Перайсці да зместу

Збор твораў (Купала, 1925—1932)/I/Жалейка/Воўк і баран

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Сон на Куцьцю Воўк і баран
Верш
Аўтар: Караль Балінскі
1925 год
Пераклад: Янка Купала
Лебедзь, шчупак і рак
Іншыя публікацыі гэтага твора: Воўк і баран (Балінскі/Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ВОЎК І БАРАН

(З польскага. К. Балінскага)

Воўк

Ах, баранок мой, ах бараночак!
Вось і настрэўся ты мне, дружочак:
Гэткі пульхны, гэткі сыты,
І астрыжан, і памыты, —
Акурат для майго зуба.
А тут голад, проста згуба!
Зьем цябе ўраз на сьняданьне.

Баран

Знаю, знаю, ясьне пане,
Тваю воўчую натуру.
Але покуль здымеш скуру,
Адну просьбу к табе маю:
Ты ня еж мяне, як знаю,
Рвучы мяса па куску,
А — ўсяго, за адным махам:
Есьці-ж так ня стыд ваўку.

Воўк

Хай так будзе! — згінь ты прахам!
Чую, хопіць сілы, духу
Глытануць цябе, як муху;
Толькі-ж мне ідзе аб тое,
Баранётка залатое:
Каб слоў на́-пуста ня кідаць,
І сябе адважным выдаць,
Бо я, праўда, не хвалюся,
З гэтым доўга не важуся:
Кожна дорага мінутка, —
Мусім справіцца мы хутка.

Баран

О, як-жа сэрца чулае тваё!
А ў нас плятуць, што ўсе ваўкі — зьвяр‘ё…

Воўк

Э, брэшуць! Ведама, галеча,
Але хай брэшуць недарэчы!
Ты ўсё-ж такі хадзі ка мне ў капцюры.

Баран

Мяне са скуры абдзіраць так без пары
Лішні труд, вяльможны пане;
На то ёсьць спосаб дагаднейшы,
Што і мучэньня мне убавіць,
І для ягомасьця лацьвейшы:
Хай ваша міласьць воддаль стане
І ляпу разявіць,
А я ў яе, бы ў поламку, і рыну.

Воўк

А я цябе глыну, як сьліну!
Ха-ха-ха! Ха-ха-ха!

І засьмяяўся павоўчаму воўк,
І зірнуў на галодны свой бок,
Язык выпер, глытаці масьціцца,
А баран як разьляціцца,
Як бадне пад ляпу рагамі ваўка,
Ды сам ходу к сялу, дзе — скаціна,
Дзе пастух, трасучы ўжо дубінай,
Крычыць: біце, ваўка! Цю-га-га! Цю-га!

Воўк зрушыўся, глядзіць, як сп‘яна,
І думае: глынуў барана,
Але тонкімі бакамі трасе
І, калі ў пушчу са страхам нясе
Сябе самога, як злодзей,
Скавыча: быў баран ці не ў жываце —
На адно ўсё неяк выходзе.

Для нас такая тут навука:
Што хоць ваўку зьесьць барана й ня штука,
Але й баран з лап воўчых вырваціся можа,
І слабы — як ня дурань — дык дужага зможа.