Перайсці да зместу

Збор твораў (Купала, 1925—1932)/I/Гусьляр/Падыйдзі…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Дзяўчынцы Падыйдзі…
Верш
Аўтар: Янка Купала
1925 год
Пакахай мяне, дзяўчынка…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Падыйдзі…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПАДЫЙДЗІ

Падыйдзі, пасядзі, паглядзі
Ў мае вочы, заліты сьлязьмі,
Сьпяі песьню, нуду разьвядзі,
Пачаруй хараствамі сваймі.

Я адзін, мне так смутна! Нуда
Душу муча, сон гоне з павек,
Ты-ж — вясёлая, ты — малада,
З табой быў-бы шчасьліў чалавек.

Ты пяеш — салавейка пяе,
Твар твой — сонца паглёд залаты,
Зоры сьветлыя — вочы твае,
Ты уся — з неба анел сьвяты.

Ты ня йдзеш — к табе думкай бягу,
Табой брэджу на яве і ў сьне;
Прыдзеш ты — гаварыць не магу…
Ты, дзяўчынка, замучыш мяне.

Кажуць людзі, што ты не ў нарок
Ад усіх на сяле найбядней…
На чале на дзявочым вянок —
Ад скрынь золата, скарбаў мілей.

Грошы я пражыву, як нажыў,
Або ўкрадзе благі чалавек;
Тваё-ж сэрца, цябе каб здабыў,
Хто праз цэлы мне выдзера век?

Дык хадзі-ж, ня стыдайся, к грудзям
Сваім белым мяне прыгарні;
Дай мне шчасьця на зайздрасьць людзям,
Сьпяі песьню, нуду разгані.