Перайсці да зместу

Збор твораў (Купала, 1925—1932)/I/Гусьляр/Сяброўцам па долі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гусьляр Сяброўцам па долі
Верш
Аўтар: Янка Купала
1925 год
Прывітаньне
Іншыя публікацыі гэтага твора: Сяброўцам па долі.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




СЯБРОЎЦАМ ПА ДОЛІ

Покі маю ад сэрца патолі,
К вам ненавісьць грудзей ня крываве,
Думы рвуцца і к шчасьцю, і к славе, —
Я слуга ваш, сяброўцы па долі.

Свойскай песьняй у слоў родных цьвеце
Я хачу, што ў душу мне нагоне,
З вашых хат, з вашых спочаных гоняў,
Вашу долю, нядолю апеці;

Несьці пад саламяныя стрэхі
Ва ўсё веру, што шчасьцем быць можа,
Што надзеі цьвісьці дальш паможа;
Эй, хачу быці рэхам пацехі!

І во ў гэтакай службе, паходзе,
П‘ючы сьлёзна жоўць крыўдаў, прытыкаў,
Платы з вас не жадаю вялікай,
От, іскрынку прывету, і годзе!

А сканаю, злучуся з зямлёю,
Вы курган мне насыпце высокі,
Бо, як будзе мой дол няглыбокі,
Не знайду і па сьмерці спакою.