Думкі — дыямэнты, краскі жыцьця…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Думкі – дыямэнты, краскі жыцьця...
Верш
Аўтар: Алесь Гарун
Крыніца: http://rv-blr.com/vershu/view/72073


 * * *

Думкі – дыямэнты, краскі жыцьця,
Песьні – вас гэтак люблю,
З вамі салодкіх гадзін забыцьця
Часам і я пазнаю.
        Жыцьце-няволя ў чужой старане,
        Працы надмернай яром
        Зараз зьнікаюць, бы ў госьці ка мне
        Вы паказаліся ў дом.
Слухайце ж, думкі: як прыйдзе мой скон,
Ў хатку зьляціце ка мне,
Хай перадсьмертны уцішыцца стон,
Сэрца на момант спачне.
        Хай засьпяваю, як лебедзь, калі
        Прыйдзе гадзіна яму,
        Ўзьнёсшыся ў неба ад маці-зямлі,
        Рыне ў адвечную цьму;
Хай засьпяваю аб сьне залатым
Веку людскога радства,
Роўнасьці, вольнасьці, брацтва – аб тым
Веку красы хараства.
        Можа, пачуўшы прадзгонны мой сьпеў,
        Сьціхла б на сьвеце вайна...
        З радасным духам бы я паляцеў
        Ў царства каханьня, відна.