Вы, паны, мяне з песьняй к сабе прызываеце, —
Майго люду апець справядлівую справу;
Рай ніколі нясьнёны вы мне адкрываеце:
Знайду, кажаце, ў гэтым і долю, і славу…
Шумна вецер пяе песьню дзікую, жвавую
Над зямлёй, зьлітай потам людзкім і крывёю;
Не ганюся, паночкі, ой не, я за славаю:
Чую — доля ня ўзыйдзе мне сьветлай зарою.
Чую я, чуе сэрца маё жаласьлівае,
Душа ные, а болем здымаюцца грудзі:
Як радзіўся, ішло ўсё са мной нешчасьлівае, —
Не пацешылі ў смутку і добрыя людзі.
Мяне маці мая не пацешыла родная:
Над калыскай пяяла аб цяжкай нядолі;
Яе песьням зіма ўтуравала нягодная,
Віхар гэтыя песьні разносіў па полі.
Як падрос, дужы стаў, пазнаў сьвет, не пацешыла
Мяне моладасьць, поўная зводных надзеяў:
Холад, голад, бяду на маіх плячох вешала,
Ласк за гора сваё з ёй ня бачыў нідзе я.
Ня было для мяне на куце месца вольнага,
На маю беднату паглядала з насьмешкай,
У парозе было маё месца, бяздольнага,
За парогам калючкамі слалася сьцежка.
Не пясьцілі мяне ручкі дзевачак белыя,
Не шаптала мне слоўцаў сардэчных каханьне;
Як пустэльнік, забыты людзьмі, я дні цэлыя
Жыву так і маркочуся з раньня да раньня.
Як цыган той, па сьвеце век цэлы бадзяюся
Бяз прытоньня, бяз родненькай, цёпленькай хаткі;
Над чужой працай з сіл маладых выбіваюся,
Сьветлай веры у будучнасьць нікнуць астаткі.
Так, паночкі, у будучу славу ня верыцца,
І пустых абяцанак мне слухаць ня міла;
А што ў сэрцы маім і душы цяпер дзеецца,
Буду пець, громка пець, пакуль возьме магіла.
Буду пець не за славу, праз вас абяцаную;
Буду пець, бо люблю свайго краю паляны.
Буду пець, бо люблю сваю песьню загнаную;
Буду пець, бо мне дар гэты доляй пасланы.
|