Воўк

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Воўк
Верш
Аўтар: Янка Купала
Крыніца: http://rv-blr.com/vershu/view/1229


Топчучы верас і мох
Цёмных імшараў і лоз,
Выбрыў на сонны разлог,
На аплясьнелы пакос.

Зубам ляскоча аб зуб,
Вочы палаюць агнём;
Стаў, як калода, як слуп,
Стаў і азваўся выцьцём.

Выў сярод дрэмлючых ніў,
Як бы на суд каго зваў,
Хто сатварыў, спарадзіў,
Хто узрасьціў, гадаваў.

Ноч – ён на вырай, на жыр;
Дзень – у бярлогу, як смоўж...
Пустка удоўжкі і ўшыр,
Пустка ушыркі і ўдоўж...

Выў ён, а рэха ўсё ўдаль
З рогатам дзікім плыло,
Толькі ня віўся ў ім жаль...
Рэха пракляцьце нясло.

(1910)