Як у госці сын прыехаў —
А да маці, а не з блізка, —
Яе шчасце, яе ўцеха,
Ад пялёнак, ад калыскі, —
Запрашала у святліцу,
За дубовы стол саджала…
Слёзы капалі расіцай,
Што сынок такі удалы.
Частавала белым сырам,
Хлебам сітным, мёдам пчолім,
Заклікала шчыра-шчыра
Не чурацца хлебам-соляй.
І цікавілася маці —
Сэрца матчына, вядома, —
Як на службе там дзіцяці,
Ці там лепей, ці мо‘ дома?
А суседкі каля вокнаў,
Як-бы ўбачылі праяву:
— Які чысты, які стройны,
Які з твару малажавы!
— Дома добра, там не горай,
Там не горай, а мо‘ й лепей, —
Сын разважліва гавора,
Сэрца смуткам не зачэпе.
— Ты адно падумай добра, —
Служу ў Арміі Чырвонай,
Служу ў конніцы харобрай,
Дзе начальнік сам Будзённы.
Я таксама камандзірам,
Хоць служу другое лета,
Глянь, адзнака на мундзіры,
За заслугі-ж усё гэта.
А парадак там у войску,
Кожна ўлічана хвіліна.
Ой, далёка нашым вёскам
Да такое дысцыпліны!
І ні суму, ні дакукі,
Час імчыцца, нібы хвалі,
Пасцігаем і навукі —
Болей знаем, як мы зналі.
А ўжо коні, нашы коні!
Ці то суха, ці разводдзе —
Буйны вецер не дагоне,
Шлях пярун не загародзе.
Байцы-ж нашыя — героі.
Ты не знойдзеш гэткіх армій.
Што за выпраўка у строі,
Што за послух у казарме!
А суседкі каля вокнаў,
Як-бы ўбачылі праяву:
— Які чысты, які стройны,
Які з твару малажавы!
— А ты парад як быў нядаўна,
Ты й не бачыла й не чула —
Гэткі важны, гэткі слаўны,
Колькі бляску, колькі гулу!
Во спачатку йдзе пяхота,
За ёй конніца і танкі,
На машынах едуць роты,
А там — быстрыя тачанкі.
За тачанкамі — гарматы —
Палявыя і марціры,
А пад небам — рой крылаты —
Самалётаў цэлы вырай.
Як зірнеш, дык ажно люба!
Галава аж ходам ходзіць!
Во, дзе ворагу загуба,
Калі ўздумае нам шкодзіць!
А музыкі граюць маршы
Ў нечуваным ладзе-складзе,
Граюць маршы і мне такжа,
Бо я такжа на парадзе.
А суседкі каля вокнаў,
Як-бы ўбачылі праяву:
— Які чысты, як стройны,
Які з твару малажавы!
— Ды скажу табе я мілай:
Дзень той быў ў нас няштодзенны:
Сам таварыш Варашылаў
Прынімаў парад ваенны.
Невысокі сабе ростам,
Не высокі і не нізкі,
І такі вясёлы, просты,
Хоць далёкі, а так блізкі!
А свой погляд, свой юначы,
Калі кіне, бы зарніца, —
Сэрца з радасцю заскача,
Кроў адвагай забурліцца.
Адным словам, свой брат родны,
Адно хочаш, мая маці,
Быць яго дастойным, годным,
За яго жыццё аддаці.
Конь пад ім, прост, вярнігора!
А як скача, як гарцуе!
Ён вачыма лічыць зоры,
Ён вушамі вайну чуе.
Вайну чуе, броў не хмура,
Толькі бліскаюць падкоўкі,
Бо яздок на ім што бура,
З віхрам пойдзе ў перагонкі.
Нашай Арміі Чырвонай
Камандзір над камандзіры,
За ім пойдзеш, хоць сягоння
Цераз пушчы, цераз віры.
У міжбур‘е з ім жыць міла,
Лёгка-ж будзе і ў паходзе.
Во, які наш Варашылаў!
Во, які наш палкаводзец!
Так у госці сын прыехаў —
А да маці, а не з блізка, —
Яе шчасце, яе ўцеха
Ад пялёнак, ад калыскі.
Нездарма вяла ў святліцу,
За дубовы стол саджала,
Слёзы капалі расіцай,
Што сынок такі удалы.
Нездарма там каля вокнаў
Цёткі гутарылі жвава:
— Які чысты, які стройны,
Які з твару малажавы!
|