Перайсці да зместу

Збор твораў (Купала, 1925—1932)/II/Бацькаўшчыне/Выйдзі…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Маладая Беларусь Выйдзі…
Верш
Аўтар: Янка Купала
1926 год
Ты, зялёная дубрава…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Выйдзі…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ВЫЙДЗІ

Ўстань ты, старонка, родная маці!
Годзе зімовага рабскага сну,
Годзе табе ўжо сьлёзна ўздыхаці, —
Выйдзі на поле, на сенажаці,
Выйдзі спаткаці вясну!
Скінь лахманы, што доўгія векі
Ты валачыла з кастры, з палыну;
Выйдзі з-пад дзікай зімняй апекі,
Што над табою строіла зьдзекі, —
Выйдзі спаткаці вясну!
Вырылі сьцюжы віхрамі, сьнегам
Яму глыбоку табе не адну;
Сьнежныя наспы мела начлегам…
Глянь, сьнягі таюць, рэчкі йдуць бегам…
Выйдзі спаткаці вясну!
З поўначы сівер кідаў табою,
Як абадрану з лісткоў галіну;
З захаду зьверы йшлі чарадою
Рваць твае грудзі… Вышла жывою, —
Выйдзі-ж спаткаці вясну!
Дзетак тваіх скрозь крыўдай сьляпілі,
Мучылі, гналі бяз часу ў труну,
Казак вучылі, што ты ў магіле,
Толькі-ж бліск сонца здраду асіліў…
Выйдзі спаткаці вясну!
Ясна, сьвяточна ў красы ўбярыся,
Птушкай свабоднай сягні ў вышыну,
З сонцам злучыся, зорамі йскрыся,
Песьняй расьпейся, славай акрыйся,
Выйдзі спаткаці вясну!
Сплецену з церняў маеш карону,
Хорам твой — неба і нівы краса,
Царства ў чатыры дрэмле староны
Слугі — мазольных рук міліёны…
Выйдзі… Чакае вясна!..

1911 г.