Збор твораў (Купала, 1925—1932)/I/Гусьляр/Гусьляр

З пляцоўкі Вікікрыніцы
⁂ (Я нясу вам дар…) Гусьляр
Верш
Аўтар: Янка Купала
1925 год
Сяброўцам па долі
Іншыя публікацыі гэтага твора: Гусьляр (Купала, верш).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ГУСЬЛЯР

Гэй, гусьляр, гусьляр!
Ты удар, удар
Па струнах-званах,
Дай нам з песень дар,
Дум вялікіх чар,
К сонцу зорны шлях,
Дай, гусьляр, гусьляр!

Дзе залёг абшар
Курганоў—ахвяр,
Сей, засей прасьвет.
Ты слуга і цар,
Ты дудар-званар, —
Чуе, знае сьвет…
Эй, гусьляр, гусьляр!

Перавалы хмар,
Цемру, зводы мар
Выжый звонам струн;
Як вялік і стар
Сьвет, зямлі папар,
Ты ад гумн да гумн
Запануй, гусьляр!

Дай паходням жар,
Лінь жыцьцё ў бор-яр,
Ня мінай вакон;
Строй ваякаў шар,
Кроў сагрэй, як вар,
Сказам новых дзён…
Грай, будзі, гусьляр!