Перайсці да зместу

Збор твораў (Купала, 1925—1932)/I/Гусьляр/А як мы з хаткі выходзім…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Наша мінуўшчына А як мы з хаткі выходзім…
Верш
Аўтар: Янка Купала
1925 год
З песень жыцьця
Іншыя публікацыі гэтага твора: А як мы з хаткі выходзім…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




А ЯК МЫ З ХАТКІ ВЫХОДЗІМ…

…А як мы з хаткі выходзім,
Крыжам сябе абазначым,
Блудна вачыма паводзім,
Ці калі вернемся, ўбачым?

А як мы пойдзем па полі,
З намі, за намі нягода,
На нашай ніве гугольле,
На нашым поце урода.

А як пальлецца ў пацёмках
Песьня за лесам, за борам,
Слухаюць елкі, сасонкі,
Лес толькі з намі гавора.

А як мы пойдзем гасьцінцам,
З намі, за намі ўздыханьні,
У дзеннай і ночнай часінцы
Блудзім і блудзім, як зданьні.

А як мы вернемся к брату,
Лепшай спытаем дарогі,
Маем пацехі багата:
Тыя карчомкі, астрогі.

А як на неба мы глянем,
Дзе дрэмлюць сонца пажары,
А ні тых зор, ні сьвітаньня,
Хмары, і хмары, і хмары…

А як да могілак прыдзем:
Крыж, каля крыжа бадылі,
І тут мы толькі увідзім,
Як-жа здарма век блудзілі!