Для дзяцей (Талстой, 1928)/Расказы для дзяцей/Ермак

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Каўкаскі палоньнік Ермак
Апавяданьне
Аўтар: Леў Талстой
1928 год
Арыгінальная назва: Ермак (1862)
Пераклад: Макар Краўцоў
Магніт

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЕРМАК.

У часы цара Івана Васілевіча Грознага былі багатыя купцы Строганавы, і жылі яны ў Пэрмі, на рацэ Каме. Дачуліся яны, што на рацэ Каме на 140 вёрст навокала ёсьць добрая зямля: яна ня ворана адвеку, лясы чорныя, адвеку няcечаныя. У лясох зьвяроў шмат, і па рацэ вазёры рыбныя, і ніхто на тэй зямлі ня жыве, толькі заходзяць іншы раз татары.

Строганавы напісалі цару пісьмо: „аддай нам гэту зямлю, а мы самі на ёй гарадкі пабудуем і народ зьбярэм, заселім і ня будзем даваць праз гэтую зямлю ходу татарам.“

Цар згадзіўся і аддаў ім зямлю. Строганавы паслалі прыказчыкаў зьбіраць народ. І зыйшлося да іх шмат гуляшчага народу. Хто прыходзіў, тым Строганавы адводзілі зямлі, лес, давалі жывёлу і ніякіх падаткаў ня бралі, толькі жыві і, калі трэба, выходзь з народам біцца з татарамі. Так і засялялася гэтая зямля расейскім народам.

Прайшло гадоў дваццаць. Строганавы купцы яшчэ мацней разбагацелі, і мала ім зрабілася тае зямлі на 140 вёрст. Захацелі яны яшчэ больш зямлі. Вярстоў за 100 ад іх былі высокія горы Уральскія, і за гэтымі горамі, дачуліся яны, ёсьць добрая зямля, і зямлі тэй канца няма. Уладаў гэтаю зямлёю сыбірскі князёк Кучум. Кучум у ранейшы чае пакарыўся цару расейскаму, а пасьля пачаў бунтаваць і пагражаў зруйнаваць строганаўскія гарадкі.

Вось Строганавы і напісалі цару: „аддаў ты нам зямлю, мы яе пад тваю руку пакарылі; цяпер зладзейскі царок Кучум проці цябе бунтуе і хоча і гэту зямлю адабраць і нас зруйнаваць. Загадай ты нам заняць зямлю за Уральскімі горамі; мы Кучума заваюем і ўсю яго зямлю пад тваю руку падвядзём.“ Цар згадзіўся і адпісаў: „калі сіла ў вас ёсьць, дык адбярэце ў Кучума зямлю. Толькі з Расеі шмат народу ня зманвайце.“

Вось Строганавы, як адтрымалі ад цара пісьмо, дык паслалі прыказчыкаў яшчэ зьбіраць народ да сябе. І больш загадалі падгаварваць казакоў з Волгі і з Дону. А ў той час на Волзе і на Доне казакоў шмат хадзіла. Зьбяруцца шайкамі ў 200, 300, 600 чалавек, выбяруць атамана і плаваюць на стругох, перахапляюць караблі, рабуюць, а на зіму становяцца гарадком на беразе.

Прыехалі прыказчыкі на Волгу і пачалі пытацца, якія тут казакі славяцца. Ім і кажуць: „Казакоў шмат. Жыцьця ад іх няма. Ёсьць Мішха Чэркашэнін, ёсьць Сыра-Азман... Але няма зьлейшага за Ермака Цімахвеіча, атамана. У таго чалавек з 1000 народу, і яго ня толькі што народ, а і купцы баяцца, а царскае войска да яго прыступіцца ня сьмее.“

І паехалі прыказчыкі да Ермака-атамана і пачалі яго ўгаварваць ісьці да Строганава. Ермак прыняў прыказчыкаў, выслухаў іхнія прамовы і дакляраваў прыйсьці з народам сваім на Усьпеньне.

На Усьпеньне прыйшлі да Строганавых казакі, чалавек 600, з атаманам Ермаком Цімахвеічам. Напусьціў іх спачатку Строганаў на бліжэйшых татараў. Казакі іх пабілі. Пасьля, калі ня было чаго рабіць, пачалі казакі па вокругу хадзіць і рабаваць.

