К зорам агністым, к прывольлю нябеснаму,
Вырваўшы з ціны жыцьцёвай душу,
Мчыся, ня дайся цярпеньню балеснаму,
Горда пакінь земляную глушу!
К зорам, што так над табой разгараюцца
Льсьніста ў мільённай па небе сяўбе,
Рвіся, хай думы прабіць цьму стараюцца:
Там хэрубіны спаткаюць цябе!
Песьні там, духамі зораў ствараныя,
Будуць душу весяліці тваю;
Думна ўзьнясешся над нізяй туманнаю,
Рдзеці дасі там прывольля агню.
З зораў, з-пад неба ўсё быцьце зямельнае
Проймеш паглядам цікавым наскрозь;
Бачыці будзеш ― з жыцьцём неразьдзельныя ―
Крыўду, бяспуцьце, нянавісьць і злосьць.
Горна расстаўшыся з буднімі справамі,
Тысячы ўздохаў пачуеш з грудзей;
Вызнаеш брата з рукамі крывавымі,
З сэрцамі гадзінаў поймеш людзей.