Перайсці да зместу

Для дзяцей (Талстой, 1928)/Расказы для дзяцей/Каўкаскі палоньнік

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Паляваньне горш за няволю Каўкаскі палоньнік
Апавяданьне
Аўтар: Леў Талстой
1928 год
Арыгінальная назва: Кавказский пленник (1872)
Пераклад: Макар Краўцоў
Ермак

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




КАЎКАСКІ ПАЛОНЬНІК.

Служыў на Каўказе афіцэрам адзін пан. Звалі яго Жылін.

Прыйшло да яго раз пісьмо з дому. Піша яму старая маці: „старая я ўжо зрабілася і хочацца перад сьмерцю пабачыць любога сынка. Прыяжджай са мною разьвітацца, пахавай, а там і з Богам едзь назад на службу. А я табе нявестку падшукала: і разумная, і харошая, і двор ёсьць. Палюбіцца табе, мо‘ і ажэнішся і зусім застанешся.“

Жылін і раздумаўся. І запраўды благая ўжо старэнькая зрабілася; мо‘ й не давядзецца ўбачыць. Паехаць, а калі нявеста харошая, — дык і жаніцца можна.

Пайшоў ён да палкоўніка, вырабіў одпуск, разьвітаўся з таварышамі, паставіў сваім салдатам чатыры вядры гарэлкі на разьвітаньне і сабраўся ехаць.

На Каўказе тады вайна была. Па дарогах ні ўдзень, ні ўночы ня было праезду. Ледзь хто з рускіх ад‘едзе, ці адойдзе ад крэпасьці, татары або заб‘юць, або адвядуць у горы. І было заведзена, што два разы ў тыдзень з крэпасьці ў крэпасьць хадзілі праваднікі салдаты. Сьпераду і ззаду ідуць салдаты, а ў сярэдзіне едзе народ.

Справа была летам. Сабраліся чуць сьвет абозы за крэпасьць, выйшлі канвойнікі салдаты і рушылі па дарозе. Жылін ехаў конна, і воз яго з рэчамі ішоў у абозе.

Ехаць было 25 вёрст. Абоз ішоў памалу: то салдаты затрымаюцца, то ў абозе кола ў каго саскочыць ці конь стане, і ўсе стаяць — чакаюць.

Сонца ўжо й за поўдзень перайшло, а абоз толькі палову дарогі прайшоў. Пыл, сьпёка, сонца так і пячэ, і схавацца няма дзе. Голы сьцеп: ні дзераўца, ні кусьціка па дарозе.

Выехаў Жылін наперад, стаў і чакае, пакуль падайдзе да яго абоз. Чуе, ззаду на ражку заігралі — ізноў стаяць. Жылін і падумаў: „а ці не паехаць аднаму, без салдатаў? Конь пада мною добры, — калі і пападуся на татараў, уцяку. Ці мо‘ ня ехаць?“

Спыніўся, раздумвае. І пад‘яжджае на яго на кані другі афіцэр, Кастылін, з стрэльбаю, і кажа:

— Паедзем, Жылін, адны. Сілы няма, есьці хочацца, дый сьпёка. На мне сарочку хоць выкруці.

А Кастылін — мужчына цяжкі, тоўсты, увесь чырвоны, а пот з яго так і цячэ. Падумаў Жылін і кажа:

— А стрэльба набітая?

— Набітая.

— Ну, дык едзьма. Толькі ўгавор — не разьяжджацца.

І паехалі яны наперад дарогаю. Едуць сьцепам, гавораць ды паглядаюць па бакох. Навокал далёка відаць.

Толькі скончыўся сьцеп, увайшла дарога паміж дзьвюх гораў у міжгор‘е, Жылін і кажа:

— Трэба выехаць на гару, паглядзець, а то тут магчыма, выскачаць з гары, і ня ўбачыш.

А Кастылін кажа:

— Што глядзець? Едзьма наперад.

Жылін не паслухаў яго.

— Не, кажа, ты пачакай унізе, а я толькі гляну.

І пусьціў каня налева на гару. Конь пад Жыліным быў ахвотніцкі (ён за яго сто рублёў заплаціў у табуне жарабём і сам выязьдзіў), як на крыльлях узьнёс яго на кручу. Толькі выехаў, — зірк, а перад самым ім, на дзесяціну месца, стаяць татары конна, чалавек трыццаць. Ён убачыў, пачаў назад скіроўваць; і татары яго ўбачылі, пусьціліся да яго, самі наляту выцягваюць стрэльбы з похваў. Прыпусьціў Жылін пад кручу на ўсе конскія ногі, крычыць Кастыліну:

— Вымай стрэльбу! — а сам думае на каня свайго: „родненькі, вынясі, не зачапіся нагою; скапыцішся — прапаў. Дабяруся да стрэльбы, а ім ня дамся.“

А Кастылін, замест таго, каб пачакаць, як толькі ўбачыў татараў, — дык і папёр, як мог, да крэпасьці. Бізуном ашпарвае каня то з таго, то з таго боку. Толькі ў пыле відаць, як конь хвастом круціць.

Жылін бачыць — справа благая. Стрэльба ўцякла, з аднэю шабляю нічога не парадзіш. Пусьціў ён каня назад да салдатаў, — думаў, уцячы. Бачыць, яму наперарэз ляцяць шасьцёх.

Пад ім конь добры, а пад тымі яшчэ лепшыя, дый наперарэз ляцяць. Пачаў ён скарочваць, хацеў назад павярнуць, але ўжо разьляцеўся конь — ня ўтрымаеш, проста на іх ляціць. Бачыць — блізіцца да яго з чырвонаю барадою татарын на шэрым кані. Пішчыць, зубы вышчарыў, стрэльба напагатове.

— Ну, — думае Жылін, — знаю вас, чарцей: „калі жывога вазьмуць, дык пасадзяць у яму, будуць бізуном сячы. Дык ня дамся-ж жывы...“

А Жылін, хоць невялікі ростам, але ўдалы быў. Выхапіў шашку, пусьціў каня проста на чырвонага татарына, думае: „або канём самну, або зрубаю шабляю.“

На каня месца не даехаў Жылін — выстралілі да яго ззаду з стрэльбаў і папалі ў каня. Стукнуўся конь аб землю з усяго размаху, наваліўся Жыліну на нагу.

Хацеў ён устаць, а ўжо на ім два татарыны ванючыя сядзяць, круцяць яму назад рукі. Рвануўся ён, скінуў з сябе татараў — але яшчэ пазлазілі з коняй трох на яго, пачалі біць ложамі па галаве. Памутнела ў яго ў вачох і захістаўся. Схапілі яго татары, зьнялі з сёдлаў падпругі запасныя, закруцілі яму рукі назад, завязалі татарскім вузлом, павалаклі да сядла. Шапку з яго зьбілі, боты сьцягнулі, усё абглядзелі — грошы, гадзіньнік вынялі, вопратку ўсю падралі. Аглянуўся Жылін на свайго каня. Ён, бедны, як упаў на бок, так і ляжыць, толькі б‘е нагамі, — да зямлі не дастае; у галаве дзіра, а з дзіры так і сьвішча кроў чорная — на аршын навокала пыл значыла.

Адзін татарын падыйшоў да каня, пачаў сядло зьнімаць, — ён усё бічкуецца; татарые выняў кінджал, перарэзаў яму горла. Засьвістала з горла, страпянуўся — і вон пара.

