Перайсці да зместу

Для дзяцей (Талстой, 1928)/Расказы для дзяцей/Паляваньне горш за няволю

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Бог праўду бачыць, ды ня хутка скажа Паляваньне горш за няволю
Апавяданьне
Аўтар: Леў Талстой
1928 год
Арыгінальная назва: Охота пуще неволи
Пераклад: Макар Краўцоў
Каўкаскі палоньнік

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПАЛЯВАНЬНЕ ГОРШ ЗА НЯВОЛЮ.

Мы былі на паляваньні на мядзьведзі. Таварышу давялося страляць да мядзьведзя; ён раніў яго, ды ў мягкае месца. Засталося крыху крыві на сьнягу, а мядзьведзь уцёк.

Мы зыйшліся ў лесе і пачалі радзіцца, як нам быць: ці ісьці цяпер шукаць гэтага медзьвядзя, ці пачакаць дзён тры, пакуль мядзьведзь ляжа.

Началі мы пытацца ў мужыкоў-мядзьведнікаў, можна, ці не — абыйсьці цяпер гэтага мядзьведзя? Стары мядзьведнік сказаў: „нельга, трэба мядзьведзю даць супакоіцца; дзён цераз пяць абыйсьці можна, а цяпер за ім хадзіць — толькі напалохаеш, ён і ня ляжа.“

А малады мужык-мядзьведнік спрачаўся з старым і казаў, што абыйсьці цяпер можна: „па гэтым сьнезе, кажа, мядзьведзь далёка не ўцячэ, — мядзьведзь сыты. Ён сяньня-ж ляжа. А ня ляжа, дык я яго на лыжах даганю.“

І таварыш мой таксама не хацеў адходзіць цяпер і радзіў пачакаць.

Я й кажу: „ды што спрачацца. Вы рабеце, як хочаце, а я пайду з Дзям‘янам сьледам. Абыйдзем — добра, не абыйдзем — усё роўна: рабіць сягоньня няма чаго, а яшчэ ня позна.“

Гэтак і зрабілі.

Таварышы пайшлі да саней, ды ў вёску, а мы з Дзям‘янам узялі з сабою хлеба і засталіся ў лесе.

Як адыйшлі ўсе ад нас, дык мы з Дзям‘янам аглядзелі стрэльбы, падаткнулі шубы за паясы і пайшлі сьледам.

Пагода была добрая: марозна і ціха. Але хада па лыжах была цяжкая: сьнег быў глыбокі і сыпкі. Асадку сьнегу ў лесе ня было, ды яшчэ сьняжок выпаў напярэдадні, так што лыжы заходзілі ў сьнег на чэцьверць, а дзё і болей.

Мядзьведзяў сьлед здалёк было відаць. Відаць было, як ішоў мядзьведзь, як дзе-ня-дзе па жывот угразаў і выварочваў сьнег. Мы ішлі спачатку на віду ад сьледу, буйным лесам; а пасьля, як пайшоў сьлед у дробны ельнік, дык Дзям‘ян супыніўся: „Трэба, — кажа, — кідаць сьлед. Мусі тут ляжа. Прысядаць пачаў, — на сьнягу відаць. Пойдзем проч ад сьнегу і круг дамо. Толькі цішэй ісьці трэба, ня крычаць, ня кашляць, а то спалохаеш.“

Пайшлі мы проч ад сьледу, улева. Прайшлі шагоў з пяцьсот, глядзімо — сьлед мядзьведзяў ізноў перад намі. Пайшлі мы ізноў сьледам, і вывеў нас гэты сьлед на дарогу. Спыніліся мы на дарозе і пачалі разглядаць, у які бок пайшоў мядзьведзь. Дзе-ня-дзе на дарозе відаць было, як усю лапу з пальцамі адпячатваў мядзьведзь, а дзе-ня-дзе — як у пасталох мужык ступаў па дарозе. Відаць, што пайшоў ён да вёскі.

