А як мы з хаткі выходзім…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
А як мы з хаткі выходзім…
Верш
Аўтар: Янка Купала
Крыніца: http://rv-blr.com/vershu/view/1111


…А як мы з хаткі выходзім,
Крыжам сябе абазначым,
Блудна вачыма паводзім,
Ці калі вернемся, ўбачым?

А як мы пойдзем па полі,
З намі, за намі нягода,
Па нашай ніве гугольле,
Па нашым поце урода.

А як пальецца ў пацёмках
Песьня за лесам, за борам,
Слухаюць елкі, сасонкі,
Лес толькі з намі гавора.

А як мы пойдзем гасьцінцам
З намі, за намі ўздыханьні,
Ў дзённай і ночнай часінцы
Блудзім і блудзім, як зданьні.

А як мы вернемся к брату,
Лепшай спытаем дарогі,
Маем пацехі багата:
Тыя карчомкі, астрогі.

А як на неба мы глянем,
Дзе дрэмлюць сонца пажары, —
Ані тых зор, ні сьвітаньня,
Хмары, і хмары, і хмары…

А як да могілак прыйдзем:
Крыж, каля крыжа бадылі,
І тут мы толькі увідзім,
Як жа здарма век блудзілі!

(1909)