Заклікае Строганаў Ермака і кажа: „я вас цяпер болей трымаць ня буду, калі вы гэтак шурмаваць будзеце.“ А Ермак кажа: „я й сам ня рад, ды з народам маім ня справішся — распусьціліся. Дай нам работу.“ Строганаў і кажа: „ідзеце за Урал ваяваць з Кучумам, заўладайце яго зямлёю. Вас і цар абдарыць.“ І паказаў Ермаку царскае пісьмо. Ермак уцешыўся, сабраў казакоў і кажа:

— Вы мне сорам робіце перад гаспадаром, — усё бяз толку рабуеце. Калі ня кінеце, дык ён вас прагоніць, а куды пайдзеце? На Волзе царскага войска шмат, нас паловяць і за ранейшыя справы блага будзе. А калі сумна вам, дык вось вам работа.

І паказаў ім царскае пісьмо, што пазволена Строганаву за Уралам зямлю заваяваць. Пагаварылі казакі і згадзіліся ісьці. Пайшоў Ермак да Строганава, пачаў з ім думаць, як ім ісьці.

Абгаварылі, колькі стругоў трэба, колькі хлеба, быдла, стрэльбаў, пораху, цыну, колькі тлумачоў — татараў палонных, колькі немцаў — майстроў зброі.

Строганаў думае: „хоць і дорага мне будзе, а трэба даць яму ўсяго, а то тут застануцца — зруйнуюць мяне.“ Згадзіўся Строганаў, сабраў усяго і выправіў Ермака з казакамі.

1-га верасьня паплылі казакі з Ермаком проці вады па рацэ Чусавой на 32-х стругох, на кожным стругу было дваццаць чалавек. Плылі яны чатыры дні на вёслах проці вады па рацэ і выплылі ў Сярэбраную-раку. Адтуль ужо плысьці нельга. Распыталі ў праваднікоў і даведаліся, што трэба ім тут пераваліцца праз горы і вярстоў 200 па сухаземі прайсьці, а пасьля пайдуць ізноў рэкі. Затрымаліся тут казакі, пабудавалі горад і выгрузілі ўсю снасьць; і стругі пакідалі, а нарыхтавалі вазы, улажылі ўсё і пайшлі па сухаземі — праз горы. Месцы ўсё былі лясныя і народу ня жыло ніякага. Прайшлі яны дзесяць дзён па сухаземі, папалі на Жараўню — раку. Тут ізноў пастаялі і пачалі ладзіць стругі. Наладзілі і паплылі па рацэ за вадою. Праплылі пяць дзён, і прыйшлі месцы яшчэ весялейшыя: сенажаці, лясы, вазёры. І рыбы, і зьвяроў шмат, і зьвяры непалоханыя. Прайшлі яшчэ дзень, выплылі ў Туру-раку. Тут па Туры-рацэ пачаў пападацца народ і гарадкі татарскія.

Паслаў Ермак казакоў паглядзець адзін гарадок, — што за гарадок і ці шмат у ім сілы. Пайшлі дваццаць казакоў, распалохалі ўсіх татараў і забралі ўвесь гарадок, і жывёлу ўсю забралі. Якіх татараў пабілі, а якіх прывялі жыўцом.

Пачаў Ермак цераз тлумачоў пытацца ў татараў: якія яны людзі і пад чыёю рукою жывуць? Татары кажуць, што яны Сыбірскага царства і цар іхні Кучум.

Ермак адпусьціў татараў, а трох разумнейшых узяў з сабою, каб яны яму дарогу паказвалі.

Пайшлі далей. Чым далей плывуць, дык рака ўсё большай робіцца; а месцы чым далей, дык лепшыя.

І народу пачало болей пападацца. Толькі народ ня дужы. І ўсе гарадкі, якія былі па рацэ, казакі паваявалі.

Забралі яны ў адным гарадку шмат татараў і аднаго пачэснага старога татарына. Пачалі пытацца ў татарына, што ён за чалавек. Ён і кажа: „я Таузік, я свайго цара Кучума слуга, і ад яго начальнікам у гэтым горадзе.“

Ермак пачаў пытацца ў Таузіка пра яго цара. Ці далёка яго горад Сыбір? Ці шмат у Кучума сілы, ці шмат у яго багацьця? Таузік усё расказваў. Кажа: — „Кучум самы першы цар на сьвеце. Горад яго Сыбір — самы найбольшы горад на сьвеце. У горадзе гэтым, кажа, людзей і быдла гэтулькі, колькі зораў на небе. А сілы ў Кучума-цара ліку няма: яго ўсе цары разам не заваююць.“

А Ермак кажа: „мы, расейцы, прыйшлі сюды твайго цара заваяваць і яго горад узяць, расейскаму цару пад руку падвясьці. Сілы ў нас шмат. Што са мною прыйшлі — гэта толькі пярэднія, а ззаду плывуць у стругох — ліку ім няма, і ў усіх стрэльбы. А стрэльбы нашыя наскрозь дзерава прабіваюць, ня тое, што вашыя лукі і стрэльбы. Вось глянь.“

І Ермак выстраліў у дзерава, і дзерава раскалолася, і з усіх бакоў пачалі страляць казакі. Таузік ад страху на калены ўпаў. Ермак і кажа яму: „ідзі-ж ты да свайго цара Кучума і скажы яму, што ты бачыў. Няхай ён паддаецца, а не паддасца, дык і яго загубім.“ І адпусьціў Таузіка.

