Якуб Колас (Тарас Гушча). Збор твораў/АДЛЁТ ЖУРАЎЛЁЎ

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Лес АДЛЁТ ЖУРАЎЛЁЎ
Аўтар: Якуб Колас
1909
Ручэй


АДЛЁТ ЖУРАЎЛЁЎ

Белыя валокны
Сьцелюцца над долам.
Не сьпяваюць птушкі,
Сьціхнуў лесу шолам.

Сьцелюцца валокны,
Тчэцца павуціна —
Блізка, блізка восень,
Смутная часіна!

Зажурыцца неба,
Схованае ў хмары,
І агорнуць сэрца
Нейкі жаль і мары.

Замірае лета,
Заціхаюць далі,
Сірацее рэчка,
Халадзеюць хвалі.

Стомленасьць, зьнямеласьць…
Тояць думку боры…
Шш! што то за гукі
Чуюцца ў прасторы?

Жаласна-прыгожа
Льлюцца ў небе гукі,
Слухаюць лясы іх,
Луг, балота, лукі.

У бязьмежным небе
Роўненькім шнурочкам
Жураўлі на вырай
Мкнуцца над лясочкам.

Меншыцца шнурочак,
У паднеб’і тае.
Вось ледзь-ледзь чарнее,
Міг — і прападае.

І стаіш ты, смутны,
Доўга пазіраеш,
Як-бы нешта страціў,
А што? сам ня знаеш.

Так у час расстаньня
З тым, хто сэрцу любы,
Адчуваеш смутак
Цяжкай страты-згубы.

І глядзіш маўкліва
На дарожку тую,
Што нясе ў далечу
Душу дарагую.

1909 г.