,
Над крыжамі бацькоў, над нягодамі;
Занімай, Беларусь маладая мая,
Свой пачэсны пасад між народамі!..