Пайшлі мы па дарозе. Дзям‘ян і кажа: „цяпер глядзець няма чаго на дарогу; дзе зыйдзе з дарогі ўправа ці ўлева, відаць будзе ў сьнягу. Дзе-нібудзь зьверне, не пайдзе-ж у вёску“.

Прайшлі мы гэтак па дарозе з вярсту; бачым — наперадзе сьлед з дарогі. Паглядзелі — што за цуд! сьлед мядзьведзяў, але не з дарогі ў лес, а з лесу на дарогу ідзе, пальцамі да дарогі. Я кажу: „гэта другі мядзьведзь“. Дзям‘ян паглядзеў, падумаў. „Не, — кажа, — гэта той самы, толькі ашукваць пачаў. Ён задам з дарогі зыйшоў.“ Пайшлі мы сьледам — так і ёсьць. Відаць, мядзьведзь прайшоў з дарогі шагоў з дзесяць задам, зайшоў за хвойку, павярнуўся і пайшоў проста. Дзям‘ян затрымаўся і кажа: „цяпер, напэўна, абайдзем. Больш яму і легчы няма дзе, як у гэтым балоце. Пайшлі ў абход.“

Пайшлі мы ў абход густым ельнікам. Я ўжо змарыўся, дый цяжай зрабілася ехаць. То на куст ялаўцовы наедзеш, зачэпіш, то паміж ног елачка падвернецца, то лыжа скруціцца бяз прывычкі, то на пень, то на калоду наедзеш пад сьнегам. Пачаў я ўжо і змагацца. Скінуў я шубу, і пот з мяне так і льецца. А Дзям‘ян — як у чайцы плыве. Быццам самі пад ім лыжы ходзяць. Не зачэпіць нідзе, ня зьвернецца. І маю шубу яшчэ сабе за плечы перакінуў ды ўсё мяне пануквае.

Далі мы круг вярсты ў тры, абыйшлі балоты. Я ўжо адставаць пачаў — лыжы зварочваюцца, ногі блутаюцца. Спыніўся раптам наперадзе ў мяне Дзям‘ян і махае рукою. Я падыйшоў. Дзям‘ян прыгнуўся, шэпча і паказвае: „бачыш, сарока над ломам сакоча; птушка здалёку яго дух чуе. Гэта ён.“

Узялі мы проч, прайшлі яшчэ з вярсту і найшлі ізноў на стары сьлед. Так што мы навокал абыйшлі мядзьведзя, і ён у сярэдзіне нашага абходу застаўся. Сталі мы. Я і шапку скінуў і расшпіліўся увесь: горача мне, як у лазьні, і ўвесь, як мыш, мокры. І Дзям‘ян зачырванеўся, рукавом выціраецца. „Ну, кажа, пане, справу зрабілі, цяпер адпачыць трэба“. А ўжо зарніца праз лес чырванець пачала. Селі мы на лыжы адпачываць. Дасталі хлеб з мяшка і соль; паеў я спачатку сьнегу, а пасьля хлеба. І гэткі мне хлеб смачны здаўся, што я ў жыцьці гэткага ня еў. Пасядзелі мы: ужо і зьмяркаць пачало. Я спытаўся ў Дзям‘яна, ці далёка да вёскі. — „Ды вярстоў пятнаццаць будзе. Дайдзём уночы; а цяпер адпачыць трэба. Апранайце шубу, панок, а то астынеце.“

Наламаў Дзям‘ян гальля яловага, абабіў сьнег, паслаў ложка, і ляглі мы з ім зусім побач, рукі пад галовы падлажылі. І сам ня помню я, як заснуў. Прачхнуўся я гадзіны цераз дзьве. Трэснула нешта.

Я гэтак моцна спаў, што і забыўся, дзе я заснуў. Аглянуўся я — што за цуд, дзе я? Палацы нейкія белыя нада мною, і стаўцы бёлыя, і на ўсім блішчасткі блішчаць. Глянуў угару — разводы белыя, а паміж разводаў скляпеньне нейкае бліскучае і агні рознаколерныя гараць. Аглядзеўся я, успомніў, што мы ў лесе і што гэта дрэвы ў сьнягу і ў інеі мне палацамі здаліся, а агні — гэта зоры на небе паміж сукамі дрыжаць.