Зьнялі татары сядло, збрую. Сеў татарын з чырвонаю барадою на каня, а іншыя падсадзілі Жыліна да яго на сядло, а каб ня ўпаў, прыцягнулі яго раменем за пояс да татарына і павязьлі ў горы.

Сядзіць Жылін за татарынам, пагойдваецца, таўчэ тварам у ванючыя татарскія плечы. Толькі і бачыць перад сабою здаравенныя татарскія плечы ды шыю жылаватую, ды патыліца голеная з-пад шапкі сінее. Галава ў Жыліна разьбіта, кроў запяклася над вачыма. І нельга яму ні паправіцца на кані, ні крыві абцёрці. Рукі гэтак закручаныя, што ў ключыцы баліць.

Ехалі яны доўга з гары на гару, пераехалі ў брод раку, выехалі на дарогу і паехалі лагчынаю.

Хацеў Жылін прыкмячаць дарогу, куды яго вязуць, ды вочы замазаны крывёю, а павярнуцца нельга. Пачало зьмяркаць; пераехалі яшчэ рэчку, пачалі паднімацца па каменнай гары, запахла дымам, забрахалі сабакі. Прыехалі ў аул[1]. Пазлазілі з коняй татары, сабраліся дзеці татарскія, абкружылі Жыліна, пішчаць, цешацца, пачалі каменьнямі шпургаць у яго.

Татарын адагнаў дзяцей, зьняў Жыліна з каня і клікнуў работніка. Прыйшоў нагаец, пуцаты, у аднэй сарочцы. Сарочка абарваная, усе грудзі голыя. Прыказаў нешта яму татарын. Прынёс работнік калодку: два камлякі дубовыя на жалезныя кольцы насаджаны і ў адным кальцы прабойчык і замок.

Разьвязалі Жыліну рукі, налажылі калодку і павялі ў хлеў, піхнулі яго туды і замкнулі дзьверы, Жылін упаў на гной, паляжаў, абмацаў у цемнаце, дзе мягчэй, і лёг.

IІ.

Блізка што ўсю гэту ноч ня спаў Жылін. Ночы кароткія былі. Бачыць — у шчылінцы сьвіціцца пачало. Устаў Жылін, раскапаў шчыліну большую, пачаў глядзець.

Відаць яму з шчыліны дарогу — пад гару йдзе, направа сакля татарская, два дрэвы каля яе. Сабака чорны ляжыць на парозе, каза з казьлянятамі ходзіць, хвосьцікамі падрыпваюць. Бачыць — з-пад гары ідзе татарка маладзенькая, у сарочцы колернай, расьпярэзкай, у портках і ў ботах, галава каптаном пакрытая, а на галаве вялікі збанок бляшаны з вадою. Ідзе, у плечах падрыгвае, перагінаецца, а за руку татарчука вядзе голенага ў аднэй сарочцы. Прайшла татарка ў саклю з вадою, выйшаў татарын учарашні з чырвонаю барадою ў бэшмэце шаўковым, на дзязе кінджал сярэбраны, у башмакох на босую нагу. На галаве шапка высокая, бараняя, чорная, назад заломана. Выйшаў пацягваецца, бараду чырвоную сам пагладжвае. Пастаяў, загадаў нешта работніку і пайшоў кудысьці.

Праехала пасьля на конях двое дзяцей да вадапою. У коняй храпы мокрыя. Выбяглі яшчэ хлапчаняты голеныя, у адных сарочках, без парток, сабраліся кучкаю, падыйшлі да хлява, узялі галіну і сунуць у шчыліну. Жылін як ухне на іх: запішчалі дзеці, закаціліся бегчы проч, толькі каленкі голыя блішчаць.

А Жыліну піць хочацца, у горле перасохла; думае: каб хоць прыйшлі адведаць. Чуе — адмыкаюць хлеў. Прыйшоў чырвоны татарын, а з ім другі, меншы ростам чарнаваценькі. Вочы чорныя, сьветлыя, румяны, бародка маленькая, падстрыжаная; твар вясёлы, усё сьмяецца. Апранены чарнаваты яшчэ ляпей: бэшмэт шаўковы, сіні, галунчыкам абшыты. Кінджал на поясе вялікі, сярэбраны, боцікі чырвоныя, таксама серабром абшытыя. А па тонкіх боціках другія, тоўстыя башмакі. Шапка высокая з белага барашку.

Чырвоны татарын увайшоў, сказаў нешта, быццам лаецца, і стаў; абапёрся на локці аб жэрдку, кінджалам варухае, як воўк спадлоббя паглядае на Жыліна. А чарнаваты — быстры, жывы, так увесь на пружынах і ходзіць — падыйшоў проста да Жыліна, сеў на карачкі, вышчараецца, папляскаў яго па плячы, штосьці пачаў густа-густа пасвойму лапацець, вачыма падміргвае, языком прыплясквае, ўсё прыгаварвае: „корошо урус, корошо урус!“

Нічога не зразумеў Жылін і кажа: „піць, вады піць дайце.“

Чорны сьмяецца: „карош урус,“ усё пасвойму лапаціць.

Жылін губамі і рукамі паказаў, каб піць яму далі.

Чорны зразумеў, засьмяяўся, выглянуў у дзьверы, клікнуў кагосьці: „Дзіна!“

Прыбегла дзяўчынка — тоненькая, худзенькая, гадоў трынаццацёх, і тварам да чорнага падобная. Відаць, што дачка. Таксама — вочы чорныя, сьветлыя і тварам харошая. Апранена ў сарочку доўгую, сінюю, з шырокімі рукавамі і бяз пояса. На полах, на грудзёх і на рукавох аблямована чырвоным. На нагах нагавіцы і башмачкі, а на башмачкох другія з высокімі абцасамі; на шыі моністо, усё з расейскіх паўрублёў. Галава непакрытая, каса чорная і ў касе стужка, а на стужцы прывешаны бляхі і рубель сярэбраны.

Загадаў ёй нешта бацька. Пабегла і ізноў прыйшла, прынясла збаночак бляшаны. Падала ваду, сама села на карачкі, уся сагнулася, так што плечы ніжэй за калены зыйшлі. Сядзіць, вочы вырачыла, глядзіць на Жыліна, як ён п‘е, як на зьвера якога.

Падаў ёй Жылін назад збанок. Як скокне яна проч, як каза дзікая. Нават бацька засьмяяўся. Паслаў яшчэ кудысьці. Яна ўзяла збанок, пабегла, прынясла хлеба прэснага на дошчачцы круглай ды ізноў сама сагнулася, вачэй ня спушчае — глядзіць. Пайшлі татары, замкнулі ізноў дзьверы.

Пачакаўшы крыху, прыходзіць да Жыліна нагаец і кажа:

Айда, хозяйн, айда!

Таксама ня ўмее парасейску. Толькі зразумеў Жылін, што кажа ісьці кудысьці.

