Перайсці да зместу

Беларусі ордэнаноснай (1937)/Песня трактарысткі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Як у госці сын прыехаў Песня трактарысткі
Верш
Аўтар: Янка Купала
1937 год
Дзве дзяўчыны
Іншыя публікацыі гэтага твора: Песня трактарысткі (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПЕСНЯ ТРАКТАРЫСТКІ

Трактар, мілы трактар,
Сталінец мой слаўны,
Пахавалі гора
Мы з табой нядаўна.

Пахавалі гора,
Гора ды няволю,
Як пайшлі з табою
Па шырокім полю.

Сонца нам смяецца,
Нібы строіць жарты,
Месячык святляны
Служыць нам за варту.

А вецер гуляе,
Абівае росы,
Косы расплятае,
Мае русы косы.

Трактар, мілы трактар,
Сталінец мой слаўны,
Пахавалі гора
Мы з табой нядаўна.

Мы ідзем з табою
Ў новы свет і людзі,
Новы шлях цярэбяць
Твае, мае грудзі.

Зложым з табой казкі,
Песні з табой зложым,
Радасці і шчасця
Краіне прымножым.

З табою аб‘едзем
Навакола света,
Людзі нас сустрэнуць
З вясёлым прыветам.

Песняй прывітаюць
Каля кожнай хаты,
Кветкамі абсыпяць
Нас з табой дзяўчаты.

Трактар, мілы трактар,
Сталінец мой слаўны,
Пахаваны гора
Мы з табой нядаўна.

Я цябе пакіну
На вольную волю, —
Даляцець да сонца
Мяне кліча доля.

Паляту я, трактар,
Сталінец мой слаўны,
Дзе воблакі ходзяць,
Плаваюць дзе плаўна.

Даляту да зорак,
Вольная дзяўчына,
Стуль табе, мой мілы,
Адну зорку скіну.

І пашлю ад сонца
Табе прывітанне
Аб маім вялікім
Да цябе каханні.

Трактар, мілы трактар,
Сталінец мой слаўны,
Пахавалі гора
Мы з табой нядаўна.

З табою паедзе
Стаханавец новы,
Гэткі ўдалы, стройны,
Стройны, светлабровы.

З ім ты будзеш скарбы
Здабываць з зямелькі,
А ён будзе рады,
Як той рыцар нейкі.

Аба мне ён будзе
Думкі думаць міла,
Што з табой сядзела,
Сны дзявочы сніла.

Трактар, мілы трактар,
Сталінец мой слаўны,
Пахавалі гора
Мы з табой нядаўна.

Менск. 7/VI-36 г..