Неяк раз вясной
На балоце, над ракой
Глушэц на елцы засядаў
І сам з сабою талкаваў.
А ведама усім,
Што з мясам гэты птах сваім
Бывае дарагім.
Дык вось, два мужыкі-панове,
Як-бы ў змове,
Той з аднаго, а той з таго канца
Аблаву робяць на глушца.
Так падцікаюцца ўсё бліжай, бліжай —
І той, і той на птушку пальцы ліжа!
Аж так і згледзіў таго той
І, як на ліха, ў спор з сабой:
— „Куды ты лезеш, тонканогі?! —
Шапнуў Іван з сваёй дарогі,
Рукі нялёгкай чалавек,
З якой слыве свой цэлы век. —
Да гэтай птушкі мне закон,
А ты, гультай, адгэтуль вон!“
— „Ня твой, а мой — сапе пан Ежы, —
К яму мой сьлед стары, а твой, гад, сьвежы!
Я маю з прадзедаў адвеку!
Над гэтай пусткаю апеку“.
— „Ня ты, а я тут пан! —
Гукнуў ужо Іван,
Бач, ты: абраўся „сямідзёньнік“!
— „А ты што лепшае, „казёньнік?!“
Кідаюць стрэльбы і за грудзі
Ўзяліся людзі.
І што-ж будзе?.. Глушэц на гэты іхны шум,
Што вёў так шчыра з кумам кум,
Падумаў: „Вось, так ласуны над ласунамі:
Знашлі сварыцца —
Пры чужым карытцы!..“
І… паляцеў, залопаўшы крыламі.
А ну, чытач, згадай канец:
Хто мужыкі, а хто такі глушэц?
|