Пайшоў Жылін з калодкаю, кульгае, ступіць нельга, — так і круціць нагу ў бок. Выйшаў Жылін за нагайцам. Бачыць — вёска татарская, хатаў з дзесяць, і царква іхняя з вежачкай. Каля аднае хаты стаяць тры кані асядланыя. Хлопчыкі трымаюць за павады. Выскачыў з гэтае хаты чарнаваты татарын, замахаў рукою, каб да яго йшоў Жылін. Сам сьмяецца, усё гаворыць нешта пасвойму, і пайшоў у дзьверы. Прыйшоў Жылін у хату. Сьвятліца добрая, сьцены глінаю гладка вымазаны. У пярэдняй сьцяне пухавікі пярэстыя ўложаны, па бакох вісяць дываны дарагія; на дыванох стрэльбы, пісталеты, шаблі, — усе ў серабры. У аднэй сьцяне печка маленькая, роўна з падлогаю. Падлога земляная, чыстая, як ток, і ўвесь пярэдні куток засланы вайлакамі; на вайлакох дываны, а на дыванох пуховыя падушкі. І на дыванох, у адных башмакох, сядзяць татары: чорны, чырвоны і трое гасьцей. За плячыма у ўсіх пуховыя падушкі падкладзены, а перад імі на круглай дошчачцы бліны прасяныя, і масла каровяе распушчана ў чашцы, і піва татарскае — буза — у збаночку. Ядуць рукамі, і рукі ўсе ў масьле.

Падскочыў чорны, загадаў пасадзіць Жыліна з боку, не на дыван, а на голую падлогу; залез ізноў на дыван, частуе гасьцей блінамі і бузою. Пасадзіў работнік Жыліна на месца, сам зьняў верхнія башмакі, паставіў каля дзьвярэй у радок, дзе і іншыя башмакі стаялі, і сеў на вайлак бліжэй да гаспадароў; глядзіць як яны ядуць, сьліну выцірае.

Зьелі татары бліны, прыйшла татарка ў сарочцы гэткай самай, як і дзеўка, і ў нагавіцах, галава ў хустцы. Аднясла масла, бліны, падала балейку добрую і збанок з вузкім горлам. Пачалі мыць рукі татары, пасьля злажылі рукі, селі на каленкі, падулі на ўсе бакі і малітвы прагаварылі. Пагутарылі пасвойму. Пасьля адзін з гасьцей — татараў павярнуўся да Жыліна, пачаў гаварыць парасейску.

— Цябе, — кажа, — узяў Казі-Мухамэд, — сам паказвае на чырвонага татарына, — і аддаў цябе Абдул-Мурату, — паказвае на чарнаватага. — Абдул-Мурат цяпер твой гаспадар.

Жылін маўчыць. Загаварыў Абдул-Мурат і ўсё паказвае на Жыліна, і сьмяецца, і прыгаварвае: „салдат урус, харашо урус.“ Тлумач кажа: „ён табе загадвае дамоў напісаць, каб за цябе выкуп прыслалі. Як прышлюць грошы, ён цябе пусьціць.“

Жылін падумаў і кажа:

— А ці шмат ён хоча выкупу?

Пагаварылі татары; тлумач і кажа:

— Тры тысячы монэтаў.

— Не, — кажа, Жылін, — я гэтага заплаціць не магу.

Падскочыў Абдул, пачаў рукамі махаць, нешта казаць Жыліну — усё думае, што ён зразумее. Ператлумачыў тлумач, кажа: „колькі-ж ты дасі?“ Жылін падумаў і кажа: „500 рублёў.“ Тут татары загаварылі густа, усе раптам. Пачаў Абдул крычаць на чырвонага, залапацеў так, што сьліна з рота пырскае.

А чырвоны толькі хмурыцца ды языком палузгвае.

Замаўчалі яны, тлумач кажа:

— Гаспадару выкупу мала 500 рублёў. Ён сам за цябе 200 рублёў заплаціў. Яму Казі-Мухамэд быў вінават. Ён цябе за доўг узяў. Тры тысячы рублёў, менш нельга пусьціць. А не напішаш — у зямлю пасадзяць, караць будуць бізуном.

„Эх, — думае Жылін, — з імі чым больш трусіць, тым горш.“

Устаў на ногі і кажа:

— А ты яму, сабацы, скажы, што калі ён мяне палохаць хоча, дык ні капейкі-ж ня дам, і пісаць ня буду. Не баяўся дый не збаюся вас, сабакаў!

Ператлумачыў тлумач; ізноў загаварылі ўсе раптам.

Доўга лапацелі, падскочыў чорны, падыйшоў да Жыліна:

— Урус, кажа, джыгіт, джыгіт урус!

Джыгіт, паіхняму, азначае „маладзец.“ І сам сьмяецца; сказаў нешта тлумачу, а тлумач кажа:

— Тысячу рублёў дай!

— Жылін стаў на сваім: „больш як 500 рублёў ня дам. А заб‘ецё — нічога не вазьмеце.“

Пагаварылі татары, паслалі кудысьці работніка, а самі то на Жыліна, то на дзьверы паглядаюць. Прыйшоў работнік і ідзе за ім чалавек нейкі тоўсты, басанож і абадраны, на назе таксама калодка. Так і ахнуў Жылін — пазнаў Кастыліна. І яго злавілі. Пасадзілі іх побач; пачалі яны расказваць адзін аднаму, а татары маўчаць, пазіраюць. Расказаў Жылін, як з ім справа была, Кастылін расказаў, што конь пад ім стаў і стрэльба не спаліла, і што гэты самы Абдул нагнаў яго і ўзяў.

Падскочыў Абдул, паказвае на Кастыліна, нешта кажа. Ператлумачыў тлумач, што яны цяпер абодва аднаго гаспадара, і хто першы грошы дасьць, таго раней пусьцяць.

— Вось, — кажа Жыліну, — ты ўсё злуеш, а таварыш твой ціхі: ён напісаў пісьмо дамоў, пяць тысяч монэтаў прышлюць. Вось яго і карміць будуць добра і крыўдзіць ня будуць.

Жылін і кажа: :

— Таварыш, як сабе хоча: ён мо‘ багаты, а я небагаты. Я, — кажа, — як сказаў, так і будзе. Хочаце — забівайце, — карысьці вам ня будзе, а больш як 500 рублёў не напішу.

Памаўчалі. Раптам падскочыў Абдул, дастаў сундучок, выняў пяро, паперы кавалак, чарніла, падсунуў Жыліну, ляснуў па плячы, і паказвае: „пішы.“ Згадзіўся на 500 рублёў.

— Пачакай яшчэ, — кажа Жылін тлумачу, — скажы ты яму, каб ён нас карміў добра, апрануў, абуў як трэба, каб трымаць разам, нам весялей будзе, і каб калодку зьняў. — Сам глядзіць на гаспадара і сьмяецца. Сьмяецца і гаспадар. Выслухаў і кажа:

Вопратку найлепшую дам: і чаркеску і боты, хоць жаніцца. Карміць буду, як князёў. А калі хочуць жыць разам, дык хай жывуць у хляве. А калодкі нельга зьняць, — уцякуць. На нач толькі зьнімаць буду. Падскочыў, трапае па плячы: — твая харош, мая харош!

Напісаў Жылін пісьмо, а на пісьме ня так напісаў, — каб не дайшло. Сам думае: „я ўцяку.“

Адвялі Жыліна з Кастыліным у хлеў, прынясьлі ім саломы кукурузнае, вады ў збане, хлеба, дзьве чаркескі старыя і боты падраныя, салдацкія. Відаць, з забітых салдатаў сьцягнулі. На нач зьнялі з іх калодкі і замкнулі хлеў.

III.

Жыў гэтак Жылін з таварышам месяц цэлы. Гаспадар усё сьмяецца: „твая, Іван, харош, — мая, Абдул, харош.“ А карміў блага — толькі й даваў, што хлеб прэсны з прасяное мукі, куханамі печаны, а то й зусім цеста няпечанае.