Уночы іней выпаў: і на сукох іней, і на шубе маёй іней, і Дзям‘ян увесь пад інеем, і сыплецца зьверху іней. Збудзіў я Дзям‘яна. Сталі мы на лыжы і пайшлі. Ціха ў лесе, толькі чуваць, як мы лыжамі па мягкім сьнягу пасоўваем, ды дзя-ня-дзе трэсьне дзерава ад марозу, і па ўсім лесе гук разьляжацца. Адзін раз толькі жывое нешта зашумела блізютка ад нас і проч пабегла. Я так і думаў, што мядзьведзь. Падыйшлі да тога месца, адкуль зашумела, — убачылі сьляды заячыя. І асінкі паабгрызаны. Гэта зайцы карміліся.

Выйшлі мы на дарогу, прывязалі лыжы за сабою і пайшлі па дарозе. Ісьці лёгка стала. Лыжы ззаду па бітай дарозе разьяжджаюцца, грукаюць, сьняжок пад ботамі паскрыпвае, халодны іней да твару, як пушок, ліпне. А зоры ўдоўж па сукох быццам насустрэчу бягуць, засьвецяцца, пагаснуць, быццам усё неба хадуном ходзіць.

Таварыш спаў. Я збудзіў яго. Мы расказалі, як абыйшлі мядзьведзя, і загадалі гаспадару да раніцы сабраць загоншчыкаў-мужыкоў. Павячэралі і ляглі спаць. Я ад змогі праспаў-бы да абеду, але таварыш збудзіў мяне. Устаў я, гляджу — таварыш ужо апранены, з стрэльбаю нешта калупаецца.

— А дзе Дзям‘ян? — Ён ужо даўно ў лесе. Ужо і абклад праверыў, сюды прыбягаў, а цяпер павёў загоншчыкаў заводзіць. Памыўся я, апрануўся, набіў свае стрэльбы, селі ў сані, паехалі.

Мароз усё трымаў моцны, ціха, было і сонца ня відаць было; туман стаяў угары і іней сядаў.

Праехалі мы вярстоў тры па дарозе, пад‘ехалі да лесу. Бачым — унізочку дымок сінее і народ стаіць: мужыкі і бабы з кіямі.

Зьлезьлі мы, падыйшлі да народу. Мужыкі сядзяць, бульбу пякуць, сьмяюцца з бабамі.

І Дзям‘ян з імі. Падняўся народ, павёў іх Дзям‘ян расстаўляць навокала па нашым учарашнім абходзе. Выцягнуліся мужыкі і бабы кішкаю, трыццаць чалавек, — толькі па пояс іх відаць — зайшлі ў лес; пасьля пайшлі мы з таварышам іхнім сьледам.

Сьцежка, хоць і натоптана, але цяжка ісьці, затое падаць няма куды — як паміж дзьвюма сьценамі ідзеш.

Прайшлі мы гэтак з паўвярсты; глядзімо — ужо Дзям‘ян з другога боку да нас бяжыць на лыжах, махае рукою, каб да яго ішлі.

Падыйшлі мы да яго — паказаў нам месцы. Стаў я на сваё месца, азірнуўся.

Налева ад мяне высокі ельнік; праз яго далёка відаць і за дрэвамі чарнеецца мне мужык-загоншчык. Проці мяне густы малады ельнік у чалавечы рост. І на ельніку сукі павісьлі і зьліпліся ад сьнегу. У сярэдзіне ельніку сьцежка засыпана сьнегам. Сьцежка гэтая проста на мяне ідзе. Направа ад мяне густы ельнік, а на канцы ельніку палянка. І на гэтай палянцы, бачу я, што Дзям‘ян ставіць таварыша.

