Перайсці да зместу

Збор твораў (Купала, 1925—1932)/I/Жалейка/Шавец

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Над калыскай Шавец
Верш
Аўтар: Янка Купала
1925 год
Паніч і Марыся
Іншыя публікацыі гэтага твора: Шавец (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ШАВЕЦ

Я шавец-маладзец,
Знаю дзела сваё,
Слухаць мусяць мяне.
Капыльлё і скур‘ё.

Пры варстаце маім
Дружна праца ідзе:
Жонка дратву прадзе,
Вучань суча яе.

Я сам „крой“ намачыў,
На капыл нацягнуў;
Стукі-стук! малатком,
Шылам, дратвай махнуў,

Падашву прылажыў,
Нагнаў штыфтаў кругом,
Абсац гладка прыбіў
Ды падкоўку на ём;

Капыл выдзер, і вот
Бот на траме вісіць;
Эй, дзівуйся, панок! —
Добра будзе насіць.

Эй, дзівуйся, хто жыў,
Які майстар я зух!
Бот, камаш, чаравік
Вам састрою удруг.

І багат-бы я быў
(Хоць ня бедзен і так),
Каб лапцей не насіў
Наш мужык-небарак.