Кастылін яшчэ раз пісаў дамоў, усё чакаў грошай і сумаваў. Цэлымі днямі сядзіць у хляве і лічыць дні, калі пісьмо прыдзе, або сьпіць. А Жылін ведаў, што яго пісьмо не дайдзе, а другога ня пісаў.

„Дзе, — думае, — матцы гэтулькі грошай узяць за мяне заплаціць. І то яна тым больш жыла, што я пасылаў ёй. Калі ёй 500 рублёў сабраць, дык трэба рашыцца зусім; Бог дасьць і — сам выбяруся.“

А сам усё выглядае, выпытвае, як яму ўцякаць.

Ходзіць па ауле, пасьвіствае, а то сядзіць што-небудзь майструе — або з гліны лялькі лепіць, або пляце пляцёнкі з дубцоў. А Жылін на ўсякую работу майстар быў. Зьляпіў ён раз ляльку, з носам, з рукамі, з нагамі і ў татарскай сарочцы, і паставіў ляльку на страху. Пайшлі татаркі па ваду. Гаспадарская дачка Дзінка ўбачыла ляльку, паклікала татарак. Паставілі збанкі, глядзяць, сьмяюцца. Жылін зьняў ляльку, падае ім. Яны сьмяюцца, а ня сьмеюць узяць. Пакінуў ён ляльку, пайшоў у хлеў і глядзіць: што будзе?

Падбегла Дзіна, аглянулася, схапіла ляльку і ўцякла.

Назаўтра глядзіць, чуць сьвет Дзіна выйшла на парог з лялькаю. А ляльку ўжо лапеньнем чырвоным убрала і калыша, як дзіця, сама пасвойму люляе. Выйшла старая, залаялася на яе, вырвала ляльку, разьбіла яе, паслала недзе Дзіну на работу.

Зрабіў Жылін другую ляльку, яшчэ лепшую, аддаў Дзіне. Прынясла раз Дзіна збаночак, паставіла, села і глядзіць на яго, сама сьмяецца, паказвае на збанок.

„Чаго яна цешыцца?“ думае Жылін. Узяў збанок, пачаў піць. Думаў — вада, а там малако. Выпіў ён малако. „Добра!“ кажа. Як усьцешыцца Дзіна.

— Добра, Іван, добра! — і падскочыла, запляскала ў далоні, вырвала збаночак і ўцякла.

І з таго часу пачала яна яму кожны дзень, крадучы малако насіць. А то робяць татары з казінага малака лепнякі сырныя і сушаць іх на стрэхах, дык яна гэтыя лепнякі яму тайком прыносіла. А то раз зарэзаў гаспадар барана, дык яна яму кавалак бараніны прынясла у рукаве. Кіне і ўцячэ.

Былі раз грымоты моцныя, і дождж цэлую гадзіну, як з вядра, ліў. І замуціліся ўсе рэчкі. Дзе быў брод, там на тры аршыны вада пашла каменьні варочае. Усюды ручаі бягуць, гук стаіць па горах. Вось, як прайшлі грымоты, усюды па вёсцы ручаі цякуць. Жылін выпрасіў у гаспадара ножык, выразаў валак, дошчачкі, кола аперыў, а да кола на двух канцох лялькі прырабіў.

Прынясьлі яму дзяўчынкі лапеньчыкаў; апрануў ён лялькі: адна — мужык, другая — баба; умацаваў іх, паставіў кола на ручай. Кола круціцца, а лялькі паддзыгаюць.

Сабралася ўся вёска: хлопчыкі, дзяўчаткі, бабы і татары прыйшлі, языком лузгаюць:

— Ай, урус! ай, Іван!

Быў у Абдула гадзіньнік расейскі, зломаны. Паклікаў ён Жыліна, паказвае, языком лузгае. Жылін кажа:

— Давай, папраўлю.

Узяў, разабраў ножыкам, разлажыў; ізноў зладзіў, аддаў. Ідзе гадзіньнік.

Уцешыўся гаспадар, прынёс яму бэшмэт свой стары, увесь у лахманох, падарыў. Няма чаго рабіць — узяў: і то спатрэбіцца накрыцца ўночы.

З таго часу прайшла аб Жыліне слава, што ён майстар. Пачалі да яго з далёкіх вёсак прыяжджаць— хто замок на стрэльбу або на пісталет паправіць прынясе, хто гадзіньнік. Прывёз яму гаспадар прыладзьдзе: і абцужкі, і дрылікі, і напільнічак. Захварэў неяк татарын. Прыйшлі да Жыліна: „ідзі, палячы“. Жылін нічога ня ведае, як лячыць. Пайшоў, паглядзеў, думае: „а можа й паздаровее сам“. Пайшоў у хлеў, узяў вады, памяшаў. Пры татарах пашаптаў на ваду, даў выпіць. Выздаравеў на яго шчасьце татарын. Пачаў Жылін разумець паіхняму. І якія татары прывыклі да яго, дык, калі трэба, клічуць: Іван, Іван, а некаторыя ўсё, як на зьвяра, паглядаюць.

Чырвоны татарын ня любіў Жыліна. Як убачыць, надуецца і проч адвернецца, або вылае. Быў яшчэ ў іх стары, жыў ён не ў ауле, а прыходзіў з-пад гары. Бачыў яго Жылін толькі, калі ён у мэчэт прыходзіў Богу маліцца. Ён быў росту маленькага, на шапцы ў яго белы ручнік абмотаны. Бародка й вусы падстрыжаныя, белыя, як пух, а твар зморшчаны і чырвоны, як цэгла. Нос кручком, як у каршуна, а вочы шэрыя, злыя, і зубоў няма — толькі два клыкі. Ідзе, бывала ў чалме сваёй, палкай падпіраецца, як воўк азіраецца. Як убачыць Жыліна, дык захрапе і адвернецца.

Пайшоў раз Жылін пад гару — паглядзець, дзе жыве стары. Зыйшоў па сьцежачцы, бачыць — садочак, абгароджа каменная; з-за абгароджы чарэшні, шапталы і хатка з плоскаю стрэшкаю. Падыйшоў ён бліжэй, бачыць — вульлі стаяць плеценыя з саломы, і пчолы лятаюць, гудуць. І стары стаіць на каленках, штосьці калупаецца каля вульля. Падняўся Жылін вышэй паглядзець і загрымеў калодкаю. Стары аглянуўся — як пісьне; выцягнуў з-за пояса пісталет, у Жыліна выстраліў. Ледзь здалеў за камень прытуліцца.

Прыйшоў стары да гаспадара Жыліна. Паклікаў гаспадар Жыліна, сам сьмяецца і пытаецца:

— Чаго-ж ты да старога хадзіў? — Я, кажа, яму благога не зрабіў. Я хацеў паглядзець, як ён жыве.

Перадаў гаспадар.

А стары злуе, сычыць, нешта лапоча, клыкі свае вышчарыў, махае рукамі на Жыліна.

Жылін не зразумеў усяго, але зразумеў, што стары кажа гаспадару забіць расейцаў, і ня трымаць іх у ауле. Пайшоў стары.

