Збор твораў (Колас, 1928—1929)/I/2/VI/Школьная работніца

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старому парадку Школьная работніца
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1928 год
Няшчасная маці
Іншыя публікацыі гэтага твора: Школьная работніца.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ШКОЛЬНАЯ РАБОТНІЦА

На краю сяла глухога
Паміж ліп разложных
Прытуліўся дом убога,
Як жабрак набожны.

Пахілілася гарожа,
Ў дзірах дах зіяе…
Няпрытульна, няпрыгожа
Школка выглядае!

Насьцеж зяўраюць вароты.
Чуць ліпяць і дзьверцы.
Дзьве бярозкі, як сіроты,
Гінуць ў паняверцы.

Ціха. Ночка. Нічагутка
Навакол ня дрогне,
Хіба толькі дах ціхутка,
Як стары, застогне.

Вёска сьпіць — пара глухая,
Позная часіна.
Ня сьпіць толькі маладая
У школцы дзяўчына.

Сьвеціць лямпа перад ёю,
Ціха, бы ў магіле.
Многа працы ёй з дзятвою,
Каб разьняць ім крыльле,

Каб разблытаць з павуціны
Разумок дзіцячы,
Ды ня страшны для дзяўчыны
Трудныя задачы.

Хоць над ёю цьма глухая
І вісіць абухам,
Ды дзяўчына маладая
Ня падае духам.

Вучыць дзетак з дня ў дзянёчак,
Кніжкі ім чытае,
Раскатурхаць разумочак
Дзеткам памагае.

Рада радасьцю дзяцінай,
Смутна іх бядою.
Не нацешацца дзяўчынай
Дзеткі маладою.

Так у цяжкай тэй рабоце
Траціць дні дзявочы,
Каб галоце і бядоце
Цьму расьсеяць ночы.

Сьцішна ў вёсцы. Думка-смута
Часта душу томіць,
І часамі боль зло-люта
У сэрцы загамоніць,

І агорне журба нейка,
Няміло нічога,
І ня знойдзеш чалавека.
Чулага, жывога…

Поп і пісар — чужаніцы —
Іх свая дарога:
Рвуць, як могуць, ад дурніцы,
Мужыка сьляпога.

Цяжка беднай ёй часамі,
„Власти“ насядаюць,
Поп і земскі з пісарамі
Скрыва паглядаюць

На дзявочыя стараньні,
На яе работу,
Толькі-ж вера ў сілу знаньня
Ёй дае ахвоты.

Цёмна ў вёсцы, беспрасьветна,
Цяжка, цяжка школе,
ды праз школу няпрыметна
Прыдзе шчасьце-воля.

Не загінуць край і людзі,
Пасынкі народу,
Калі ў краю гэтым будзе
Зьяць прамень свабоды.

1909 г.