Белыя валокны
Сьцелюцца над долам.
Не сьпяваюць птушкі,
Сьціхнуў лесу шолам.
Сьцелюцца валокны,
Тчэцца павуціна —
Блізка, блізка восень,
Смутная часіна!
Зажурыцца неба,
Схованае ў хмары,
І агорнуць сэрца
Нейкі жаль і мары.
Замірае лета,
Заціхаюць далі,
Сірацее рэчка,
Халадзеюць хвалі.
Стомленасьць, зьнямеласьць…
Тояць думку боры…
Шш! што то за гукі
Чуюцца ў прасторы?
Жаласна-прыгожа
Льлюцца ў небе гукі,
Слухаюць лясы іх,
Луг, балота, лукі.
У бязьмежным небе
Роўненькім шнурочкам
Жураўлі на вырай
Мкнуцца над лясочкам.
Меншыцца шнурочак,
У паднеб‘і тае.
Вось ледзь-ледзь чарнее,
Міг — і прападае.
І стаіш ты, смутны,
Доўга пазіраеш,
Як-бы нешта страціў,
А што? сам ня знаеш.
Так у час расстаньня
З тым, хто сэрцу любы,
Адчуваеш смутак
Цяжкай страты-згубы.
І глядзіш маўкліва
На дарожку тую,
Што нясе ў далечу
Душу дарагую.
1909 г.
|