Пачаў Жылін пытацца ў гаспадара: што гэта за стары? Гаспадар і кажа:

— Гэта вялікі чалавек! Ён першы джыгіт быў, ён шмат расейцаў пабіў, багаты быў. У яго было тры жонкі і 8 сыноў. Усе жылі ў аднэй вёсцы. Прыйшлі расейцы, зруйнавалі вёску і сем сыноў забілі. Адзін сын застаўся і перадаўся расейцам. Стары паехаў і сам перадаўся расейцам. Пажыў у іх тры месяцы, знайшоў там свайго сына, сам забіў яго і ўцёк. З таго часу ён кінуў ваяваць, пайшоў у Мэкку — Богу маліцца, дзеля гэтага ў яго чалма. Хто ў Мэкцы быў, той завецца хаджы і чалму накладае. Ня любіць ён вашага брата. Ён кажа цябе забіць; але мне нельга забіць, — я за цябе грошы заплаціў; ды я цябе, Іван, палюбіў, я цябе ня то, што забіць, — я цябе і пушчаць ня думаў-бы, каб слова ня даў.

Сьмяецца сам, прыгаварвае парасейску: „твая, Іван, хорош, — мая, Абдул, хорош!“

IV.

Пражыў гэтак Жылін месяц. Удзень ходзіць па ауле або майструе, а як ноч прыдзе, заціхне ў ауле, дык ён у сябе ў хляве капае. Цяжка было капаць ад каменьняў, але ён напільнікам каменьні цёр, і пракапаў ён пад сьцяной дзіру, каб можна было пралазіць. „Каб толькі, — думае, — мне месца добранька пазнаць, у які бок ісьці. Ды ня кажа ніхто з татараў“.

Вось ён выбраў час, як гаспадар выехаў; пайшоў па палудні за аул, на гару, — хацеў адтуль месца паглядзець. А калі гаспадар выяжджаў, дык ён загадаў малому за Жыліным хадзіць, з вачэй яго ня спускаць. Бяжыць за Жыліным, крычыць:

— Ня ідзі! Бацька не загадваў. Зараз народ паклічу!

Пачаў яго Жылін угаварваць.

— Я, кажа, далёка не пайду — толькі на тую гару паднімуся: мне траву трэба знайсьці — ваш народ лячыць. Хадзем са мною; я з калодкаю не ўцяку. А табе заўтра лук зраблю і стрэлы.

Угаварыў малога, пайшлі. Глядзець на гару — недалёка, а з калодкаю цяжка; ішоў, ішоў, ледзь дабраўся. Сеў Жылін, пачаў месца разглядаць. На паўдні, за хлеў лагчына, табун ходзіць, і аул другі ўнізочку відаць. Ад аулу другая гара — яшчэ страшней; за тэй гарою — яшчэ гара. Паміж гораў лес сінее, а там яшчэ горы — усё вышэй і вышэй паднімаюцца. А вышэй за ўсе — белыя, як цукер, горы стаяць пад сьнегам. І адна сьнегавая гара вышэй за іншыя шапкаю стаіць. На ўсход і на захад — усё гэткія самыя горы; дзе-ня-дзе ауды дымяць у міжгор‘ях. „Ну, думае, гэта ўсё іхняя старана“. Пачаў глядзець у расейскі бок, пад нагамі рэчка, аул свой, садочкі навокала. На рэчцы — як лялькі маленькія відаць — бабы сядзяць, палошчуць. За аулам ніжэй гара і праз яе яшчэ дзьве гары, па іх лес; а паміж дзьвёх гароў сінее роўнае месца, а на роўным месцы далёка-далёка быццам дым сьцелецца. Пачаў Жылін успамінаць, калі ён у крэпасьці дома жыў, дзе сонца ўсходзіла і заходзіла. Бачыць — там якраз, у гэтай даліне, павінна быць наша крэпасьць. Туды, паміж гэтых дзьвёх гораў і ўцякаць трэба.

Пачало сонейка заходзіць. Зрабіліся сьнегавыя горы з белых чырвоныя, у чорных горах пацямнела; з лагчынаў пара паднялася, і сама тая даліна, дзе крэпасьць павінна быць, як у агні загарэлася ад захаду. Пачаў Жылін углядацца — відаць крыху нешта ў даліне, быццам дым з каміноў. І так і думаецца яму, што гэта самае — крэпасьць расейcкая.

Ужо позна зрабілася. Чуваць мулла пракрычаў. Быдла гоняць — каровы равуць. Малы ўсё кліча: „пойдзем“, а Жылізу і ісьці ня хочацца.

Вярнуліся яны дамоў. „Ну, — думае Жылін, — цяпер месца ведаю, трэба ўцякаць.“ Хацеў ён уцячы ў тую-ж самую ноч. Ночы былі цёмныя, — ветах месяца. На бяду ўвечары вярнуліся татары. Бывала, прыяжджаюць яны — гоняць з сабою жывёлу і прыяжджаюць вясёлыя. А на гэты раз нічога ня прыгналі і прывязьлі на сядле свайго забітага татарына, брата рыжага. Прыехалі злыя, сабраліся ўсе хаваць. Выйшаў і Жылін паглядзець. Завінулі няжывога ў палатно, бяз труны, вынясьлі пад чынары за вёску, паклалі на траву. Прыйшоў мулла, сабраліся старыя, ручнікамі абвінулі шапкі, разуліся, селі ў радок на пяткі перад няжывым.

Сьпераду мулла, ззаду тры старыя ў чалмах радочкам, а ззаду ў іх яшчэ татары. Селі, паспушчалі вочы і маўчаць. Доўга маўчалі. Падняў галаву мулла і кажа:

— Алла! (значыцца — Бог). — Сказаў гэта адно слова, ды ізноў паспушчалі вочы і доўга маўчалі; сядзяць — не варушацца.

Ізноў падняў галаву мулла.

— Алла! — і ўсе сказалі: „Алла!“ ды ізноў змоўклі. Мёртвы ляжыць на траве не варухнецца, яны сядзяць ях няжывыя. Не варухнецца ніводзін. Толькі чутно — на чынары лісточкі ад ветрыку хістаюцца. Пасьля прагаварыў мулла малітву, усе ўсталі, паднялі няжывога на рукі, панясьлі. Прынясьлі да ямы; яна выкапана ня проста, падкопана пад зямлю, як пячурка. Узялі мёртвага пад пахі ды пад лыткі, перагнулі, спусьцілі памаленечку, падсунулі сёдма пад зямлю, заправілі яму рукі на жывот.

Прыпёр нагаец чарату зялёнага, заклалі чаротам яму, хутка засыпалі зямлёю, зраўнялі, а ў галовы да мраца камень стырчма паставілі. Утапталі зямлю, селі ізноў радочкам перад магілкаю. Доўга маўчалі.

— „Алла, Алла!“ Уздыхнулі і ўсталі.

Раздаў рыжы грошай старым, пасьля ўстаў, узяў бізун, ударыў сябе тры разы па лобе і пайшоў да хаты.

Назаўтра бачыць Жылін — вядзе чырвоны кабылу за вёску, і за ім трох татараў ідзе. Выйшлі за вёску, скінуў рыжы бэшмэт, закасаў рукавы, — рукі здаравенныя, — выняў кінджал, натачыў на бруску, задралі татары кабыле галаву ўгару, падыйшоў рыжы, перарэзаў горла, паваліў кабылу і пачаў разьбіраць — кулаччом скуру падпорвае. Прыйшлі бабы, дзяўкі, пачалі мыць кішкі і нутро. Разрубалі пасьля кабылу, сьцягнулі ў хату. І ўся вёска сабралася да рыжага памінаць нябожчыка.

