Ты адзінокай, я сіратою —
Возьмем і пойдзем разам з табою
Колкай жыцьця пуцявінкай;
Долю, нядолю, сэрцы і думы,
Зложым скарб гэты ў скрыню адну мы,
Будзь ты маёю, дзяўчынка!
Новую хатку табе збудую
І гаспадарку спраўлю такую:
Будзе хлябок і скацінка.
Днём будзем працай час каратаці,
Прыдзем з работы, будзем у хаце
Пяяць з табою, дзяўчынка.
Цябе, о, вер ты мне, маладому,
Я не пазволю нідзе, нікому
Крыўдзіці, строіці кпінкаў;
Сьцерагчы буду, як сваёй зрэнкі,
Новыя буду спраўляць сукенкі
Табе, з табою, дзяўчынка.
Шчыра і міла, сэрца маё ты,
Дам табе колькі хочаш пяшчотаў,
Буду паслушнай галінкай;
Буду, хоць віхры стануць шумеці,
Цёмна, і жудка будзе на сьвеце,
Ўсюдых з табою, дзяўчынка.
А як нам доля надта дадзене,
Дасьць болей гора, а шчасьця меней,
Цяжкая прыдзе часінка, —
Тады, як разам згодна жылі мы,
Зносячы сьпекі і холад зімаў,
Памром з табою, дзяўчынка.
Ціха ў пасьцелі ляжам жвіровай;
Крыж нам паставяць белы, яловы,
Насып абложаць дзярнінкай;
Буры жыцьця мне сьлёз ня скупілі;
Гэткі-ж спакой у цёмнай магіле,
Ды і з табою, дзяўчынка!
|