Ці йду я вясёлай дзянінай
З касой ці з сахой за сяло,
Й ня бачусь з пахілай хацінай,
Пакуль чую сонца цяпло,
І ў полі, працуючы ў поце,
Бядую над горам сваім, —
Дарэмна шукаю, хто шчыра-б
Пацешыў ў цярпеньні цяжкім.
Душа мне і шэпча і плача:
Адзін ты, адзін, небарача!
Ці з поля гадзінкаю шэрай
Вярнуся, сяджу за сталом,
Краплюся паціху вячэрай,
Лучынка міргае агнём,
А зьеўшы адно, паглядаю,
Ці хто больш чаго падліе, —
Дый дарма!.. пры лаве, пры печы
Ўсё твары снуюць не свае.
Душа мне і шэпча і плача:
Адзін ты, адзін, небарача!
Ці ночкай панурай к падушцы,
Ўвесь змучан, прыльну аддыхнуць,
А сэрца, як ліст той на грушцы,
Трасецца, калышацца грудзь.
І жду так — вось прыдзе хтось любы,
Абніме, атуліць сабой;
Дый дарма!.. Нікога, нікога, —
Хтось кажа, — няма тут з табой!
Душа мне і шэпча і плача:
Адзін ты, адзін, небарача!
Ці йду ў беларусаву хату
Са сну прывітаць на зары,
І рукі там выцягну к брату
І кіну вачыма к сястры,
Ці ўсеўшыся ціха на прызьбе,
Зайграю там песьню сваю, —
Дарэмна прывету чакаю,
Дарэмна вітаю, пяю.
Душа мне і шэпча і плача:
Адзін ты, адзін, небарача!
|