Збор твораў (Купала, 1925—1932)/I/Гусьляр/З песень жыцьця

З пляцоўкі Вікікрыніцы
А як мы з хаткі выходзім… З песень жыцьця
Верш
Аўтар: Янка Купала
1925 год
Безьзямельныя
Іншыя публікацыі гэтага твора: Зь песень жыцьця (Нарадзіўся на долю-нядолю…).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




З ПЕСЕНЬ ЖЫЦЬЦЯ

Нарадзіўся на долю-нядолю
Чалавек на багатым на сьвеце,
Ад пялёнак на волю-няволю,
Ад пялёнак бяз часу змарнеці.

Рос. Хадзіці наўчыла матуля,
У лазовыя лапці абула,
Апранула на скокі, на гулі,
Аж старая паціху ўсхліпнула.

І дала, ой, дала на дарогу
Крыжык, матчынай зьліты сьлязінай,
Бацька бацькаўску даў прасьцярогу;
Выпраўлялі так з хаты дзяціну.

І пашоў ён, пашоў шляхам знаным,
І пашлі за ім сьпекі, марозы,
І зажыў ён, зажыў князем-панам
Ні то жыў, ні то п‘ян, ні цьвярозы.

Думкі родныя сьледам хадзілі,
Коні, волікі ўчылі пакоры,
Пятухі на работу будзілі,
Сон наводзілі ціхія зоры.

Як устане, як пойдзе, бывала,
Пот-расіца і вымые чыста,
Сьлёз нап‘ецца сваіх да адвалу,
Кроў свая ахарошыць квяціста.

Цягам так, пад апекай, пад шчырай,
Ні дзе даць, ні ступіць яму шагу,
З кута ў кут, з году ў год, як на вырай,
Пятлёй волен прагнаць голад-смагу.

Ой, жывецца на сьвеце, жывецца,
Чалавеку так слаўна, так лоўка,
Аж і сьпіна штось гнецца, здаецца,
Затраслася, сьсівела галоўка.
..............
Годзе! годзе! Ня ўсё, знаць, асіліў;
Зачыні ўжо сухія павекі!..
І злажылі няздару, злажылі
Ў дамавіне, ў магіле навекі.

І насыпалі насып жвіровы,
Крыж паставілі новы, яловы;
Гэй, ляжы з сваёй доляй-нядоляй!
Гэй, ляжы з сваёй воляй-няволяй!