Перайсці да зместу

Беларусі ордэнаноснай (1937)/Удосветак

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Восень (Села пад пушчаю восень) Удосветак
Верш
Аўтар: Янка Купала
1937 год
Мароз
Іншыя публікацыі гэтага твора: Удосвітак.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




УДОСВЕТАК

Яшчэ певень пець не масціцца,
Не згасла ніводная зорка, —
У хаце дыміцца газніца,
У хаце ўжо чутна гаворка.

За прасніцай з мяккай кудзеляй!
Папрадуха сучыць пры сценцы,
За нітачкай нітачку сцеле,
Вурчыць і вурчыць вераценца.

Хоць мілы сон клеіць павекі,
Хоць будзіць пасцель успамінак,
Дзяўчына сон гоніць наўцекі,
Расце і таўсцее пачынак.

*

А ў полі заходзіцца бура,
Разносяцца жальбы і стогны,
Страхою калоціць віхура,
Дождж хвошча па шыбах сцюдзёны.

Пуцінай брыдзе падарожны,
Куды ён прыдзе, не згадаці,
Паглядкаю сочыць трывожнай
Сцяжыну ў балоцістай гаці.

Над ім небам з хмарамі вісне,
Цямрыца, дзе вокам ні кінуць;
Няўжо-ж вогнік з хаты не блісне,
Няўжо-ж падарожнаму гінуць?

*

Папрадуху зморы абселі,
У руках вераценца не скача;
Галоўку схіліла к кудзелі,
І дрэмле, і сон дзіўны бача.

Ёй сніцца, што знекуля хтосьці
Спяшыць у дарозе дахаты,
Што ён так спяшыць к ёй у госці,
Такі малады і багаты.

І ўсмешка ўсцвіла маладая,
І кроў забурліла крыніцай…
Ёй сніцца… Дый хто там згадае,
Што ўдосвет папрадусе сніцца?..

10-XI 1918 г.