Перайсці да зместу

Збор твораў (Купала, 1925—1932)/I/Жалейка/Спусташэньне

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Восень Спусташэньне
Верш
Аўтар: Янка Купала
1925 год
Ой, чаму на хаты гэтыя?..
Іншыя публікацыі гэтага твора: Спусташэньне.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




СПУСТАШЭНЬНЕ

Га, чаго, вятрыска,
Так узбунтаваўся
І над вёскай блізкай
Ты не зьлітаваўся?

Ці цябе ўгнявілі
Людзі або неба?
Ці тваёй злой сіле
Выкупу патрэба?

Пазрываў салому
І шчыты з хацінак;
Зрабіў кучы лому
З хляўчукоў, з адрынак.

Што цяпер пачаці?
Бедны люд вясковы!
Холад будзе ў хаце
Панаваць зімовы.

Будуць над калыскай
Плакаць бацька, маці
Дый цябе, вятрыска,
Праклінаць, пытаці:

Чаго, пеклаў цёска,
Так узбунтаваўся
Дый над блізкай вёскай
Ты не зьлітаваўся?