Перайсці да зместу

Збор твораў (Купала, 1925—1932)/I/Гусьляр/Пакахай мяне, дзяўчынка…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Падыйдзі… Пакахай мяне, дзяўчынка…
Верш
Аўтар: Янка Купала
1925 год
Бяжыць шыбка ручаінка… (Песьня)
Іншыя публікацыі гэтага твора: Пакахай мяне, дзяўчынка…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПАКАХАЙ МЯНЕ, ДЗЯЎЧЫНКА…

Плыве рэчачка далінкай,
Рыбак шмат у ей;
Пакахай мяне, дзяўчынка,
Як рыбкі ручэй!

Без вадзіцы-б аніколі
Рыбкі ня жылі;
Без каханьня шчасьця, долі
Няма на зямлі.

Няма з кім дзяліці гора,
Смутку і пацех;
Вылі сьлёз хоць цэла мора,
Чужым будзе сьмех.

Хто-ж кахае, ўсё згадае,
Адчуе душой;
Ня чурайся-ж, дзяўчыначка,
Сэрца мне ўспакой.

Разам будзем жыці ў хатцы,
Разам песьні пець;
Будзе раем сьвет здавацца,
Ўсё праўдай ясьнець.

Атачу сябе з душою
Апекай сваей;
Не зазнаеш ты за мною
Крыўду ад людзей.

Жыцьцё будзе слацца кветкай,
Сонцам заблішчыць;
Гэй, у долі добрай гэткай
Сьлёз ня будзеш ліць!

Пакахай-жа мяне толькі
Усяей душой,
Ня дай з жалю марнавацца,
Сэрца супакой!