Гісторыя беларускае літэратуры (1921)/III/Народніцкая пара/А. Абуховіч
← М. Косіч | А. Абуховіч Падручнік Аўтар: Максім Гарэцкі 1921 год |
В. Арлоўскі → |
Альгерд Абуховіч.
(1840 — 1905).
А. Абуховіч быў родам са Случчыны. Вучыўся ён у гімназіі ў Слуцку, жыў нейкі час у Кіеве і ў эміграцыі ў Парыжы. Некалі надта багаты пан, пад канец жыцьця Абуховіч зусім згалеў. У родным Слуцку быў ён пазьней вучыцелем у кальвінскай гімназіі. Пісаў пабеларуску многа, але творы яго блізка што зусім не трапілі ў друк сваім часам, дык можна думаць, што значная частка рукапісаў пагінула. Перакладаў Міцкевіча, Кандратовіча (Сыракомлю), Лермантава; пісаў орыгінальныя байкі, сатыры на паноў і пакінуў цікаўныя мэмуары, частка якіх друкавалася ў віленскай беларускай газэце „Гоман“ у 1916 годзе. Некалькі баек Абуховіча надрукована ў календарох (1915 г.) і ў школьных чытанках. На сваіх беларускіх творах ён падпісываўся Графам Бандынэлі—па прозьвішчу свае бабкі, знатным панскім родам каторай дужа гардзіўся.
Байкі Абуховіча напісаны на агульна-вядомыя сюжэты. Некаторыя з іх перароблены з Крылова („Старшына“). Але ў кожную байку аўтор унасіў беларускі дух і склад, рабіў іх зусім беларускімі; на байцы „Ваўкалак“, да прыкладу, ляжыць адбітак народнай творчасьці, да яе сюжэту Абуховіч сьвядома дадаў нацыянальна-беларускі элемент.
Мэмуары Абуховіча, пазначаныя 1904 і інш. гадамі, малююць людзей і стан жыцьця на Беларусі ў другой палавіне 19-га сталецьця, прычым пагляды аўтора маюць соцыяльную акраску; у мэмуарах шмат ёсьць біаграфічнага матар‘ялу. Зьмест іх вельмі разнаабразны і цікаўны. Есьць і даволі мастацкія апісаньні (падарожа ў Кіеў на конях), але галоўная іх вартасьць літэратурна-гістарычная. Тагачасную кіеўскую моладзь аўтор славіць за дэмократычнасьць і хлопаманства. Аб сваіх часох ён піша гэткія успаміны: „Растучы, я разьвіваўся, а перада мною што раз харашэй рассьцілаўся сьвет; на царскім троне сеў слаўнай памяці Аляксандар Другі, насталі часы, аб каторых можна сказаць, што людзей нікчэмных тады ня бачылі. Ня стала-б паветра для подлых інстынктаў. Няхай цяперашняе пакаленьне заздросьціць, што я на гэта глядзеў сваімі вачыма“. Аднак, Абуховіч мусіў зазначыць, што міла было-б успамінаць патрыярхальныя часы праўдзівага дастатку і выгоды, каб ня дзьве асобнасьці тых часоў: дужа дрэнная ўлада і сьвіст розаг. З абурэньнем пішаць ён аб тым, як секлі яго сучасьнікі людзей, і падчырківае, што сярод такіх сучасьнікаў былі і экс-дзекабрысты! На ўспамінах Абуховіча адбілісь два галоўных наслаеньні веку: панскі романтызм і народніцкае „хлопаманства“; соцыяльнай сьвядомасьці Багушэвіча ён ня меў, таксама як і ясна вызначаных нацыянальных жаданьняў. Тымчасам яго пагляд на літэратурнае разьвіцьце беларускай мовы быў правільны і дальнавідны. Калі Багушэвіч заўважыў, што ў яго ня ўсюды бываюць ўласьцівыя беларускай мове акцэнты (націскі), Абуховіч адпісаў так:
У гаворцы есьць разьніца, |
Дадаўшы да гэтага вершыка колькі слоў аб тым, што ў беларусаў ёсьць многа дыялектаў з розьніцай ня толькі ў акцэнтах, але і ў цікавых провінцыялізмах, Абуховіч піша гэтак: „Мне перш за ўсё ідзе аб тое, каб высказаць, што я хачу, каб пачулі мысьль маю і каб словы каранныя беларускія пры помачы нашай літэратуры атрымалі як найшырэйшае абывацельства. І дзеля гэтага я не сьцясьняю свайго дыялекту, ужываючы словы і звароты агульна - беларускія. Гэтак паступаючы, я кладу ў літэратуру свой прыродны дыялект беларускай мовы, даючы найлепшае з яго. У канцы невядома яшчэ, каторы дыялект беларускі пераможа. У Францыі—сьперша дыялект провінцыі Langen d‘Oe меў перавагу ў францускай літэратуры, а пазьней—Langen d‘Oni цяперашняя францушчына. Гэта трэба памятаць і нашым літэрататарам і пурытанізмам не забаўляцца!“