Тры дні елі кабылу, бузу пілі — нябожчыка паміналі. Усе татары ўдома былі. На чацьвёрты дзень, бачыць Жылін, у абед кудысьці зьбіраюцца. Прывялі коні, убралі і паехалі чалавек дзесяць, і чырвоны паехаў; толькі Абдул застаўся. Месяц толькі нарадзіўся — ночы яшчэ цёмныя былі.

„Ну, — думае Жылін, — цяпер уцякаць трэба“, — і кажа Кастыліну. А Кастылін затрусіў.

— Ды як-жа ўцякаць? мы і дарогі ня ведаем.

— Я ведаю дарогу.

— Дый не дайдзем уночы.

— А не дайдзем — у лесе пераначуем. Я вось лепнякоў набраў. Што-ж ты будзеш сядзець? Добра калі прышлюць грошай, а то і не зьбяруць. А татары цяпер злыя за тое, што расейцы іхняга забілі. Дзейкаюць — нас забіць хочуць.

Падумаў, падумаў Кастылін.

— Ну, пойдзем!

V.

Палез Жылін у дзірку, раскапаў шырэй, каб і Кастыліну пралезьці; і сядзяць яны — чакаюць, каб заціхла ў ауле.

Толькі заціх народ у ауле, Жылін палез пад сьцяну, выбраўся. Шэпча Кастыліну: „лезь.“ Палез і Кастылін, ды зачапіў камень нагою, загрымеў. А ў гаспадара стораж быў — пярэсты сабака страшэнна злы; звалі яго Уляшын. Жылін ужо наперад прыкарміў яго. Пачуў Уляшын — забрахаў і кінуўся, а за ім і іншыя сабакі. Жылін чуць сьвіснуў, кінуў лепняка кусок, — Уляшын пазнаў, замахаў хвастом і пакінуў брахаць.

Гаспадар пачуў, загайкаў з саклі: „гайць, гайць, Уляшын.“

А Жылін за вушмі пачэсвае Уляшына. Маўчыць сабака, трэцца яму каля ног, хвастом круціць.

Пасядзелі яны за вуглом. Заціхла ўсё, толькі чутно — авечка перхае ў закутку ды нізам вада па каменьчыках шуміць. Цёмна, зоры высока стаяць на небе; пад гарою малады месяц зачырванеўся, угару рожкамі заходзіць. У лагчынах туман, як малако, бялее.

Падняўся Жылін, кажа таварышу: „ну, брат, гайда!“

Рушылі; толькі адыйшлі, чуюць — запяяў мулла на страсе: „Алла, Бэсьмілла! Ільрахман!“ Значыцца — пайдзе народ у мэчэт. Селі ізноў, прытаіўшыся пад сьцяною. Доўга сядзелі, чакалі, пакуль народ прайдзе. Ізноў заціхла.

— Ну, з Богам! — Перахрысьціліся, пайшлі. Прайшлі праз падворак пад кручу да рэчкі, перайшлі рэчку, пайшлі лагчынаю. Туман густы, але нізам стаіць, а над галавою зоркі зусім відаць. Жылін па зорах прыкмячае, у які бок ісьці. У тумане халаднавата, ісьці лёгка, толькі боты нялоўкія — стапталіся. Жылін скінуў свае, кінуў, пайшоў басанож. Паддзыгвае з каменя на каменьчык ды на зоры паглядае. Пачаў Кастылін адставаць.

— Цішэй, кажа, ідзі: боты праклятыя усе ногі сьцёрлі.

— Ды ты скінь, лягчэй будзе.

Пайшоў Кастылін басанож — яшчэ горш: парэзаў усе ногі па каменьнях і ўсё адстае. Жылін яму кажа:

— Ногі абдзярэш — загояцца, а дагоняць, — заб‘юць, горай.

Кастылін нічога ня кажа, ідзе — стагнаціць. Ішлі яны нізам доўга. Чуюць — управа сабакі забрахалі. Жылін стаў, аглядзеўся, палез на гару, рукамі абмацаў.

— Эх! кажа, памыліліся мы — управа забралі. Тут аул чужы, я яго з гары бачыў; назад трэба, улева, на гару. Тут лес павінен быць.

А Кастылін кажа:

— Пачакай хоць крыху, дай адпачыць; у мяне ногі ў крыві ўсе.

— Э, брат, загояцца; ты лягчэй дзыгай. Вось як.

І пабег Жылін назад і ўлева, на гару, у лес.

Кастылін усё адстае і ойкае. Жылін шыкне на яго, а сам усё ідзе.

Падняліся на гару. Так яно й ёсьць — лес. Увайшлі ў лес, па калючках падралі ўсю вопратку апошнюю. Напалі па сьцежачку ў лесе. Ідуць.

— Стой! — Затупала капытамі па дарозе. Супыніліся, слухаюць. Пастукала, як конь, і стала. Рушылі яны — ізноў затупала. Яны стануць — і яно стане. Падпоўз Жылін, глядзіць

на сьвятло на дарозе — стаіць нешта: конь ня конь, і на кані нешта дзіўнае, да чалавека падобнае. Пырхнула — чуе. „Што за цуд!“ Сьвіснуў Жылін паціхеньку, — як шархане з дарогі ў лес і затрашчала па лесе, быццам бура ляціць, сукі ламае.

Кастылін так і ўпаў ад страху. А Жылін cьмяецца, кажа:

— Гэта алень. Чуеш, як рагамі лес ломіць. Мы яго баімося, а ён нас баіцца.

Пайшлі далей. Ужо высажары спушчацца пачалі, да раньня недалёка. А ці туды ідуць, ці не — ня ведаюць. Думаецца так Жыліну, што гэтаю самаю дарогаю вязьлі і што да сваіх вярстоў дзесяць яшчэ будзе, а прыкметы вернае няма, дый уночы не разьбярэш. Выйшлі на палянку. Кастылін сеў і кажа:

— Як хочаш, а я не дайду: у мяне ногі ня йдуць.

Пачаў яго Жылін угаварваць.

— Не, кажа, — не дайду, не магу.

Узлаваўся Жылін, плюнуў, вылаяў яго.

— Дык я-ж адзін уцяку; бывай!

Кастылін устаў, пайшоў. Прайшлі яны вярстоў чатыры. Туман у лесе яшчэ гусьцей сеў; нічога ня відаць перад сабою, і зоры ўжо ледзь відаць.

Раптам чуюць — наперадзе тупае конь. Чутно — падковамі за каменьні чапляецца. Лёг Жылін на жывот, пачаў па зямлі слухаць.

— Так і ёсьць — сюды, да нас, конны едзе.

Зьбеглі яны з дарогі, селі ў кусты і чакаюць. Жылін падпоўз да дарогі, глядзіць конны татарын едзе, карову гоніць, сам сабе пад нос мармыча нешта. Праехаў татарын. Жылін вярнуўся да Кастыліна.

— Ну, пранёс Бог; уставай пойдзем.

Пачаў Кастылін уставаць і ўпаў.

— Не магу, далібог, не магу; сілы няма.

Мужчына тоўсты, пухлы, спацеў, ды як ахапіла яго ў лесе туманом халодным, ды ногі абадраныя, — ён і рассаладзеў. Пачаў яго Жылін сілай паднімаць. Як закрычыць Кастылін:

— О-ёй, баліць!

Жылін так і атрупеў.