Аглядзеў я свае стрэльбы, узьвёў куркі і пачаў раздумваць, дзе-б тут мне лепей стаць. Ззаду ў мяне, за тры шагі, вялікая хвоя. Давай стану калі хвойкі і стрэльбу другую да яе прысланю. Палез я да хвойкі, праваліўся вышэй каленаў, абтаптаў каля хвойкі пляцык аршына ў паўтара і на ім уладзіўся. Адну стрэльбу ўзяў у рукі, а другую з узьведзенымі куркамі прысланіў да хвойкі. Кінджал я выняў і ўлажыў, каб ведаць, што ў выпадку патрэбы ён лёгка вымаецца.

Толькі я ўладзіўся, аж чую — крычыць у лесе Дзям‘ян: „пайшоў, у ход пайшоў! пайшоў!“ І як закрычаў Дзям‘ян, дык па кругу закрычалі мужыкі рознымі галасамі: „пайшоў! У-у-у-у!“ — крычалі мужыкі. „Ай! І-іх!“ — крычалі бабы тонкімі галасамі.

Мядзьведзь быў у кругу. Дзям‘ян гнаў яго. Навокала крычаў народ, толькі я ды таварыш стаялі, маўчалі і не варушыліся — чакалі мядзьведзя. Стаю я, гляджу, слухаю, сэрца ў мяне так і стукаціць. Трымаюся за стрэльбу, падрыгваю. Вось-вось, думаю, выскачыць, прыцэлюся, стрэлю, упадзе... Раптам налева чую я ў сьнягу абвальваецца нешта, толькі далёка. Глянуў я ў высокі ельнік: шагоў за 50 за дрэвамі стаіць нешта, чорнае, вялікае. Прылажыўся я і чакаю. Думаю, ці не падбяжыць бліжэй. Гляджу — варухнуў ён вушыма, павярнуўся назад. З боку мне яго ўсяго відаць стала. Здаравяцкі зьвяруга! Нацэліўся я з гарачкі — тах! Чую, ляснула аб дзерава мая куля. Гляджу праз дым — мядзьведзь мой назад смаліць у абклад і схаваўся за лесам. Ну, думаю, прапала мая справа, цяпер ужо не пабяжыць на мяне; або таварышу страляць, або праз мужыкоў пайдзе, а ўжо не на мяне. Стаю я, набіў ізноў стрэльбу і слухаю. Крычаць мужыкі з усіх бакоў, але з правага боку, недалёка ад таварыша, чую — ня толкам крычыць нейкая баба: „Вось ён! Вось ён! Вось ён! Сюды! Сюды! О-ёй! А-яй-яй!“

Мусі — на вачох мядзьведзь. Не чакаю ўжо я да сябе мядзьведзя і гляджу направа на таварыша. Гляджу — Дзям‘ян з палачкай, бяз лыжаў па сьцежачцы бяжыць да таварыша, прысеў каля яго і палкаю паказвае яму на нешта, як быццам цэліцца. Бачу — таварыш падняў стрэльбу, цэліцца туды, куды паказвае Дзям‘ян. Тах! — выпаліў. Ну, думаю, забіў. Толькі гляджу, не бяжыць таварыш за мядзьведзем. Відаць, промах, або блага папаў. Уцячэ, думаю, цяпер мядзьведзь назад, а да мяне ўжо ня выскачыць. Што такое? перад сабою чую раптам — як віхар ляціць нехта, блізенька зусім сыплецца сьнег, і сапе. Паглядзеў я перад сабою, а ён просьценька на мяне па сьцежачцы паміж густога ельніку валіць стрымгалоў, і відаць — ад страху сам сябе ня помніць. Шагоў ад мяне за пяць, увесь мне відны — грудзі чорныя і галава-ж вялізная, з рыжынкаю. Ляціць прасьцюсенька на мяне лобам і сыпле сьнег на ўсе бакі. І бачу я па мядзьведзевых вачох, што ён ня бачыць мяне, а з перапуду валіць благім матам куды папала. Толькі й ход яму проста на хвойку, дзе я стаю. Падняў я стрэльбу, выстраліў, а ўжо ён яшчэ бліжэй. Бачу — не папаў, куля абмінула, а ён і ня чуе, прэ на мяне і ўсё ня бачыць. Прыгнуў я стрэльбу, чуць ня ўпёр у яго, у галаву — тах! Бачу — папаў, а не забіў.

