Перайсці да зместу

Збор твораў (Купала, 1925—1932)/I/Гусьляр/Шчасьлівасьць

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Адгукніся, душа!.. Шчасьлівасьць
Верш
Аўтар: Янка Купала
1925 год
К зорам
Іншыя публікацыі гэтага твора: Шчасьлівасьць (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ШЧАСЬЛІВАСЬЦЬ

Мець-бы мне крыльлі саколія,
Мець-бы мне волю зарніцаў,
К нізям ня рваўся-б ніколі я,
З высі-б глядзеў на зямліцу.

Птахам свабодным пад зорамі,
Лётаў-бы шпарка над сьветам,
Па-над далінамі, горамі;
Шчасьце сьвяціла-бы мне там.

Вокам начніцы прагледзіста
Ў тайнаў сягнуў-бы заставы,
Быў-бы сам даляй нязьведзістай,
Даляй свабоды і славы.

Песьняй душы ўзрывы чыстыя
Лінуў-бы ў сьвет на прывольле;
Слухалі-б зоры агністыя,
Вецер-бы ўторыў на доле.

Зможаны-ж гібелі сілаю,
Век рвучысь далей і далей,
Хмарка была-б мне магілаю,
Зоры памінкі-б спраўлялі.

Вось і па сьмерці з зямліцаю
Знацца ня трэба ўжо будзе…
Быці, ой, гэтак! — крыніцаю
Радасьць плыла-бы мне ў грудзі

Дуньце-ж, о, віхры прывольныя!
Цёмнай ня дайцеся сіле,
Вырвіце думкі нядольныя,
Дайце мне сонца і крыльле!