Што крук круку ня выдзюбае вока,
То ведама даўна і ведама далёка;
І гдзе крапчэйшыя дзяруцца,
Дык слабшыя ніхай жа ня суюцца.
Бо ўжо чубы напэўна што парвуць,
Калі яны адзін другога не паймуць.
З двох мястэчкаў два падвозцы
Двох жыдоў вязлі напроці;
Спаткаліся-ж на вузенькай дарожцы;
І ніводзін ня ўступае па ахвоце:
Той кажа: „Парха ты вязеш, дарогу дай!“
А той крычыць: „Ты пана мне не лай,
Бо я твайго і біць гатоў!…“
І біч смалёны тут завёў,
А той у рукі ды бічышча…
І замахалі так, аж сьвішча!
Жыдкі у просьбу, каб гадзіцца.
Куды табе! — Ні прыступіцца,
Так бьюць, аж кроў цячэ жыдом!
„Ты бьеш майго, а я твайму аддам!“
І можа-б так на сьмерць пабілі
Дык хітра-ж і жыдкі зрабілі
Той перасеў таму на воз, а той туды.
І так заехалі абодва без бяды,
I мужыком так стала бліжай дому
І крыўды ніякой нікому.
Пазналіся жыдкі, пагергаталі
Дык мужыкі і біцца перасталі!
А што? Каб так і мы зрабілі,
А можа бы і нас не білі?
|