— Чаго крычыш? Гэта-ж татарын блізка, пачуе. — А сам думае: „ён і запраўды расслабеў; што мне з ім рабіць? Кінуць таварыша нягожа.“

— Ну, кажа, уставай, сядай на карак — панясу, калі ўжо ісьці ня можаш.

Пасадзіў на сябе Кастыліна, падхапіў рукамі пад ляжкі, выйшаў на дарогу, павалок.

— Толькі, кажа, ня душы ты мяне рукамі за горла ў імя Хрыста. За плечы трымайся.

Цяжка Жыліну; ногі таксама ў крыві і змогся. Нагнецца, паправіць, падкіне, каб вышэй сядзеў на ім Кастылін, цягне яго па дарозе.

Мусі пачуў татарын, як Кастылін закрычаў. Чуе Жылін едзе нехта ззаду, кліча пасвойму. Кінуўся Жылін у кусты. Татарын выхапіў стрэльбу, пальнуў, — не папаў, запішчаў пасвойму і паляцеў проч па дарозе. — Ну, кажа Жылін, — прапалі, брат! Ён, сабака, зараз зьбярэ татар за намі ў пагоню. Калі не ўцячэм вярстоў тры — прапалі. — А сам думае аб Кастыліне: „і чорт мяне цягнуў калоду гэтую з сабою браць. Адзін я даўно ўцёк-бы.“

Кастылін кажа:

— Ідзі адзін, за што табе праз мяне гінуць?

— Не, не пайду: нягожа таварыша кідаць.

Падхапіў ізноў на плечы, папёр. Прайшоў ён гэтак з вярсту. Усё лес і ня відаць выхаду. А туман ужо расходзіцца пачаў, і як быццам хмаркі заходзіць пачалі — ня відаць ужо зораў. Змучыўся Жылін.

Прыйшоў, — каля дарогі крынічка, каменьнем абробленая. Затрымаўся, ссадзіў Кастыліна.

— Дай, кажа, адпачыну, нап‘юся. Лепнякоў паямо. Мусі — недалёка.

Толькі прылёг ён піць, чуе — затупацела ззаду. Ізноў кінуліся ўправа, у кусты, пад кручу і ляглі.

Чуюць — галасы татарскія; спыніліся татары на тым самым месцы, дзе яны з дарогі зьвярнулі. Пагаварылі, пасьля зауськалі, як сабакі цкуюць — трашчыць нешта па кустох, проста да іх сабака чужы нечы. Спыніўся, забрахаў.

Лезуць і татары — таксама чужыя; схапілі іх, пазьвязвалі, пасадзілі на коні, павязьлі.

Праехалі вярстоў тры, сустрачае іх Абдул — гаспадар з двама татарамі, перасадзілі на свае коні, павязьлі назад у аул.

Абдул ужо не сьмяецца і ні слова не гаворыць з імі. Прыехалі на расьсьвітаньні ў аул, пасадзілі на вуліцы. Зьбегліся дзеці. Каменьнямі, бізунамі б‘юць іх, пішчаць.

Сабраліся татары ў кружок, і стары з-пад гары прыйшоў. Пачалі гаварыць. Чуе Жылін, шо разважаюць пра іх, што з імі рабіць. Адны кажуць: „трэба іх далей у горы адаслаць,“ а стары кажа: „трэба забіць.“ Абдул спрачаецца, кажа: „я за іх грошы аддаў; я за іх выкуп вазьму.“ А стары кажа: „нічога яны не заплацяць, толькі бяды наробяць. І грэх расейцаў карміць. Забіць — і скончана.“

Разыйшліся. Падыйшоў гаспадар да Жыліна, пачаў яму казаць:

— Калі, кажа, мне ня прышлюць за вас выкупу, дык я праз два тыдні вас засьцёбаю. А калі здумаеш ізноў уцякаць, дык я цябе, як сабаку, заб‘ю. Пішы пісьмо, дабранька пішы!

Прынясьлі ім паперы, напісалі яны пісьмы. Набілі на іх калодкі, адвязьлі за мэчэт. Там яма была аршынаў пяць — і спусьцілі іх у гэту яму.

VI.

Жыцьцё ім зрабілася зусім благое. Калодак зусім ня скідалі і не выпушчалі на вольны сьвет. Кідалі ім цеста няпечанае, як сабакам, ды ў збанку ваду спушчалі. Смурод у яме, духата, макрата. Кастылін зусім расхварэўся, распух, і ламата ўва ўсім целе зрабілася; і ўсё стогне або сьпіць. І Жылін засумаваў: бачыць — справа кепская. І ня ведае, як выдрацца. Пачаў ён быў падкопвацца, ды зямлі няма куды кідаць, убачыў гаспадар, прыгразіў забіць.

Сядзіць ён раз у яме на карачках, думае аб вольным жыцьці, і сумна яму. Раптам проста яму на калены ляпняк упаў, другі, і чарэшні пасыпаліся. Паглядзеў угару, а там Дзіна. Паглядзела на яго, пасьмяялася і ўцякла. Жылін і думае: „ці не паможа Дзіна?“

Расчысьціў ён у яме месьцейка, накалупаў гліны, пачаў ляпіць лялькі. Нарабіў людзей, коняй, сабак; думае: „як прыдзе Дзіна, кіну ёй.“

Толькі на другі дзень няма Дзіны. А чуе Жылін — затупацелі коні, праехалі нейкія, і сабраліся татары каля мэчэту, спрачаюцца, крычаць і спамінаюць аб расейцах. І чуе голас старога. Добра не разабраў ён, а дагадваецца, што расейцы блізка падыйшлі, і баяцца татары, каб як у аул не зайшлі, і ня ведаюць, што з палоннымі рабіць.

Пагаварылі і пайшлі. Раптам чуе — зашамацела нешта ўгары. Бачыць: Дзіна прысела на карачкі, каленкі вышэй за галаву паставіла, зьвісла, моністы вісяць, целяпаюцца над ямаю, вочкі так і блішчаць, як зорачкі. Выняла з рукава два сырныя лепнякі, кінула яму. Жылін узяў і кажа:

— Што-ж даўно ня бывала? А я табе цацак нарабіў. На, вось! — Пачаў ён кідаць па аднэй.

А яна галавою махае, не глядзіць.

— Ня трэба! — кажа. Памаўчала, пасядзела і кажа: — Іван! цябе забіць хочуць. — Сама сабе рукою на шыю паказвае. — А хто забіць хоча?

— Тата, яму старыя загадваюць. А мне цябе шкада.

Жылін і кажа:

— А калі табе мяне шкада, дык ты мне палку доўгую прынясі.

Яна галавою махае, што нельга. Ён злажыў рукі, моліцца ёй.

— Дзіна, калі ласка! Дзіначка, прынясі!

— Нельга, — кажа, — убачаць, усе ў хаце. — І пайшла.

Вось сядзіць увечары Жылін і думае: „што будзе?“ — Усё паглядзе ўгару. Зоры відаць, а месяц яшчэ ня ўсходзіў. Мулла пракрычаў; заціхла ўсё. Пачаў ужо Жылін драмаць, думае: „збаіцца дзеўка“.

Раптам на галаву яму гліна пасыпалася, глянуў угару — тычка доўгая ў той бок ямы тычацца. Патыкалася, спушчацца пачала, паўзе ў яму. Уцешыўся Жылін, схапіў рукою, спусьціў — тычка здаровая. Ён яшчэ раней гэту тычку на гаспадаровай страсе бачыў.

