Вайна і пажар…
На вогнішчы людзі
Жывуць басымі.
— Няўжо ж гэтак і будзе?
Свой уласны дар
У чужых просім мы?
Працуй — на пана,
Працуй — на падпанка
Жыць стала пагана.
А тут яшчэ з самага ранку
Усякі чорт лезе ў балота
Ну, й ёсьць-жа людзям. ахвота?
Крыжам-бы іх — каля плота,
Ды — трах!
Які тут страх?!.
А ты маучыш.
Цягвучы сам цяжкі крыж.
Крыжамі уставілі поле, —
Пад крыжамі — магілы,
Шлях класьці да Волі
У людзей няма сілы.
— Эх, жыві, як папала…
А для жыцьця мала
Аднаго толькі хлеба.
Пагуляць бы, душу адвясьці!…
Эх!… пусьці!!!
На усходзе зардзелася неба;
Нібы золата падаюць косы,
На зямлі — агнявыя палосы, —
Дзень новы, новыя ночы,
Век новы: агню, дыму, попелу…
Будзе шмат каму горача,
Нам толькі цёпла,
Дармо, што мы босыя!
— Пажар на Усходзе!
Таварышы, ур-р-ра!
— Што вы, шалёныя, годзе!
Што вам ня шкода дабра?
Усё, што зьбіралі вякамі,
Сёньня марнее ў вагні…
— Маўчы! Мы цябе кулакамі,
Чуеш?! Ні-Ні!
Цэрквы, палацы, харомы, —
Памяць мінулага, — з дымам!
Што не запалім мы — зломім!
Зьнізу наверх Ўсё падымем!
Страшна вам? страшна?
Пажару агонь ломіць вочы?
Затое нам відна уночы.
Ня ліце крыві — не пагасьне.
Маліцеся, грэшныя, небу,
Рукі угору узьняўшы.
Вас не паслухаюць хмары.
Таварышы!
Што нам трэба?
— Пажа — ары!
І пылае мур струхнелы,
Іскры скачуць па страсе.
Раптам вецер, вецер сьмелы,
Крыж чырвоны вам нясе.
— Адным крыжам будзе болей,
Шэпча змучаны народ, —
На крыжы чытаюць: «Воля».
— Братцы! Гляньце на Усход!
Тож агонь, агонь збавеньня
Нам нясе чырвоны Крыж.
Братцы, песьню вызваленьня!
Люд гаротны, што, маўчыш?
Паняслася песьня волі
Між лясоў густых, балот…
І аб лепшай вольнай долі
Стаў для рэчкі пець чарот.
Крыжы… курганы на балоці
Заросшыя дзернам магілы —
Усё ў вогненнай зябў пазалоце:
Бушуюць дзьве страшныя сілы, —
Змагаюцца: праца з багацьцем;
Сьвет новы жыцьцё ўтварае: —
Зышліся дзьве моцныя раці,
І праўда няпраўду змагае.
Глядзяць, пацяшаюцца людзі,
Зюзюкаюць бабы паціху:
— Цяпер мо‘ і нам добра будзе?
Забудзем бяду ўсю і ліха.
— Баіцца наш пан непаседа,
Нябось, яго кончыцца песьня!
— Ня будзем больш мець дармаеда
Да працы сам пойдзе, аж трэсьне! —
— Стойце, хлопцы! будзь на месцы.
Ня кідайце на бяду…
— А казаў паганы ў Брэсьце,
Што вайною не пайду…
А цяпер — глядзі! Ну, дзіва?!
Пачакайце… як-жа нас?
— К вам мы прыдзем, прыдзем жыва,
А цяпер мы: раз — два! — раз!!!
Пры запаленых будынках,
Чуем плач мы беднаты…
— Дзе-ж цяпер, шукаць прыпынку?
Ці даваць мо‘ ла-та-ты?…
Пан з падпанкамі рагоча,
Гладзіць тоўсты свой жывот
І пад нос сабе бармоча:
— Йдзе Хвядот, але ня тот!
Над палямі Белай Русі
Стогне віхар-бура…
— Зноў прышлі дзянькі прымусу —
Шэпча люд пануры.
