Эй, восень, восень,
Скуль ты ўзялася?
Песьняй няўдалай
Так разьляглася?
Хоць адным шчасьце,
Восень, прыносіш,
Для другіх жудка
Горам галосіш.
Для адных ясна
Цяпла навееш,
Лінуць багацьцем
Не пажалееш.
Збожжам насыплеш
Поўна аруды, —
Будзе, ой, будзе
Золата груды.
Дзіка-ж ты б‘ешся,
Восень, аб шыбы
Беднай мужыцкай
Хаткі-сялібы.
Хатка старая
Стогне, трасецца,
Туж-туж бясьсільна
Рухае, здаецца.
Бедныя людцы
Крыюцца ў хатцы —
Страшна ім страшна
З холадам знацца.
Дзеці худыя
Туляцца к печы
Босыя ногі,
Голыя плечы. Да іх палезла
Ніткі сукаці
Ў зрэбнай спадніцы
Хворая маці.
Ўсеўся на лаве
Згорблены бацька
І ўвесь аддаўся
Думцы бядацкай.
Вот нібы восень, —
Думае гэтак, —
А тут няма, бач,
Хлеба у дзетак.
Цэлае лета
Біўся, ня жарты,
Ну і труды ўсе
Што былі варты?
Хоць шнур вузенькі,
Ня дасьць шмат хлеба,
Ды чынш вялікі
Выбраці трэба.
З поля забраў вось
Коп пяць бязмала,
Як змалаціў-жа, —
Воласьць забрала.
Ну, засталося
Ад чыншу нешта,
Бач, магазыньнік
Вывалак рэшту.
Вось і жыві тут,
Будзь ты шчасьлівы,
Будзь ты багаты
Восеняй з нівы. —
Холад у хаце,
Голад у хаце,
Ды во й скацінцы
Корму ня хваце.
Кепска, эй, кепска
Жыці ў няволі,
Ня лепей жыці,
Як няма долі.
Гэткія думкі
Мучаць старога…
Бедны, гаротны, —
Шкода такога.
Каля хацінкі-ж
Вецер заводзе:
Знай ты, няшчасны,
Стужа надходзе.
Знай ты, няшчасны,
Знай ты, убогі,
Будзеш марозіць
Рукі і ногі.
Да места возік
Дроў будзеш везьці,
Сівер табою
Будзе ўсё трэсьці.
Будзеш калеці
Ночкай у полі,
Каб здабыць дзеткам
Хлеба, круп, солі.
Вушы скастнеюць,
Плечы спацеюць,
Ногі у лапцях
Акачанеюць.
Будзеш ты сеяць
Сьлёзы па полю
Дый праклінаці
Горкую долю.
І змучан гэтак
Працай, марозам,
Знойдзеш магілу
Недзе пад возам.
|