Збор твораў (Колас, 1928—1929)/I/1/I/Ручэй

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Адлёт жураўлёў Ручэй
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1928 год
На полі вясною
Іншыя публікацыі гэтага твора: Ручэй (Колас).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РУЧЭЙ

Між алешын, кустоў,
Дзе пяе салавей,
І шуміць і грыміць
Срэбразвонны ручэй.

Як матулька, вярба
Хіліць голаў над ім.
І глядзяцца кусты
Пышным верхам сваім.

Абступаюць яго
Шаптуны-чараты,
І вяночкі яму
Выплятаюць квяты.

Часам зорка-дзяўча
Кіне вокам здалёк,
І хмурынка ня раз
Зазірне ў ручаёк.

І схіляе трава
Над ім пасмы-брыжы.
А ён, жэўжык-пястун,
Гучным сьмехам дрыжыць.

То заскочыць у гай,
То курган абаўе,
Дзе сярдзіта бубніць,
Дзе лагодна пяе.

Люба слухаць той сьпеў,
Так ён лашчыць твой слух,
І пад песьні яго
Адпачыне твой дух.

1909 г.