Арол чорны ўецца ўвысі,
Крыльлямі махае,
Над пахілымі крыжамі
Песьню напявае;
Чуе пах сваёй ахвяры,
Когці распраўляе,
Уніз спусьціцца — там пажары,
Дымам павявае.
І змагацца стаў угоры
З бураю мяцежнай…
Рэжа крыльлямі узоры
У небе чорнасьнежным
А на зямлі — даждаліся раю:
Старыя лады і манеры,
У пагонах ідуць афіцэры…
— Упакой раба Мікалая…
— Аляксея на многія лета…
Босыя кажуць: што гэта?
З кукардай, акуляры на нос,
Чыноўнік на скверы гуляе…
У кішэні няма папірос, —
Мусіць шмат зарабляе?
На захараўскай вупіцы
Дзень, як узьдзене чорны халат,
(Толькі песьня чуваць блудвіцы: — Палюбі ты хоць трошкі, камрад!
А босы ходзяць па попелу,
На Усход пазіраюць з надзеяй:
— Покуль што нам яшчэ цёпла,
Але мы вам успомнім,
Зладзеі!…
Бура страшная вырвала пер‘я
Арлу чорнаму увысі…
— Зямля! ах, зямля, цяпер я
Уніз палячу — сьцеражыся!…
І рэха адклікнула: «ах!..»
Буржуі крычаць: «які страх!..
Вось цяпер нам будзе скок»..
Дружна, роўна крок у крок
Йдуць Чырвоныя палкі,
І чуваць напеў стары:
— Эх, сякі-такі,
Чорт вас пабяры!..
Босыя спаткалі іх:
Гоман, жарты, крык…
— Туды бег, назад прыехаў,
Бач ты, бальшавік! —
Босым дарогу!
Поп, памаліўшыся богу,
З цэрквы ідзе па завулку:
— «О времена ныне…»
А ў разьбітай вітрыне
Спэкулянт шукае булку.
Чыноўнік казённай палаты
Скінуў парадны сурдут…
Бурчыць пад нос: «праклятыя!
Зноў яны тут!»
Паны заграніцу
Давай бог ногі… Гром… навальніца…
— Б-о-сы-м д-а-р-о-г-у! …
Паўцякалі? Ну так што-ж!
На вогнішчы, басанож,
Пагуляем… Эх, глядзі!
Бедната ўся, выхадзі!
Учора там, а сёньня тут
Буржуазеі капут!…
Зноў гуляем па балоце!
У войска, братцы — па ахвоце…
Ухапіўшы сваю частку,
Расчынілі людзі пастку:
— Вой, вой, вой!..
Будзе бой!..
Чырвоным завешаны вуліцы,
Вокны, балконы і плот,
Белы дом толькі журыцца:
Ня йдуць туды на сход…
Чытаюць адны пацеры, —
У бога пытаюць як быць?..
А босыя на сабраньні
Пасылаюць к… мацеры…
Пану даволі служыць —
Вось наша заданьне!
— А як-жа? Кім будзем звацца?
— Як-жа будзе вось гэта ды тое?
— Давайце ўсе разам змагацца,
Пакуль ня зьнішчым старое!..
Замоўклі яны, — ні слова
Чакаюць другога адказу…
Толькі шэпчуць, стуліўшы галовы:
— Паслау бог бальшавіцкую заразу.
Зноу мы безгалосыя,
І цярпі, як сабака шалёны:
Уласьць усю забралі босыя,
А іх тут — міліены!..
Ня ціхне бура. Стогне лес…
На усе лёды віхура сьвішча,
Лясун стары к русалкам зьлез
Спрауляць над возерам ігрышча.
Чырвоны колер ціхіх хваль…
У іх відаць адбітак неба.
І з тых краёу, дзе сьмерць і баль,
Руччы крывавыя шле глеба.
Русалкі скачуць з лясуном:
Музыка грае: «бух ды бразь!»
І вось, хто спау адвечным сном,
Усплыу над возерам: «сам князь!»
Ня далі спаць. Вайна, агонь
Руйнуе усю яго, краіну;
Пад ім стаяць ня хоча, конь.
І кліча князь сваю дружыну…
Русалак рогат… Ночы ціш…
Пужаюць князя над вадою…
Адказ чуваць: «чаго крычыш?
Твая дружына там, з табаю».
— А дзе паслухны мой народ?