Задраў ён крыху галаву, прытуліў вушы, вышчарыўся і проста да мяне. Схапіў я другую стрэльбу; але толькі ўзяўся рукою, ужо ён наляцеў на мяне, зьбіў з ног у сьнег і пераскочыў праз мяне. Ну, думаю, добра, што ён кінуў мяне. Пачаў я ўставаць, чую душыць мяне нешта, ня пушчае. Ён з налёту ня ўтрымаўся, пераскочыў праз мяне, але адвярнуўся перадам назад і наваліўся на мяне ўсімі грудзьмі. Чую я — ляжыць на мне цяжкае, чую цёплае над тварам і чую — забірае ён у рот увесь мой твар, нос ужо ў яго ў роце і чую я — горача і крывёю ад яго пахне. Наваліўся ён лапамі мне на плечы, і не магу я варухнуцца. Толькі падгінаю галаву да грудзей з ляпы, нос і вочы выкручваю. А ён стараецца якраз у вочы і ў нос зачапіць. Чую — зачапіў ён зубамі, верхняю сківіцаю, за лоб пад валасамі, а ніжняю сківіцаю за чэрап пад вачыма, сьціснуў зубы, пачаў душыць. Як нажамі рэжуць мне галаву; бічкуюся я, вырываюся, а ён сьпяшаецца і як сабака грызе — чамкае-чамкае. Я выкручуся, ён ізноў забірае. Ну, думаю канец мой прыйшоў. Чую, раптам палягчэла мне. Гляджу, няма яго, саскочыў ён з мяне і ўцёк.

Калі таварыш і Дзям‘ян убачылі, што мядзьведзь зьбіў мяне ў сьнег і грызе, дык яны кінуліся да мяне. Таварыш хацеў хутчэй пасьпець, але памыліўся: замест таго, каб бегчы пратоптанаю сьцежкаю, ён пабег цаліною і ўпаў. Пакуль ён вылазіў з сьнегу, дык мядзьведзь усё грыз мяне. А Дзям‘ян, як быў бяз стрэльбы, з адною палкаю, пусьціўся па сьцежачцы, сам крычыць: „пана заеў! пана заеў!“ Сам бяжыць і крычыць на мядзьведзя: „ах, ты, баламутны! Што робіш! Кінь, кіны!“

Паслухаў мядзьведзь, кінуў мяне і пабег. Калі я ўстаў, дык на сьнягу крыві было, быццам барана зарэзалі, і над вачыма лахманамі вісела мяса, а з гарачкі не балела.

Прыбег таварыш, сабраўся народ, глядзяць на маю рану, сьнегам прымочваюць. А я і запомніў аб ране, пытаюся: „дзе мядзьведзь, куды ўцёк?“ Раптам чуем: „во ён, во ён!“ Бачым — мядзьведзь бяжыць ізноў да нас. Схапілі мы за стрэльбы, але не пасьпеў ніхто выстраліць — ужо ён праляцеў. Мядзьведзь асьцервянеў, хацелася яму яшчэ пагрызьць, але ўбачыў, што народу шмат, спалохаўся. Па сьлядох мы ўбачылі, што з медзьвядзёвай галавы ідзе кроў; хацелі ісьці даганяць, але ў мяне разбалелася галава, і паехалі ў места да доктара.

Доктар зашыў мне раны шоўкам і яны пачалі гаіцца.

Праз месяц мы паехалі ізноў на гэтага мядзьведзя; але мне не ўдалося дабіць яго. Мядзьведзь ня выходзіў з аблогі, а ўсё хадзіў навокал і роў страшным голасам. Дзям‘ян дабіў яго. У мядзьведзя гэтага маім выстралам была перабіта ніжняя сківіца і выбіты зуб.

Мядзьведзь гэты быў вельмі вялікі і на ім прыгожая чорная скура.

Я зрабіў з яе чучала, і яна ляжыць у мяне ў пакоі. Раны ў мяне на лобе загаіліся, так што толькі чуць-чуць відаць, дзе яны былі.