Перайсці да зместу

Гісторыя беларускае літэратуры (1921)/III/Народніцкая пара/М. Косіч

З пляцоўкі Вікікрыніцы
А. Пшчолка М. Косіч
Падручнік
Аўтар: Максім Гарэцкі
1921 год
А. Абуховіч

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




М. Косіч прыметна ў беларускай літэратуры, як першая прадстаўніца жанчын і пясьнярка з усходня-паўдзённых узьмежкаў Беларусі. Магчыма, што на родную ніву прыйшла яна з чужога маскоўскага поля пад уплывам і прыкладам украінскіх пісьменьнікаў, у блізкім суседзтве з каторымі жыла. З яе беларускай літэратуры вядома этнографічная работа. („Ліцьвіны-беларусы Чарнігаўшчыны“, 1902 г.), вершававыя апавяданьні і пераклады. Родную старонку пісьменьніцца вельмі любіць і апісуець яе з любасьцю і шчырым пачуцьцём, беларускую мову ўмее таксама добра, але тэхнікай верша валадаець зусім слаба, дзеля чаго і літэратурная вартасьць яе твораў дужа абніжаецца. Апавяданьні Косіч маюць характар паўчаючых народ кніжачак, як і популярныя брошуркі А. Ельскага. Так, „На перасяленьне, расказ цёткі Домны з Палесься“ (Чарнігаў, 1903 г.), засьцерагае беларусаў ад лёгкадумнага перасяленьня ў Сыбір; аўтор у найлепшых словах расхвалівае сваё сяло, свой край, сваю прыроду, дзе ўсяго ёсьць для чалавека даволі, дзе і клімат, і жыцьцё, і ўсё добрае, і малюець расставаньне з родным кутком, калі быццам кожды кусточак плачаць. Пераклады баек Крылова (Чарнігаў, 1903 г.) часам пераходзяць у простую пераробку; пясьнярка любіць дадаваць ад сябе моральную навуку, зьвязаную з падзеямі ў яе меснасьці. З ідэйным рухам беларускага адраджэньня літэратура Косіч відных зьвязкаў ня маець.