Паглядзеў угару: зоры высока на небе блішчаць, і над самаю ямаю, як у кошкі, у Дзіны вочы ў цемнаце сьвецяць. Нагнулася яна тварам на край ямы і шэпча:

— Іван, Іван! — А сама рукамі каля твару ўсё махае, што „ціха.“

— Што? — кажа Жылін.

— Паехалі ўсе, толькі двое ў хаце.

Жылін і кажа: — Ну, Кастылін, пойдзем, папрабуем апошні раз; я цябе падсаджу.

Кастылін і слухаць ня хоча.

— Не, — кажа, — ўжо мне, відаць, адсюль ня выйсьці. Куды я пайду, калі й павярнуцца сілы няма?

— Ну, дык бывай, не памінай ліхам. — Пацалаваўся з Кастыліным.

Ухапіўся за тычку, сказаў Дзіне трымаць і палез. Разоў два ён абрываўся, — калодка перашкаджала. Падтрымаў яго Кастылін, — выбраўся сяк-так наверх. Дзіна яго цягне ручкамі за сарочку з усяе сілы, сама сьмяецца.

Узяў Кастылін тычку і кажа:

— Аднясі на месца, Дзіна, а то схопяцца, — прыб‘юць цябе. — Пацягнула яна тычку, а Жылін пад гару пайшоў. Зьлез пад кручу, узяў камень востры, пачаў замок з калодкі выкручваць. А замок моцны, ніяк не саб‘е, дый нязручна. Чуе — бяжыць нехта з гары, лёгка паддзыгае. Думае: „пэўна йзноў Дзіна.“ Прыбегла Дзіна, узяла камень і кажа:

— Дай, я.

Стала на каленачкі, пачала выкручваць. Ды ручкі тонкія, як дубчыкі, нічога сілы няма. Кінула камень, заплакала. Узяўся ізноў Жылін за замок, а Дзіна села каля яго на карачках, за плячо яго трымае. Аглянуўся Жылін, бачыць — налева за гарою зарава чырвонае загарэлася, месяц устае. „Ну, — думае — да месяца трэба лагчыну прайсьці, да лесу дабрацца.“ Устаў, кінуў камень. Хоць у калодцы, але трэба ісьці. — Бывай, — кажа, — Дзіначка. Век цябе помніць буду.

Ухапілася за яго Дзіна, мацае па ім рукамі, шукае, куды тут яму лепнякі пакласьці. Узяў ён лепнякі.

— Дзякуй, — кажа, — разумненькая. Хто табе без мяне лялькі рабіць будзе? — І пагладзіў яе па галаве.

Як заплача Дзіна, затулілася рукамі, пабегла на гару, як козачка дзыгае. Толькі ў цемнаце чутно, як моністы ў касе па плячох бражджаць.

Перахрысьціўся Жылін, падхапіў рукою замок на калодцы, каб не бражджаў, пайшоў дарогаю; нагу валачэ, а сам усё на зарава паглядае, дзе месяц устае. Дарогу ён пазнаў. Нацянькі ісьці вярстоў восем. Каб толькі да лесу дайсьці раней, чымся месяц зусім выйдзе. Перайшоў ён рэчку, — пабялеў ужо сьвет за гарою. Пайшоў лагчынаю, ідзе, сам паглядвае: ня відаць яшчэ месяца. Ужо зарава пасьвятлела і з аднаго боку лагчыны ўсё сьвятлей ды сьвятлей робіцца. Паўзе з гары цень, усё да яго падходзіць.

Ідзе Жылін, усё ценю трымаецца. Ён сьпяшае, а месяц яшчэ хутчэй выбіраецца; ужо і направа засьвяціліся вяршынкі. Пачаў падходзіць да лесу, вылез і месяц з-за гораў — бела, сьветла, зусім, як удзень. На дзеравах усе лісточкі відаць. Ціха, сьветла па горах; як вымерла ўсё. Толькі чутно, унізе рэчка бруіць.

Дайшоў да лесу, — ніхто не папаўся. Выбраў Жылін месьцейка ў лесе цямнейшае, сеў адпачываць. Адпачыў, лепнячка зьеў. Знайшоў камень, узяўся ізноў калодку зьбіваць. Усе рукі зьбіў, а яе ня скінуў. Устаў, пайшоў дарогаю, Прайшоў з вярсту, змогся зусім — ногі ломіць. Ступіць шагоў з дзесяць і затрымаецца. „Нічога ня зробіш, — думае, — буду валачыся, пакуль сіла ёсьць. А калі сесьці, дык і ня ўстану. Да крэпасьці мне не дайсьці, а як расьсьвітае, дык лягу ў лесе, пераднюю, а ўночы ізноў пайду“.

Усю ноч ішоў. Толькі папаліся два татарыны конна, ды Жылін здалёку іх пачуў, схаваўся за дзерава.

Ужо пачаў месяц бялець, раса зьявілася, блізка да сьвету, а Жылін да краю лесу не дайшоў: „Ну, — думае, — яшчэ трыццаць шагоў прайду, схілю ў лес і сяду“. Прайшоў 30 шагоў, бачыць — лес канчаецца. Выйшаў на край — зусім сьветла; як на далоньцы перад ім сьцеп і крэпасьць, а налева, блізюсенька пад гарою, агні гараць, гаснуць, дым сьцелецца, і людзі каля агнёў.

Прыглядзеўся, бачыць: стрэльбы блішчаць — казакі, салдаты.

Уцешыўся Жылін, сабраў апошнія сілы, пайшоў з гары. А сам думае: „крый Божа, тут, у чыстым полі, убачыць конны татарын: хоць блізка, а не ўцячэш.“

Толькі падумаў — аж: налева на ўзгорку стаіць трох татараў, дзесяціны за дзьве. Убачылі яго, пусьціліся да яго. Сэрца ў яго так і абарвалася. Замахаў рукамі, закрычаў, як толькі мог, сваім:

— Браточкі, ратуйце!.. Браточкі!..

Пачулі свае. Выскачылі казакі конныя, пусьціліся да яго — наперарэз татарам.

Казаком далёка, а татарам блізка. Ды ўжо і Жылін сабраўся з апошняю сілай, падхапіў рукою калодку, бяжыць да казакоў, а сам сябе ня помніць, хрысьціцца, крычыць:

— Браточкі! браточкі! браточкі…

Казакоў чалавек пятнаццаць было.

Спалохаліся татары, — не даяжджаючы, пачалі затрымлівацца. І падбег Жылін да казакоў.

Абкружылі яго казакі, пытаюцца: хто ён, што за чалавек, адкуль? А Жылін сам сябе ня помніць, плача і прыгаварвае:

— Браточкі, браточкі!

Выбеглі салдаты, абступілі Жыліна — хто яму хлеба, хто кашы, хто гарэлкі; хто шынелём прыкрывае, хто калодку разьбівае.

Пазналі яго афіцэры, павязьлі ў крэпасьць. Уцешыліся салдаты, таварышы сабраліся да Жыліна.

Расказаў Жылін, як з ім уся справа была, і кажа:

— Вось і дамоў зьезьдзіў, ажаніўся! Не ужо, відаць, ня лёс мой.

І застаўся служыць на Каўказе. Кастыліна толькі яшчэ праз месяц выкупілі за пяць тысяч. Ледзь жывога прывязьлі.


  1. Аул — татарская вёска.