Ен за мяне у бойцы ляжа?..
І чуе шум крывавых вод:
— Цяпер ён сам сабою княжыць —
І злосна князь рвануў каня,
Падняў уверх пярэдні ногі,
На усход зірнуў, дзе золак Дня,
Дзе кроўю змочаны дарогі.
Вось чуе раптам: «бух ды бразь!»
У саму поунач ціхай ночы…
І зноу паплыу на дно наш князь,
Закрыушы шлемам твар і вочы.
Блакітна-белы князя цень,
Заслау усё возера туманам.
І ходзяць хвалі ноч і дзень,
Шумяць і вечарам і рана.
Лясун, русалкі там рагочуць,
К сабе усіх маняць, кажуць: «Глянь!»
У вадзе чырвонай шмат хто хоча
Уночы бачыць князя здань.
На вогнішчы стала пячы.
На вуліцы вецер… бура…
— Трэба уцячы,
Каб была цэлая скура.
— А мы, босыя, адступаем…
Не дадзім ахвотаю
Новай зямлі,
Таварышы, страляем!
Ротаю!..
Плі!..
Разлягаецца грук…
Чорны жук
І павук
Сядзяць у падвале, слухаюць,
Баяцца выткнуць жывот,
Дзеці сабачыя!
Босыя патыліцы чухаюць,
Пазіраюць праз плот,
У кулак плачуць:
— Бач, нашы пауцякалі,
Куды дзявацца нам?
Зноу служыць панам
Мы прычакалі?..
Людзей мала на вуліцы.
Ноч прышла, горад — пустка,
Толькі новы крык чуецца:
— «Пшэ-пу-устка!!»
Застагналі вёскі і сёлы…
Брычка стаіць для сьвятлічкі.
А горад схаваўся у касьцёлы:
Моліцца, чытае кантычкі,
— «Бэндзь люд спанялы…»
На шапку «ожал бялы», —
Блішчаць гузікі, —
Чыноўнік зноу на скверы
Лушчыць гарбузікі,
Думае, якой ён веры?
— Ах, халеры!
Каб дастаць работу,
Пытаюць, хто ты?
А босым холадна,
Абутым — голадна…
Жыць не ахвота.
Над балотамі дыміцца —
Згас агонь.
А па вогнішчы імчыцца
Белы конь.
Скача улева, скача управа,
Ня стрымаць.
Захацеу улан на славу
Пагуляць.
Раступіся, сьвет, дарога, —
Аднаму
— «За айчызну і за бога».
Што яму?!
Яго сіла, — яго права,
Есьць бізун…
Скача улева, скача управа
Конь-скакун.
Гэй, ляці, але дзяржыся,
Злы яздок,
Без пары не праваліся
У масток.
На вадзе ляжыць мост новы,
На агні,
Не праедзеш ты дубровы, —
Пагані!?
Усхадзіуся лес шумлівы,
Вые воук.
Конь спаткнууся палахлівы.
Стой яздок!
На балоце і на полі
Зноу агні.
Ня гуляць табе тут болей —
Павярні!
Вёскі і гарады
Дымам спавіты
Днём.
Уночы глянеш куды —
Неба абліта.
Агнём.
Сьлёзы… кроу на траве…
Як у магіле
Сьпіш
— Бач, чырвоны плыве
Па небасхілу.
Крыж.
Цёпла, і груганы
Усе на чужыне…
Эх!
Чуеш гоман? Яны!
Леташні гіне
Сьнег
Нам ня шкода бяры
Стужы зімовай
Цень.
Крыж! ты стань на гары:
Радзі нам новы
Дзень!
На вогнішчы басанож,
У руках вінтоўка, нож…
Здабываць галодным славу!
— «Даёш Варшаву!?»
— Нам ня трэба гарады: —
Волі сьцяг нясём туды,
Іскры гонім мы пажару.
Сьмялей ударым!
«Нам дарогу — уцякай!»
Чуваць крыкі: а-я-яй!..
Бач, улан астатні едзе, —
«Ах, цо то бэндзе?..»
А чырвоныя ідудь,
Песьні волі зноў пяюць,
Адусюль бягуць к ім людзі:
— Нам цёпла будзе!
Замоўклі песьні грознай сілы…
Адкуль прышлі? І хто яны?