Паплылі казакі далей. Выплылі ў вялікую раку Тобол і ўсе да Сыбіры-гораду падходзяць бліжэй. Падыйшлі яны да рэчкі Бабасан, глядзяць — на беразе гарадок стаіць, і вакол яго татараў шмат.

Паслалі яны тлумача да татараў — даведацца, што за людзі. Прыходзіць назад тлумач, кажа: „гэта войска Кучумава сабралася. А начальнікам над войскам сам зяць Кучумаў — Мамэткул. Ён мяне паклікаў і загадаў вам сказаць, каб вы назад ішлі, а то ён вас пазабівае.“

Ермак сабраў казакоў, выйшаў на бераг і пачаў страляць да татараў. Як пачулі татары страляніну, дык і пачалі ўцякаць. Пачалі іх казакі даганяць і якіх пазабівалі, а якіх забралі. Ледзь уцёк сам Мамэткул.

Пайшлі казакі далей. Выплылі ў шырокую, быструю раку Іртыш. Па Іртышу-рацэ праплылі дзень, падплылі да гарадку харошага і затрымаліся. Пайшлі казакі ў гарадок. Толькі пачалі падходзіць, дык татары давай у іх стрэламі пушчаць і паранілі трох казакоў. Паслаў Ермак тлумача сказаць татарам, каб здалі горад, а то ўсіх пазабіваюць. Тлумач пайшоў, вярнуўся і кажа: „тут жыве Кучумаў слуга Атык-Мурза-Качара. У яго сілы шмат, і ён кажа, што ня здасьць гарадку.“

Ермак сабраў казакоў і кажа:

— Ну, хлопцы, калі не вазьмем гэтага гарадку, дык татары забалююць. І нам ходу не дадуць. Чым хутчэй страху задамо, тым лягчэй нам будзе. Выходзьце ўсе. Кідайцеся ўсе разам. Гэтак і зрабілі. Татараў шмат тут было, і татары бойкія.

Як кінуліся казакі, пачалі татары страляць з лукаў. Засыпалі казакоў стрэламі. Якіх на сьмерць пазабівалі, а якіх паранілі.

Зазлавалі казакі, дабраліся да татараў і, якія папаліся, усіх пазабівалі.

У гарадку гэтым знайшлі казакі шмат дабра, быдла, дываноў, скураў і мёду шмат. Пахавалі няжывых, адпачылі, забралі дабро з сабою і паплылі далей. Недалёка праплылі, глядзяць — на беразе, як горад стаіць, войска канца-краю ня відаць, і ўсё войска акопана ровам, і роў лесам завалены. Затрымаліся казакі, пачалі думаць. Сабраў Ермак круг. „Ну што, хлопцы, як быць?“ Казакі затрусілі. Адны кажуць: трэба міма плысьці; другія кажуць: назад ісьці.

І пачалі яны сумаваць, лаяць Ермака. Кажуць: „нашто ты нас завёў сюды? Вось забілі ўжо з нас колькі ды пераранілі, і ўсе мы тут загінем.“ Пачалі плакаць.

Ермак і кажа свайму пад-атаману Івану Кальцо: „ну, а ты, Ваня, як думаеш?“ А Кальцо і кажа: „а я што думаю? Ня сёньня заб‘юць, дык заўтра, а ня заўтра, дык дарма на печы памрэм. Па мне — выйсьці на бераг дый валіць проста лаваю на татараў — што Бог дасьць.“

Ермак і кажа: „ай, маладзец, Ваня! Гэтак і трэба. Эх, вы, хлопцы! Не казакі вы, а бабы. Відаць, бялужыну лавіць ды бабаў татарскіх палохаць, толькі на тое вас і ўзяць. Ці-ж ня бачыце самі? Назад ісьці пераб‘юць; міма плысьці — пераб‘юць; тут стаяць — пераб‘юць. Куды-ж падацца? Раз патрудзішся, — пасьля палягчэе. Гэтак вось, хлопцы, у бацькі кабыла здаровая была. Як з горкі — вязе і па роўным вязе, а як прыдзецца на гару — занаровіцца, назад круціць, думае — лягчэй будзе. Дык узяў бацька кол, вазіў, вазіў яе колам. Ужо яна круцілася, бічкавалася, увесь воз разьбіла. Выпраг яе бацька з воза і абадраў. А вязла-б воз, дык ніякае мукі ня бачыла-б. Адно толькі месца засталося — проста на татараў валіць.“