Што рвуць няволі кайданы
І сыплюць сьвежыя магілы?..
Яны — байцы вялікай раці.
Іх хата там, дзе ёсьць прастор.
Няволя, крыўда — вось іх маці!
Ідуць яны да сонца й зор.
За імі йдзе, хто голы, босы,
У пакуце жыў ято цэлы век…
Дарогу чорны сьнег заносіць —
Загічуць можа чалавек.
— Загінуць? Што-ж! На той магіле,
Якая зможа прыгарнуць,
Вясною раньняй, урадлівай
Прыгожа кветкі зацьвітуць.
Прывабіць колер іх чырвоны,
Схіліць калені над пяском,
Таго, хто шле цяпер праклёны
І вострыць меч на нас тайком
— Браты, за намі! Кінь маленьне,
Хто праўдай жыць ня даў зарок…
Сьмялей!.. Нас будуць біць каменьнем:
Мы — нашых, вольных дней Прарок.
Босыя ходзяць па вуліцы.
Тыдзень ня елі стравы…
— Жыць будзем — нічога!
Буржуй за вугал туліцца,
Шэпча: «Дрэнныя іх справы…
Дзякуй богу!»
Хмары, дзе заход,
Падняліся…
— Што? Зноў непагода?
— Вецер! — крычыць народ, —
— Вецер, уздыміся!…
Вецер адказвае: «Згода!»
Хто слабы — дзяржыся!..
… Хто рэжа,
Таму не балюча.
Балюча — каго рэжуць.
— Цяжка жыць ваюючы.
… Зрабілі межы…
А вецер сьвішча, гудзе…
Сьціхнуць ня хоча. — Гэй, хто там ідзе?
Сьцягам белым махае?
Рагоча?!
Вецер, плюнь яму ў вочы!
— Пачакаю!…
Мы — дзеці краіны,
Дзе бура бушуе…
Мы на прадвечных руінах
Працы палац пабудуем.
Ня любяць нас — босых,
Хто век быў абуты…
На нас узіраецца скоса,
Хто, як і мы, быў закуты…
І вы, хто гымны пеў гаротным,
Хто ў цемру слаў жыцьця праменьні,
У рука раене каменьні,
І нас пабілі-бы ахвотна,
А можа Чырвань Сонца Волі
Вам асьляпіла раптам вочы…
А помніце, як вы кляліся
Братом, сялянам і рабочым!
Што вы ня здрадзіце — ніколі!
Пявун не прапяяў тры краты
Вы — адракліся…
Супастаты!!!
Бяз вас раць наша узрастае,
Рады шчыльнеюць, крэпне дух!
Вы чуйце! Песьня ня сьціхае:
«Паўстань, хто з голаду век пух!..»
Бягуць яны… Іх рукі, ногі,
У крыві… пякуцца на агні…
Куды бягуць яны дарогай,
Дзе страшна ехаць на кані?
Яны баяцца спатыкнуцца, — Ня ўсякі будзе верны конь…
Хутчэй каня яны вясуцца
З агню ў агонь і праз агонь…
Пакуты крыж чырвоным крыжам
Яны наважылі змагчы…
Што шаг — пабеда бліжай, бліжай.
Іграйце песьню трубачы!
Тру-ру-ру, тра-та-та!
Гэй, за намі, бедната!
На дарозе макрата…
Тру-ру-ру, тра-та-та!
Тухне вогнішча ў крыві,
Песьню йграйце: «дзінь-дзі-ві!»
Каго зловіш разарві,
Хто ня наш — таго даві…
Босы хто — за намі ўсьлед,
Хто убогі, хто разьдзет…
Гэй, за намі — ў новы сьвет!…
Цёпла там і там прастор,
Небасхіл там повен зор…
Сонца тчэ жыцьця вузор!..
Там спачынеш, бедната…
Тру-ру-ру тра-та-та!
Бягуць яны… Іх ловяць, вочы,
Золата-сонечны прамень,
Які і родзіць з цемры ночы
Вялікай будучыны дзень…
Што шаг — пабеда бліжай, бліжай…
Штандар чырвовы на плячы…
Чым крыж цягнуць лепш спаць пад крыжам
Іграйце песьню, трубачы!!!
|