Засьмяяліся казакі, кажуць: „відаць, ты, Цімахвеіч, разумнейшы за нас; нас, дурняў, і пытаць няма чаго, вядзі куды ведаеш. Дзьвёх сьмерцяў ня будзе, а аднэй не абмінуць.“ Ермак і кажа: „ну, слухайце хлопцы! Вось як рабіць. Яны яшчэ нас усіх ня бачылі. Разаб‘емся мы на тры кучкі. Адны ў сярэдзіну проста на іх пайдуць, а іншыя дзьве кучкі ў абход зайдуць справа і зьлева. Вось як пачнуць сярэднія падходзіць, яны падумаюць, што мы ўсе тут, выскачаць. А тады з бакоў і ўдарым. Гэтак вось, хлопцы. А гэтых пераб‘ем, дык ужо баяцца няма чаго, — царамі самі будзем“.

Гэтак і зрабілі. Як пайшлі сярэднія з Ермаком, татары запішчалі, выскачылі; тут ударылі — справа Іван Кальцо, зьлева Мешчарак-атаман. Спалохаліся татары, пабеглі. Перабілі іх казакі. Тут ужо Ермаку ніхто працівіцца ня сьмеў. І гэтак ён увайшоў у самы горад Сыбір. І засеў там Ермак — усё роўна як царом.

Пачалі прыяжджаць да Ермака царкі з паклонамі. Пачалі татары прыяжджаць сяліцца ў Сыбіры; а Кучум з зяцем Мамэткулам баяўся на Ермака проста ісьці, а толькі навокал хадзілі, прыдумвалі, каб як гэта яго прыгубіць.

Вясною па паводзьдзі прыбеглі да Ермака татары, кажуць: „Мамэткул ізноў на цябе ідзе, сабраў войска шмат, стаіць на Вагаі-рацэ.“

Ермак сабраўся праз рэкі, балоты, ручаі, лясы падкраўся з казакамі, кінуўся на Мамэткула і пабіў шмат татараў, а самога Мамэткула забраў жыўцом і прывёз у Сыбір. Тут ужо мала нямірных татараў засталося, а, якія не паддаваліся, на тых Ермак хадзіў у гэтае лета; і па Іртышу і па Обі рэках заваяваў Ермак гэтулькі зямлі, што за два месяцы не абыйдзеш.

Як забраў Ермак усю гэту зямлю, паслаў Ермак пасла да Строганавых і пісьмо: „я, кажа, Кучумаў горад узяў і Мамэткула ў палон забраў і ўвесь тутэйшы народ пад сваю руку прывёў. Толькі казакоў шмат загінула. Прысылайце народу, каб нам весялей было. А дабра ў тутэйшай зямлі і канца няма.“

І паслаў ён дарагіх скурак: лісоў, куніцаў і собаляў.

Прайшло тэй справе два гады. Ермак усё трымаў Сыбір, а падмога з Расеі ўсё ня прыходзіла, і стала ў Ермака мала расейскага народу.

Прыслаў раз да Ермака татарын Карача пасла, кажа: „мы табе пакарыліся, а наc нагайцы крыўдзяць, — прышлі да наc сваіх малайцоў на падмогу. Мы разам нагайцаў паб‘ем. А што мы тваіх малайцоў не пакрыўдзім, дык мы табе прысягу дамо.“

Ермак паверыў іхняй прысязе і адпусьціў з Іванам Кальцом 40 чалавек. Як прыйшлі гэтыя сорак чалавек, татары накінуліся на іх і пабілі, казакоў яшчэ менш стала.

Паслалі другі раз бухарскія купцы вестку Ермаку, што яны сабраліся да яго ў Сыбір-горад тавары вязьці, ды што ім на дарозе Кучум з войскам стаіць і ня пушчае іх прайсьці.

Ермак узяў з сабою 50 чалавек і пайшоў ачысьціць дарогу бухарцам. Прыйшоў ён да Іртыша-ракі, не знайшоў бухарцаў. Затрымаўся начаваць. Ноч была цёмная і дажджы. Толькі паляглі спаць казакі, адкуль ні ўзяліся татары, кінуліся на сонных, пачалі іх біць. Схапіўся Ермак, пачаў біцца. Ранілі яго нажом у руку. Кінуўся ён уцякаць да ракі. Татары за ім. Ён у раку, — толькі яго й бачылі. І цела яго не знайшлі, і ніхто не даведаўся, як ён памёр.

На другі год прыйшло царскае войска, і татары замірыліся.